1 Пасля гэтага зноў з’явіўся Ісус вучням пры моры Тыверыядскім; з’явіўся ж так.
2 Былі разам Сіман Пятро і Фама, званы Блізнюк, і Нафанаіл з Каны Галілейскай, і сыны Зеведзеевы, і два іншыя з Яго вучняў.
3 Кажа ім Сіман Пятро: «Іду лавіць рыбу». Кажуць яму: «Пойдзем і мы з табою». Выйшлі і селі ў човен, і ў тую ноч не злавілі нічога.
4 І калі ўжо, надыходзіла раніца, стаў Ісус на беразе, але не ведалі вучні, што гэта Ісус.
5 Дык кажа ім Ісус: «Дзеткі, ці не маеце якой яды?» Яны адказалі Яму: «Не».
6 Ён жа сказаў ім: «Закіньце сетку з правага боку чоўна і знойдзеце». Яны закінулі і ўжо не маглі яе выцягнуць з-за мноства рыбы.
7 Тады той вучань, якога любіў Ісус, кажа Пятру: «Гэта Госпад». Сіман жа Пятро, пачуўшы, што гэта Госпад, апаясаўся вопраткаю, бо ён быў голы, і кінуўся ў мора.
8 іншыя ж вучні прыплылі ў чоўне (бо былі яны не далёка ад зямлі, локцяў з дзвесце), цягнучы сетку з рыбаю.
9 Калі ж яны зышлі на зямлю, бачаць раскладзены жар і рыбу, што ляжыць на ім, і хлеб.
10 Кажа ім Ісус: «Прынясіце з тае рыбы, што вы злавілі цяпер».
11 Узышоў Сіман Пятро і выцягнуў на зямлю сетку, поўную вялікай рыбы, — сто пяцьдзесят тры; і хоць было гэтулькі, сетка не разарвалася.
12 Кажа ім Ісус: «Хадзіце, снедайце». А ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: «Ты Хто?» — ведаючы, што гэта Госпад.
13 Падыходзіць Ісус і бярэ хлеб і дае ім, і рыбу таксама.
14 Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Ісус вучням, устаўшы з мёртвых.
15 Калі яны паснедалі, кажа Сіману Пятру Ісус: «Сімане, сыне Іаанаў, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» Той кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Гадуй Маіх ягнят».
16 Кажа яму зноў, другі раз: «Сімане, сыне Іаанаў, ці любіш ты Мяне?» Кажа Яму: «Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму: «Пасі Маіх авечак».
17 Кажа яму трэці раз: «Сімане, сыне Іаанаў, ці любіш ты Мяне?» Засмуціўся Пятро, што Ён сказаў яму трэці раз: «Ці любіш Мяне?» І ён кажа Яму: «Госпадзе, усё Ты ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе». Кажа яму Ісус: «Гадуй Маіх авечак.
18 Папраўдзе, папраўдзе кажу табе: Калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся і ішоў, куды хацеў; калі ж пастарэеш, працягнеш свае рукі, і іншы падперажэ цябе і павядзе, куды не хочаш».
19 А гэта Ён сказаў, даючы зразумець, якою смерцю ён праславіць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: «Ідзі ўслед за Мною».
20 Абярнуўшыся, Пятро бачыць, што следам ідзе вучань, якога любіў Ісус, той самы, які і прыпаў на вячэры да Яго грудзей і сказаў: «Госпадзе, хто прадасць Цябе?»
21 Дык, убачыўшы таго, Пятро кажа Ісусу: «Госпадзе, а ён што?»
22 Кажа яму Ісус: «Калі Я хачу, каб ён заставаўся аж пакуль прыйду, што табе? Ты ідзі ўслед за Мною».
23 І разышлося гэтае слова між братамі, што той вучань не памрэ. Але не сказаў яму Ісус, што той не памрэ, але: «калі Я хачу, каб ён заставаўся аж пакуль прыйду, [што табе?]»
24 Ён і ёсць той вучань, што сведчыць пра гэта і напісаў гэта, і мы ведаем, што праўдзівае яго сведчанне.
25 Ёсць жа і шмат іншага, што зрабіў Ісус: калі б пра ўсё гэта пісалася, думаю, што і сам свет не ўмясціў бы тых напісаных кніг. [Амін].