1 Ты тады, сын мой, умацоўвайся ласкай, якая ёсьць у Езусе Хрыстусе.
2 А што чуў ты ад мяне пры многіх сьведках, гэта перадай веруючым людзям, а яны змогуць і другіх павучыць.
3 Працуй старанна, як добры рыцар Езуса Хрыстуса.
4 Ніхто з тых, хто змагаецца ў якасьці жаўнера Божага, не мяшаецца ў справы сьвецкія, каб падабацца таму, хто яго наняў.
5 Бо і той, хто змагаецца, ня стане пераможцам, калі незаконна змагаецца.
6 Земляробу, які працуе, першаму належыцца карыстацца пладамі.
7 Зразумей, што гавару; дасьць табе Госпад у ва ўсім розум.
8 Памятай пра Госпада Езуса Хрыстуса, які ўстаў з умёршых, з патомства Давіда, як піша мая Эвангелія,
9 дзеля якой працую аж да кайданаў, як быццам што благое рабіў, але Слова Божага зьвязаць нельга.
10 Вось я ўсё раблю дзеля выбраньнікаў, каб яны атрымалі збаўленьне, якое ў Езусе Хрыстусе, у хвале нябеснай.
11 Вось праўда: калі мы (з Ім) спаўмярлі, то і спаўжывём,
12 а калі вытрымаем, то і з Ім спаўваладарыць будзем, а калі вырачаемся, то і Ён нас вырачыцца.
13 Калі і зьняверымся, то Ён верным застаецца, бо сам сябе вырачыся ня можа.
14 Вось што памятай: сьведчачы перад Богам, не спрачайся словамі, бо гэта нічога ня дасьць, хіба толькі сапсуе слухачоў.
15 Пільна старайся быць чэсным перад Богам, беззаганным працаўніком, прымаючым з павагай словы праўды.
16 Пустой жа гаворкі высьцерагайся, у многім бо гэта прычыняецца да бязбожнасьці.
17 А слова іх, як рак, распаўзецца, такімі вось зьяўляюцца Гыменэус і Філетус,
18 якія разьмінуліся з праўдай, сьцьвярджаючы, што ўваскрашэньне ўжо адбылося, і адвярнулі гэтак некаторых ад веры.
19 Але на моцным фундаменьце Божым стаіць той, хто мае такі знак: "Пазнаў Госпад, хто Ягоным ёсьць", і хай аддаліцца ад няправасьці кожны, хто прызнае імя Госпада.
20 У вялікім жа доме маюцца ня толькі залатыя і сярэбраныя начыньні, але і драўляныя, і гліняныя; першыя для ўшанаваньня, другія для ганьбаваньня.
21 Дык вось, калі хто ачысьціў сябе ад усякіх няправасьцяў, будзе пасудай пачэснай, усьвечанай і карыснай Госпаду, прыдатнай для ўсялякай добрай справы.
22 Высьцерагайся лятуценьняў-пажаданьняў юнацкіх, а трымайся справядлівасьці веры, надзеі і міру з тымі што чыстым сэрцам прызнаюць Бога.
23 Не ўступай у глупыя і бескарысныя спрэчкі, ведаючы, што яны даводзяць да звадкі.
24 Слузе ж Божаму не выпадае вадзіцца, а трэба быць ветлівым з усімі, умелым, цярплівым (стрыманым).
25 Ласкава спаўляючы тых, што працівяцца праўдзе, трэба спадзявацца, што можа дасьць ім Бог ласку раскаяньня і пазнаньня праўды і
26 вырвацца з петляў шатанскіх, якімі аблытана яго воля.