2 Самуэля 12 глава

Другая кніга Самуэля
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І паслаў ГОСПАД Натана да Давіда, і ён прыйшоў да яго, і сказаў яму: «У адным горадзе жылі два чалавекі, адзін быў багаты, а другі — бедны.
 

Багаты меў вельмі шмат авечак і валоў.
 

А бедны ня меў нічога, апрача адной малой авечачкі, якую купіў. Ён карміў яе, і яна расла пры ім разам з дзецьмі ягонымі, і ела пасілак ягоны, і піла з кубка ягонага, і спала каля яго, і была яму быццам дачка.
 

І прыйшоў госьць да чалавека багатага, але яму было шкада браць авечак сваіх і валоў сваіх, каб прыгатаваць ежу падарожніку, які прыйшоў да яго. І ўзяў ён авечку беднага чалавека, і прыгатаваў страву чалавеку, які прыйшоў да яго».
 

І Давід запалаў гневам на чалавека таго, і сказаў Натану: «Як жывы ГОСПАД, варты сьмерці той чалавек, які так зрабіў.
 

А за авечку няхай аднагародзіцца ў чатыры разы за тое, што так зрабіў і што не пашкадаваў яго».
 

І сказаў Натан Давіду: «Ты — той чалавек! Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я памазаў цябе на валадара над Ізраілем і Я выратаваў цябе з рукі Саўла,
 

і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлоньне тваё, і аддаў табе дом Ізраіля і Юды, а калі яшчэ гэтага табе замала, дадаў бы табе яшчэ болей.
 

Дык чаму ты пагардзіў словам ГОСПАДА, робячы тое, што ліхое ў вачах Ягоных? Урыю Хета ты забіў мячом, а жонку ягоную ўзяў сабе за жонку. Ты забіў [Урыю] мячом сыноў Амона.
 

І цяпер меч не адступіць ад дому твайго на вякі за тое, што ты пагардзіў Мною і ўзяў жонку Урыі Хета, каб была жонкай тваёй”.
 

Гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я навяду на цябе бяду, якая [выйдзе] з дому твайго, і вазьму жонак тваіх на вачах тваіх, і аддам іх бліжняму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі на вачах сонца гэтага.
 

Бо ты зрабіў тое патаемна, а Я зраблю гэта перад усім Ізраілем і перад сонцам».
 

І сказаў Давід Натану: «Саграшыў я перад ГОСПАДАМ!» І сказаў Натан Давіду: «ГОСПАД зьняў з цябе грэх, ты не памрэш.
 

Але як ты праз [грэх свой] пагрэбаваў зьнявагамі ворагаў ГОСПАДА, сын, які народзіцца ў цябе, памрэ».
 

І Натан пайшоў у дом свой, а ГОСПАД дакрануўся дзіцяці, якога нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно захварэла.
 

І прасіў Давід Бога за хлопчыка, і посьціў Давід пастом, і прыйшоў [у Дом Божы], і начаваў [там], і ляжаў на зямлі.
 

І сталі старшыні дому ягонага над ім, каб падняць яго з зямлі, але ён не хацеў, і ня еў хлеб з імі.
 

І сталася ў сёмы дзень, што памерла дзіцятка, і слугі Давіда баяліся паведаміць яму, што дзіця памерла, бо гаварылі яны: «Калі яшчэ дзіця жыло, гаварылі мы да яго, але ён не хацеў слухаць голасу нашага. А цяпер як можам сказаць: “Дзіця памерла”. Можа зрабіць ён [сабе] нешта благое».
 

І ўбачыў Давід, што слугі ягоныя шэпчуцца між сабою, і зразумеў Давід, што дзіця памерла. І сказаў Давід слугам сваім: «Ці памерла дзіця?» І яны сказалі: «Памерла».
 

І падняўся Давід з зямлі, і памыўся, і намасьціўся, і зьмяніў адзеньне сваё, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА, і пакланіўся. І вярнуўся ў дом свой, і папрасіў, каб далі яму хлеб, і еў.
 

І сказалі яму слугі ягоныя: «Чаму гэта робіш? Пакуль яшчэ дзіця жыло, ты посьціў і плакаў, а калі дзіця памерла, ты ўстаў і ясі хлеб?»
 

І сказаў [Давід]: «Пакуль дзіця жыло, я посьціў і плакаў, бо я казаў сабе: “Хто ведае, можа, ГОСПАД зьлітуецца, і дзіця будзе жыць?”
 

А цяпер [дзіця] памерла.Навошта маю посьціць? Ці ж я змагу яго вярнуць? Я пайду да яго, але яно да мяне ня вернецца».
 

І суцяшаў Давід жонку сваю Батшэву, і ўвайшоў да яе, і спаў з ёю. І яна нарадзіла яму сына, і ён даў яму імя Салямон. І ГОСПАД палюбіў яго,
 

і паслаў да яго, і праз прарока Натана даў яму імя Едыдыя паводле загаду ГОСПАДА.
 

А Ёаў ваяваў супраць Раббы сыноў Амона, і здабыў горад валадарства.
 

І паслаў Ёаў пасланцоў да Давіда, і сказаў: «Я ваяваў супраць Раббы і здабыў Горад водаў.
 

І цяпер ты зьбяры рэшту народу, і стань аблогаю вакол гораду, і здабудзь яго, бо калі я здабуду горад, ці ж ня імем маім будзе ён названы?»
 

І Давід сабраў увесь народ, і пайшоў на Раббу, і ваяваў супраць яе, і здабыў яе.
 

І ўзяў ён дыядэму з галавы Мількома, вага ейная — талент золата, і камень каштоўны [на ёй], і была яна на галаве Давіда. І вынес ён з гораду вельмі вялікую здабычу.
 

А народ, які ў ім, ён вывеў і паклаў пад пілы, ламы жалезныя і сякеры жалезныя, і вывеў іх у печы цагельныя. Так учыніў ён з усімі гарадамі сыноў Амона. І вярнуўся Давід і ўвесь народ у Ерусалім.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.