1 І гаварыў далей Эліуй і сказаў:
2 выслухайце, мудрыя, слова маё, і прыхілеце да мяне вуха, разважлівыя!
3 Бо вуха разьбірае словы, як гартань адрозьнівае смак у ежы.
4 Пастановім паміж сабою развагу і распазнаем, што добра.
5 Вось, Ёў сказаў: «праўда мая, але Бог пазбавіў мяне суду.
6 Ці павінен я маніць на праўду маю? Мая рана нявылечная бязь віны».
7 Ці ёсьць такі чалавек, як Ёў, які п’е глум, як ваду,
8 уступае ў супольнасьць з тымі, якія чыняць беззаконьне, і ходзіць зь людзьмі бязбожнымі?
9 Бо ён сказаў: няма карысьці чалавеку ў добрым дагодніцтве Богу.
10 Дык вось паслухайце мяне, мужы мудрыя. Ня можа быць у Бога няпраўды, альбо ва Ўсеўладнага неправасуддзя,
11 бо Ён паводле ўчынкаў чалавека робіць зь ім і паводле шляхоў мужа адплачвае яму.
12 Праўда, Бог ня робіць няпраўды, і Ўсеўладны не перакручвае суд.
13 Хто апрача Яго думае пра зямлю? І хто кіруе ўсім сусьветам?
14 Калі б Ён павярнуў сэрца Сваё да Сябе і ўзяў да Сябе дух яе і дыханьне яе, —
15 раптам загінула б усякая плоць, і чалавек вярнуўся б у пыл.
16 Дык вось, калі ты маеш розум, дык слухай гэта і ўважай словам маім.
17 Той, хто ненавідзіць праўду, ці можа валадарыць? І ці можаш ты зьвінаваціць Найсправядлівейшага?
18 Ці можна сказаць цару: ты — бязбожнік, і князям: вы — беззаконьнікі?
19 Але ён не зважае на асобы князёў і не выдзяляе багатага ад беднага, бо ўсе яны дзея рук Ягоных.
20 Нечакана яны паміраюць; сярод ночы народ узбурыцца, і яны зьнікаюць; і моцных выганяюць ня сілаю.
21 Бо вочы Ягоныя над шляхамі чалавека, і Ён бачыць увесь поступ яго.
22 Няма цемры, ні ценю сьмяротнага, дзе маглі б схавацца беззаконьнікі.
23 Таму Ён ужо не патрабуе ад чалавека, каб ішоў на суд з Богам.
24 Ён ламае дужых не разьбіраючы, і пастаўляе іншых на іх месцы,
25 бо ён робіць вядомымі дзеі іхнія і скідае іх уначы, і яны зьнішчаюцца.
26 Ён пабівае іх, як беззаконных людзей, на вачах у іншых,
27 за тое, што яны адвярнуліся ад Яго і не зразумелі ўсіх шляхоў Ягоных,
28 так што дайшоў да Яго лямант бедных, і Ён пачуў стогны прыгнечаных.
29 Ці даруе ён цішыню, хто можа парушыць? ці хавае Ён аблічча Сваё, хто можа ўбачыць Яго? Ці будзе гэта для народу, альбо для аднаго чалавека,
30 каб не цараваў крывадушнік на спакусу народу.
31 Богу трэба гаварыць: «я пацярпеў, больш ня буду грашыць.
32 А чаго я ня ведаю, Ты навучыш мяне; і калі я ўчыніў беззаконьне, больш ня буду».
33 Ці паводле тваёй развагі Ён павінен даваць? І што ты адкідаеш, тое табе належыць выбіраць, а ня мне; кажы, што ведаеш.
34 Людзі разумныя скажуць мне, і муж мудры, які слухае мяне:
35 Ёў неразумна гаворыць, і словы ягоныя бяз сэнсу.
36 Я хацеў бы, каб Ёў быў выпрабаваны, паводле адказаў ягоных, уласьцівых людзям бязбожным.
37 Інакш ён да грэху свайго дадасьць адступленьне, будзе пляскаць у ладкі сярод нас і яшчэ болей нагаворыць супроць Бога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ёва, 34 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.