Быцьцё 50 глава

Кніга Быцьцё
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Десницкого

 
 

І ўпаў Язэп на аблічча бацькі свайго, і плакаў над ім, і цалаваў яго.
 

І загадаў Язэп слугам сваім лекарам забальзамаваць бацьку ягонага; і забальзамавалі лекары Ізраіля.
 

І прайшло сорак дзён, бо столькі вымагаецца дзён на бальзамаваньне. І плакалі па ім Эгіпцяне семдзясят дзён.
 

І мінулі дні плачу па ім, і прамовіў Язэп дому фараона, кажучы: «Калі я знайшоў ласку ў вачах вашых, скажыце, калі ласка, у вушы фараону, кажучы:
 

“Бацька мой узяў з мяне прысягу, кажучы: "Вось, я паміраю. У магіле маёй, якую я выкапаў у зямлі Ханаан, там пахавай мяне". І цяпер я ўзыйду, і пахаваю бацьку свайго, і вярнуся”».
 

І сказаў фараон: «Узыйдзі і пахавай бацьку твайго, як ён узяў у цябе прысягу».
 

І ўзыйшоў Язэп хаваць бацьку свайго; і ўзыйшлі з ім усе слугі фараона, старшыні дому ягонага, і ўсе старшыні зямлі Эгіпецкай,
 

і ўвесь дом Язэпа, і браты ягоныя, і дом бацькі ягонага. Толькі дзяцей сваіх, і авечак сваіх, і валоў сваіх пакінулі ў зямлі Гашэн.
 

І ўзыйшлі з ім таксама калясьніцы і вершнікі, і быў табар вельмі вялікі.
 

І прыйшлі яны ў Гарэн-Гаатад на другім баку Ярдану, і галасілі там галашэньнем вялікім і вельмі жалосным; і ўчыніў [Язэп] жалобу па бацьку сваім сем дзён.
 

І ўбачылі жыхары зямлі той, Хананейцы, жалобу ў Гарэн-Гаатадзе, і сказалі: «Гэта вялікая жалоба ў Эгіпцянаў!» Дзеля гэтага назвалі імя яго: Абэль-Міцраім, які на другім баку Ярдану.
 

І зрабілі сыны [Якуба] з ім так, як ён загадаў ім.
 

І занесьлі яго сыны ягоныя ў зямлю Ханаан, і пахавалі яго ў пячоры на полі Махпэля, якую купіў Абрагам разам з полем на ўласнасьць на пахаваньне ў Эфрона Хета, насупраць Мамрэ.
 

І вярнуўся Язэп пасьля пахаваньня ім бацькі свайго ў Эгіпет, ён і браты ягоныя, і ўсе, што ўзыходзілі з ім хаваць бацьку ягонага.
 

І бачылі браты Язэпа, што памёр бацька іхні, і сказалі: «А што, калі зьненавідзіць нас Язэп і адплочваючы, адплоціць нам за ўсё тое ліха, якое мы яму зрабілі?»
 

І загадалі яны сказаць Язэпу, кажучы: «Бацька твой загадаў перад сьмерцю сваёю, кажучы:
 

“Гэтак скажыце Язэпу: "Даруй, прашу, правіну братоў тваіх і грэх іхні, бо ліха зрабілі яны табе". І цяпер даруй, прашу, слугам Бога бацькі твайго”». І плакаў Язэп дзеля [гэтых] словаў да яго.
 

І прыйшлі таксама браты ягоныя, і ўпалі перад абліччам ягоным, і сказалі: «Вось, мы — слугі для цябе».
 

І сказаў ім Язэп: «Ня бойцеся! Хіба я замест Бога?
 

І вы надумалі ліха супраць мяне, але Бог надумаў гэта на дабро, каб зрабіць так, як ёсьць сёньня, каб захаваць жыцьцё народу вялікаму.
 

І цяпер ня бойцеся, я буду карміць вас і дзяцей вашых». І суцяшаў іх, і прамаўляў да сэрцаў іхніх.
 

І пасяліўся Язэп у Эгіпце, ён і дом бацькі ягонага. І жыў Язэп сто дзесяць гадоў.
 

І бачыў Язэп у Эфраіма сыноў да трэцяга пакаленьня, таксама сыны Махіра, сына Манасы, нарадзіліся на каленях Язэпа.
 

І сказаў Язэп братам сваім: «Я паміраю, але Бог, наведваючы, наведае вас і выведзе вас з зямлі гэтай у зямлю, пра якую прысягаў Абрагаму, Ісааку і Якубу».
 

І ўзяў Язэп прысягу ў сыноў Ізраіля, кажучы: «Бог, наведваючы, наведае вас, і вы вынясіце косткі мае адгэтуль».
 

І памёр Язэп, маючы сто дзесяць гадоў. І забальзамавалі яго, і палажылі ў дамавіну ў Эгіпце.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.