1 І, працягваючы далей, сказаў Элію таксама наступнае:
2 «Мудрыя, выслухайце словы мае і, адукаваныя, прыхіліце вушы,
3 бо вуха выпрабоўвае словы, як горла страву на смак распазнае.
4 Разбяромся для сябе, што справядлівае, і разгледзім паміж сабою, што лепшае.
5 Ёў вось сказаў: “Я справядлівы, а Бог пазбавіў мяне суда.
6 У судзе ж маім — падман. Вялікая рана мая, а я без ніякага граху”.
7 Хто такі чалавек, як Ёў, які п’е знявагу, як ваду,
8 які крочыць разам з тымі, што чыняць несправядлівасць, і ходзіць нават з людзьмі бязбожнымі?
9 Бо ён сказаў: “Няма карысці чалавеку, калі ён чыніць прыязнае Богу”.
10 Дык паслухайце мяне, людзі разумныя! Будзь далёкі ад Бога, о грэх, і беззаконне — ад Усемагутнага.
11 Бо за справу чалавека Ён аддасць яму, і паводле шляхоў кожнага верне назад яму.
12 Сапраўды, Бог не чыніць ліха і Усемагутны не парушыць суд.
13 Хто даручыў яму зямлю сваю, або хто заснаваў увесь сусвет?
14 Калі б Ён накіраваў да Сябе сэрца яго ды ўзяў да Сябе дух яго і дыханне,
15 то прапала б адразу кожнае цела, і чалавек перамяніўся б у парахно.
16 Дык калі маеш ты розум, чуў гэта і ўслухаўся ў голас слоў маіх.
17 Няўжо той, хто не любіць праўды, будзе мець уладу? Ці асудзіш ты Найсправядлівейшага,
18 Які скажа цару: “Нягоднік!”, Які можа назваць князёў: “Бязбожныя!”,
19 Які не глядзіць на асобы князёў і не зважае на багатага, калі ён судзіцца з бедным? Бо ўсе яны — справа рук Яго.
20 Неспадзявана паміраюць яны; і сярод ночы ўзрушацца народы, і яны пройдуць, і моцнага выганяць без цяжкасці.
21 Бо вочы Яго — над дарогамі людзей, і Ён бачыць усе крокі іх.
22 Няма цемры, ані ценю смерці, каб там маглі схавацца тыя, што чыняць несправядлівасць.
23 Не вызначае Ён больш для чалавека часу, каб той ішоў да Бога на суд.
24 Ён сатрэ магутных без даследавання і замест іх паставіць іншых.
25 Паколькі ведае Ён учынкі іх, то прывядзе ноч, — і быць ім знішчанымі.
26 Ён паражае іх, як бязбожнікаў, перад вачамі іншых,
27 тых, якія быццам бы знарок адвярнуліся ад Яго і не захацелі разумець усіх шляхоў Яго,
28 бо ўспрыняў Ён крык няшчаснага і пачуў голас бедных.
29 Бо калі Ён будзе ў супакоі, хто асудзіць; а калі Ён схавае аблічча Сваё, хто можа Яго ўбачыць? Будзе гэта для народа і для аднаго чалавека;
30 хай не валадарыць чалавек бязбожны і не будзе ён пасткай для народа.
31 Калі хто кажа Богу: “Я змушаны быў учыняць, не буду больш грашыць.
32 Пакуль мне бачыць, Ты вучы мяне; калі я зрабіў злачынства, болей не буду”.
33 Няўжо табе не будзе адплачана за тое, што ты пагарджаў Ім? Ты ж выбіраць будзеш, а не я; і, калі ты ведаеш штосьці — гавары.
34 Людзі разумныя скажуць мне, і мудры чалавек, які паслухае мяне:
35 “А Ёў неразумна кажа, і словы яго не выяўляюць разважнасці”.
36 Ва ўсякім разе, хай будзе Ёў правераны да канца, паводле адказаў людзей няцноты.
37 Бо ён дадае да грахоў сваіх злачынства, сярод нас пляскае ў далоні, ды яшчэ больш павялічвае свае прамовы супраць Бога».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ёва, 34 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.