1 Цяпер жа смяюцца з мяне маладзейшыя за мяне гадамі, бацькоў якіх не лічыў я годнымі паставіць побач з сабакамі стада майго;
2 сіла рук іх мне была не патрэбная, і сіла іх юнацкая ўся звялася.
3 Бядой і голадам спустошаныя, яны марнелі ў пустыні, у позні час былі віхура і спусташэнне [для іх];
4 і жывіліся яны травой і карою дрэў, ежай іх быў корань ядлоўцу.
5 Са свайго асяродка іх выкідалі, крычалі на іх, як на злодзеяў.
6 І пражывалі яны на берагах рэк ды ў пячорах зямных і каменных.
7 Раўлі яны між кустоў і збіраліся пад цернямі.
8 Сыны неразумных і подлых, і выгнаныя прэч з зямлі.
9 Цяпер абярнуўся я песенькай іх і зрабіўся ім у прыказку.
10 Ненавідзяць яны мяне, і ўцякаюць далёка ад мяне, і не саромяцца пляваць мне ў твар,
11 бо Ён раскрыў калчан Свой, і паразіў мяне, і акілзаў вусны мае.
12 З правага боку паўсталі яны, збілі мяне з ног і нарыхтавалі супраць мяне сцежкі згубы.
13 Заблыталі яны дарогі мае, паставілі пасткі на мяне і адужалі, не было ніводнага, хто б прынёс дапамогу.
14 Як праз вылам і адтуліну мура, напалі на мяне і з-пад руінаў рынуліся.
15 Жахі павярнуліся да мяне; як вецер, прамінае веліч мая; і шчасце маё праляцела, як воблака.
16 І цяпер выліваецца ўва мне душа мая і дні гора апанавалі мяне.
17 Ноччу косці мае свідруюцца пакутамі, і тыя, што ядуць мяне, не спяць.
18 З сілаю дуба трымаецца адзенне маё, і, быццам карсетам, кашуляй аперазалі мяне.
19 Кінуў Ён мяне ў балота, і стаўся я падобны да пылу і попелу.
20 Я клічу Цябе, але Ты не чуеш мяне; стаю, але Ты не глядзіш на мяне.
21 І перамяніўся Ты для мяне ў жорсткага, і ў апантанасці рукі Сваёй варагуеш са мною.
22 Ты падняў мяне і, пусціўшы, быццам вецер, спустошыў мяне.
23 Ведаю, што Ты выдасі мяне на смерць, дзе ўсталяваны дом кожнаму жывому.
24 Ды ўсё ж не на знішчэнне Ён працягвае руку, і ў Яго зыходзе будзе збаўленне.
25 Ці не плакаў я калісьці над тым, хто пакрыўджаны быў, і ці душа мая не спагадала ўбогаму?
26 Чакаў я дабра, а прыйшло ліха, і чакаў святла, але прыйшла цемра.
27 Нутро маё кіпіць несупынна; нахлынулі на мяне дні пакуты.
28 Хадзіў я з агідным абліччам, без суцяшэння, падымаючыся ў грамадзе, крычаў.
29 Стаўся я братам драконам і сябрам страусам.
30 Мая скура пачарнела на мне, і косці мае высахлі ад спякоты.
31 Перамянілася ў жалобны лямант цытра мая, і дуда мая — у голас плачлівага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ёва, 30 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.