1 І адказаў Ёў, і сказаў:
2 «О, каб было ўзята на вагу гора маё, і разам з ім былі ўзважаны пакуты мае!
3 Цяпер вось яно цяжэйшае за пясок марскі, таму неразважныя словы мае.
4 Бо стрэлы Усемагутнага ў-ва мне, і атруту іхнюю п’е дух мой, і страхі Божыя ваююць супраць мяне.
5 Ці будзе раўсьці асёл, маючы траву? Або ці будзе рыкаць вол, стоячы пры поўным жолабе?
6 Ці ж нехта будзе есьці нясмачнае, якое не пасолена? Або ці можа смакаваць бялок яечны?
7 Тое, чаго раней не хацела дакрануцца душа мая, цяпер у хваробе сталася ежай для мяне.
8 Хто зробіць, каб споўнілася жаданьне маё, і тое, чаго чакаю, ці дасьць мне Бог?
9 Няхай Бог раструшчыць мяне, няхай працягне руку Сваю і зьнішчыць мяне!
10 Няхай будзе гэта пацехай маёй, і я буду радавацца ў мучэньнях маіх, бо не пагардзіў словамі Сьвятога.
11 Якая сіла мая, каб вытрываць усё гэта? Або які канец мой, каб цярпліва перанесьці ўсё гэта.
12 Ці цьвёрдасьць камяня — гэта сіла мая? Або ці цела маё з медзі?
13 Ці я маю дапамогу для сябе і ці ёсьць для мяне ратунак?
14 Хто ня зьявіць сябру свайму міласэрнасьць? Хіба той, хто не баіцца Усемагутнага?
15 Браты мае здрадзілі мяне, як рэчышчы ручаёў, якія зьнікаюць.
16 Яны чарнеюць ад лёду, калі спадзе на іх сьнег,
17 а ў час, калі сушыць, яны высыхаюць, і ў сьпякоту зьнікаюць з месца свайго.
18 І зводзяць яны падарожнікаў са шляхоў іхніх, і тых, што вандруюць праз пустыню, губяць.
19 Падарожныя з Тэмы шукаюць праходу да іх, і вандроўнікі з Шэвы ўскладаюць надзею на іх,
20 і расчароўваюцца ў спадзяваньні сваім, прыйшлі туды і набраліся сораму.
21 Такія і вы для мяне цяпер: убачылі няшчасьце маё і напоўніліся страхам.
22 Ці ж я прасіў вас: “Прынясіце мне штосьці, і з маёмасьці вашай падаруйце мне.
23 Вызваліце мяне з рукі ворага і вырвіце мяне з рукі прыгнятальніка”?
24 Навучыце мяне, а я памаўчу, і калі я заблукаў, растлумачце мне.
25 Якія балючыя словы праўды! Але што даводзяць дакараньні вашыя?
26 Вы прыдумляеце словы на абвінавачваньне, але на вецер пускаеце словы вашыя.
27 На сірату вы нападаеце і робіце шкоду сябру вашаму.
28 Цяпер, прашу, паслухайце мяне, бо на вачах вашых не скажу няпраўды.
29 Паверце, няма тут падману! Паверце, я трымаюся праведнасьці сваёй.
30 Ці гавару я няпраўду? Ці паднябеньне маё ня цяміць, што ёсьць ліхотай?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ёва, 6 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.