1 Чаму не схаваныя ад Усемагутнага часіны, і тыя, што ведаюць Яго, ня бачаць дзён Ягоных?
2 Межы перасоўваюць, гоняць статкі і пасьвяць у сябе;
3 у сіротаў зводзяць асла, ва ўдавы бяруць пад заклад вала;
4 бедных сьпіхваюць з дарогі, усе прыніжаныя зямлі вымушаны хавацца.
5 Вось яны, як дзікія аслы ў пустыні, выходзяць на дзею сваю, устаючы рана на здабычу; стэп дае хлеб ім і дзецям іхнім;
6 жнуць яны на полі не сваім і зьбіраюць вінагарад у бязбожніка;
7 голыя начуюць без покрыва і бяз вопраткі на сьцюжы;
8 мокнуць ад горных дажджоў і, ня маючы сховішча, ціснуцца да скалы;
9 адрываюць ад саскоў сірату і з убогага бяруць заклад;
10 прымушаюць хадзіць голымі, без адзеньня, і галодных кормяць каласамі;
11 паміж сьценамі чавяць алей аліўкавы, топчуць у чавілах і прагнуць.
12 У горадзе людзі стогнуць, і душа забіваных енчыць, і Бог не забараняе гэтага.
13 Ёсьць сярод іх ворагі сьвятла, ня ведаюць ягоных шляхоў і ня ходзяць па сьцежках ягоных.
14 На золку ўстае забойца, забівае беднага і ўбогага, а ўначы бывае злодзеем.
15 І вока пералюбніка чакае сутоньня, кажучы: нічыё вока ня ўбачыць мяне, — і захінае твар.
16 У цемры падкопваюцца пад дамы, якія ўдзень яны прыкмецілі сабе; ня ведаюць сьвятла.
17 Бо ім раніца — сьмяротны цень, бо яны знаёмыя з жахамі сьмяротнага ценю.
18 Лёгкі такі на паверхні вады, праклятая доля ягоная на зямлі, і не глядзіць ён на дарогу садоў вінаградных.
19 Засуш і сьпёка паглынаюць сьнегавую ваду: так апраметная — грэшнікаў.
20 Няхай забудзе яго нутроба матчыная; няхай ласуецца ім чарвяк; няхай не захаваецца пра яго памяць; як дрэва, няхай зломіцца беззаконьнік,
21 які прыгнятае бязьдзетную, якая не раджала, і ўдаве ня робіць дабра.
22 Ён і дужых зводзіць сілаю сваёю; ён устае, і ніхто ня пэўны за жыцьцё сваё.
23 А Ён дае яму ўсё для бясьпекі, і ён на тое абапіраецца, і вочы Ягоныя бачаць шляхі іхнія.
24 Падняліся высока, — і вось, няма іх; падаюць, і паміраюць, як і ўсе, і, як вярхі каласкоў, зразаюцца.
25 Калі гэта ня так, — хто выкрые мяне за ману і ў нівеч аберне словы мае?
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Ёва, 24 глава. Пераклад Васіля Сёмухі

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.