2 Самуйлава 3 глава

Другая кніга Самуйлава
Пераклад Яна Станкевіча → Русского Библейского Центра

 
 

І была даўгая вайна памеж дому Саўлавага й дому Давідавага. І Давід усе болей а болей сіліўся, а дом Саўлаў болей а болей слабеў.
 

І радзіліся ў Давіда сыны ў Гэўроне; і быў пяршак ягоны Амнон ад Агіноамы Ізрэелянкі;
 

А другі ягоны Хілеаб ад Авіґаілы, жонкі Наваловае, Кармілянкі; трэйці — Аўсалом, сын Маахі, дачкі Фалмая, караля Ґешурскага;
 

Чацьверты — Адоня, сын Гаґіфы; пяты — Шэфата, сын Авіталы;
 

Шосты — Іфрэам ад Еґлы, жонкі Давідавае. Яны радзіліся ў Давіда ў Гэўроне.
 

І было, як была вайна меж дому Саўлавага й дому Давідавага, што Аўнір памагаў дому Саўлаваму.
 

У Саўлы была мамошка, імям Рыцпа Аянка. І сказаў Ішбошэф Аўніру: «Чаму ты ўвыйшоў да мамошкі айца майго?»
 

І вельмі прыкрыя былі Аўніру словы Ішбошэфавы, і сказаў: «Ціж я сабачая галава? Я супроці Юды ўчыніў цяпер добрасьць дому Саўлаваму, айца твайго, братом ягоным а прыяцелям ягоным, і не аддаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш цяпер ізь мяне бяспраўе што да жонкі.
 

Тое а тое хай зробе Бог Аўніру і яшчэ болей зробе яму! Бо як прысягаў СПАДАР Давіду, так і зраблю яму,
 

Каб перадана было гаспадарства ад дому Саўлавага, і пастаноўлены пасад Давідаў над Ізраелям а над Юдаю, ад Дану аж да Веер-Шэвы».
 

І ня мог Ішбошэф адказаць Аўніру, бо баяўся яго.
 

І паслаў Аўнір ад сябе паслоў да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?» Кажучы: «Зрабі змову з імною, і вось, рука мая з табою, каб абярнуць да цябе ўсяго Ізраеля».
 

І сказаў: «Добра, я зраблю змову з табою, адно прашу ў цябе аднаго, кажучы: ты не абачыш віду майго, пакуль не прывядзеш із сабою Міхалы Саўлішкі, як прыйдзеш абачыцца з імною».
 

І паслаў Давід паслоў да Ішбошэфа Саўлянка, кажучы: «Аддай жонку маю Міхалу, каторую я адзяржаў за сто пярэдніх скурак Пілісцкіх».
 

І паслаў Ішбошэф, і ўзяў яе ад мужа, ад Палтыеля Лаішонка.
 

Пайшоў ізь ёю й муж ейны, ідучы й плачучы па ёй, аж да Багурыму; і сказаў яму Аўнір: «Ідзі назад». І ён зьвярнуўся.
 

І было слова Аўнірова да старцоў Ізраельскіх, кажучы: «Таксама ўчора, таксама заўчора вы шукалі Давіда, каб караляваў над вамі.
 

Цяпер зрабіце гэта, бо СПАДАР сказаў Давіду, кажучы: «Рукою слугі Свайго Давіда Я выбаўлю люд Свой, Ізраеля, з рукі Пілішчан і з рукі ўсіх непрыяцеляў ягоных».
 

І казаў таксама Аўнір у вушы Веняміну. Пайшоў таксама Аўнір, каб казаць у вушы Давіду ў Гэўроне ўсе, што было добрае ў вачох Ізраеля і ў вачох усяго дому Веняміновага.
 

І прышоў Аўнір да Давіда да Гэўрону а зь ім дваццацёх чалавекаў, і зрабіў Давід чэсьць Аўніру а людзём, былым ізь ім.
 

І сказаў Аўнір Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да спадара свайго караля ўвесь люд Ізраельскі; і яны зробяць змову з табою, і будзеш караляваць над усімі, як жадае душа твая». І паслаў Давід Аўніра, і ён пайшоў у супакою.
 

І вось, слугі Давідавы а Ёаў прышлі з аддзелу, і здабытку шмат із сабою прынесьлі; яле Аўніра ўжо ня было з Давідам у Гэўроне, бо паслаў яго, і ён пайшоў у супакою.
 

І Ёаў і ўсе войска, што зь ім, прышлі, і Ёаву паведалі, кажучы: «Прыходзіў Аўнір Ніранок да караля, і тый паслаў яго, і ён пайшоў у супакою».
 

І прышоў Ёаў да караля, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыходзіў да цябе Аўнір, чаму ты паслаў яго, і ён свабодна пайшоў?
 

Ты знаеш Аўніра Ніранка; ён прыходзіў ашукаць цябе, даведацца выхад твой і ўход твой, і ўзьведаць усе, што ты робіш».
 

І вышаў Ёаў ад Давіда, і паслаў ганцоў за Аўніром, і зьвярнулі яны яго ад студні Сыра, а Давід ня ведаў.
 

І зьвярнуўся Аўнір да Гэўрону, і Ёаў адвёў яго да сярэдзіны брамы, каб пагутарыць ізь ім цішком, і там выцяў яго пад пятую скабу. І памер за кроў Асагэла, брата ягонага.
 

І пачуў потым Давід, і сказаў: «Нявінны я а гаспадарства мае навекі перад СПАДАРОМ у крыві Аўніра Ніранка.
 

Хай падзець яна на галаву Ёава а на ўвесь дом айца ягонага; хай ня выкараніцца ў доме Ёававым маючы вытак, альбо пракажаны, альбо што апіраецца на кій, альбо валіцца ад мяча, альбо патрабуючы хлеба».
 

Ёаў жа а брат ягоны Авішай забілі Аўніра за тое, што ён зрабіў сьмерць брату іхнаму Асагэлу ў Ґівеоне ў часе вайны.
 

І сказаў Давід Ёаву а ўсім людзём, што былі зь ім: «Разьдзярыце адзецьці свае, і паперажыцеся зрэб’ям, і плачча па Аўніру». І кароль Давід ішоў за марамі.
 

І пахавалі Аўніра ў Гэўроне, і ўзьняў кароль голас свой, і плакаў над гробам Аўніровым; плакаў і ўвесь люд.
 

І галасіў кароль па Аўніру, і сказаў: «Ці так меў памерці Аўнір, як памірае дурны?
 

Рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў зялезьзю, і ты паў, як падаюць ад нягодных». І ўвесь люд далей плакаў па ім.
 

І прышоў увесь люд сіліць Давіду хлеба, як яшчэ быў дзень; і прысяг Давід, кажучы: «Тое а тое хай зробе з імною Бог, і яшчэ болей зробе, калі я да заходу сонца паспытаюся хлеба альбо чаго-колечы».
 

І ўвесь люд зацеміў гэта, і ўпадабаў гэта, як і ўсе, што рабіў кароль, было добра ў вачох усяго люду.
 

І пазнаў увесь люд а ўвесь Ізраель таго дня, што не ад караля сталася забіцьцё Аўніра Ніранка.
 

І сказаў кароль слугам сваім: «Ці ня ведаеце, што князь а вялікі муж паў сядні ў Ізраелю?
 

Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны за караля, а гэтыя людзі Цэруёнкі дужшыя за мяне; хай жа заплаце СПАДАР дзеючаму ліха подле ліхасьці яго!»
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.