1 Пасля гэтага адышоў Ісус на той бок Галілейскага, ці Тыверыядскага, мора.
2 А ўспед за ім ішло шмат народу, бо бачылі Яго цуды, якія рабіў над хворымі.
3 Ісус жа ўзышоў на гару і сядзеў там са Сваімі вучнямі.
4 Блізка ж была Пасха, іудзейскае свята.
5 Ісус, падняўшы вочы і ўбачыўшы, што шмат народу ідзе да Яго, кажа Піліпу: «Дзе б нам купіць хлябоў, каб яны паелі?»
6 Казаў жа Ён гэта, выпрабоўваючы таго, бо ведаў Сам, што будзе рабіць.
7 Адказаў яму Піліп: «На дзвесце дынарыяў не стане ім хлеба, каб кожны [што] трошкі ўзяў».
8 Кажа Яму адзін з Яго вучняў, Андрэй, брат Сімана Пятра:
9 «Ёсць тут хлапец, што мае пяць ячных хлябоў і дзве рыбкі; але што гэта на такое мноства?»
10 Сказаў. Ісус: «Загадайце людзям узлегчы». А было шмат травы на тым месцы. І ўзлягло мужчын лікам з пяць тысяч.
11 А Ісус узяў хлябы і, уздаўшы падзяку, раздаў тым, што ўзлягалі, таксама і з рыбак, колькі яны хацелі.
12 А як наеліся яны, кажа Ён Сваім вучням: «Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не згінула».
13 І сабралі яны і напоўнілі дванаццаць кашоў тымі кавалкамі ад пяці ячных хлябоў, што засталіся ў едакоў.
14 Тады людзі, убачыўшы цуд, які зрабіў Ён, казалі: «Гэта сапраўды Прарок, які павінен прыйсці ў свет».
15 Ісус жа, даведаўшыся, што збіраюцца прыйсці і забраць Яго, каб зрабіць царом, зноў пайшоў на гару Сам адзін.
16 А як надышоў вечар, спусціліся Яго вучні да мора
17 і, уступіўшы ў човен, паплылі на той бок мора ў Капернаум. І ўжо сцямнела, а яшчэ не прыходзіў да іх Ісус.
18 І мора, калі ўзняўся вялікі вецер, узбурылася.
19 І вось як яны прайшлі на вёслах стадый з дваццаць пяць ці з трыццаць, бачаць Ісуса, што ідзе па моры і набліжаецца да лодкі, і яны спалохаліся.
20 Ён жа кажа ім: «Гэта Я; не бойцеся».
21 Тады яны хацелі ўзяць Яго ў човен, але човен зараз жа прыстаў да зямлі, у якую ехалі.
22 На другі дзень натоўп, што стаяў на тым баку мора, убачыў, што другога чоўна, апроч аднаго, там не было і што Ісус не ступаў у човен разам са Сваімі вучнямі, але Яго вучні ад’ехалі адны.
23 А з Тыверыяды прыбылі чоўны блізка да таго месца, дзе елі хлеб пасля Гасподняй падзякі.
24 Калі ўбачыў натоўп, што ні Ісуса там няма, ані Яго вучняў, ступілі яны ў чоўны і прыехалі ў Капернаум, шукаючы Ісуса.
25 І, знайшоўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: «Раббі, калі Ты сюды прыбыў?»
26 У адказ ім Ісус сказаў: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму што паелі хлябоў і наеліся.
27 Старайцеся не аб спажыве, што гіне, а аб спажыве, што застаецца на вечнае жыццё, якое дасць вам Чалавечы Сын; бо Яго вызначыў Бог Бацька».
28 Тады яны сказалі Яму: «Што нам рабіць, каб тварыць справы Божыя?»
29 У адказ Ісус сказаў ім: «Гэта справа Божая, каб вы ўверавалі ў Таго, Каго Ён паслаў».
30 Тады яны сказалі Яму: «Дык што за знак падасі, каб мы ўбачылі і ўверавалі ў Цябе? Што робіш?»
31 Нашы бацькі елі манну ў пустэльні, як напісана: «Хлеб з неба даў ім есці».
32 Сказаў жа ім Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Не Майсей хлеб з неба вам даў, але Мой Бацька хлеб праўдзівы дае вам з неба.
33 Бо хлеб Божы ёсць Той, Хто сходзіць з неба і дае жыццё свету».
34 А яны сказалі Яму: «Госпадзе, давай нам заўсёды гэты хлеб!»
35 Ісус жа сказаў ім: «Я — хлеб жыцця! Хто да Мяне прыходзіць — не будзе знаць голаду, а хто ўверуе ў Мяне — не будзе прагнуць ніколі.
36 Але Я сказаў вам, што вы і бачылі [Мяне], ды не веруеце.
37 Усё, што дае Мне Бацька, да Мяне прыйдзе, і таго, хто да Мяне прыходзіць, я не выкіну вон,
38 бо Я зышоў з неба не дзеля таго, каб тварыць Сваю волю, але волю Таго, Хто паслаў Мяне.
39 Гэта ж воля Таго, Хто паслаў Мяне, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не страціў, але ўваскрасіў бы тое ў апошні дзень.
40 Бо гэта воля Майго Бацькі, каб кожны, хто бачыць Сына і веруе ў Яго, меў вечнае жыццё, і ўваскрашу яго Я ў апошні дзень».
41 Тады пачалі іудзеі наракаць на Яго, што сказаў: «Я — хлеб, што зышоў з неба»,
42 і казалі яны: «Ці гэты не Ісус, Іосіфаў сын, бацьку і маці Якога мы ведаем? Як жа Ён цяпер кажа: «Я зышоў з неба?»
43 Ісус у адказ сказаў ім: «Не наракайце між сабою.
44 Ніхто не можа прыйсці да Мяне, капі Бацька, што паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу Яго ў апошні дзень.
45 Напісана ў прарокаў: «І будуць усе навучаны Богам». Кожны, хто ад Бацькі пачуў і навучыўся, прыходзіць да Мяне.
46 Гэта не значыць, каб нехта Бацьку бачыў, толькі Той, Хто паходзіць ад Бога, Бацьку бачыў.
47 Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Той, хто веруе ў Мяне, мае вечнае жыццё.
48 Я — хлеб жыцця.
49 Вашы бацькі елі ў пустэльні манну і памерлі.
50 Гэта хлеб, што зыходзіць з неба, каб чалавек ад Яго спажыў і не памёр.
51 Я — жывы хлеб, што зышоў з неба: калі хто будзе спажываць ад гэтага хлеба, будзе жыць вечна, а хлеб жа, што Я дам, гэта цела Маё, якое Я дам за жыццё свету».
52 Іудзеі ж спрачаліся між сабою, кажучы: «Як можа Ён даць нам спажываць цела?»
53 Дык сказаў ім Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Калі вы не спажываеце цела Чалавечага Сына і не п’яце Яго крыві, не маеце жыцця ў сабе.
54 Хто Маё цела спажывае і Маю кроў п’е, той мае вечнае жыццё, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.
55 Бо Маё цела — сапраўдная спажыва, а Мая кроў — сапраўднае пітво.
56 Хто Маё цела спажывае і Маю кроў п’е, той ува Мне трывае, І Я ў ім.
57 Як паслаў Мяне Жывы Бацька, і Я жыву Бацькам, так хто Мяне спажывае, будзе жыць Мною.
58 Гэта хлеб, што з неба зышоў, не такі, які елі бацькі і памерлі; хто гэты хлеб спажывае, будзе жыць вечна».
59 Гэта сказаў Ён, калі ў Капернауме навучаў у сінагозе.
60 А шмат хто з Яго вучняў, пачуўшы гэта, сказаў: «Цяжкае гэтае слова. Хто можа слухаць Яго?»
61 Ісус жа, ведаючы ў Сабе, што Яго вучні на гэта наракаюць, сказаў ім: «Ці гэта вас абурае?
62 А што, калі ўбачыце Чалавечага Сына, як узыходзіць туды, дзе Ён быў спярша?
63 Дух дае жыццё, цела не прыносіць карысці. Словы, якія казаў Я вам, гэта дух і гэта жыццё.
64 Але ёсць з вас такія, што не веруюць». Бо ведаў з самага пачатку Ісус, хто не веруе і хто выдасць Яго.
65 І сказаў Ён: «Таму Я сказаў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі не будзе дадзена яму ад Бацькі».
66 З гэтага часу шмат хто з Яго вучняў адстаў і больш з Ім не хадзіў.
67 Тады сказаў Ісус Дванаццаці: «Ці не хочаце і вы адысці?»
68 Адказаў Яму Сіман Пятро: «Госпадзе, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця,
69 і мы ўверавалі і пазналі, што Ты — Хрыстос, Божы Святы».
70 Адказаў ім Ісус: «Ці не Я вас, Дванаццаць, выбраў? Ды адзін з вас д’ябал».
71 А казаў Ён пра Юду, Сіманавага сына, Іскарыёта. Бо гэты меўся выдаць Яго, адзін з Дванаццаці.

Примечания к тексту

14 15: У некат. рукап.: Ісус.
39 16: У некат. рукап.: Бацькі, Які.
40 17: У некат. рукап.: Таго, Хто паслаў Мяне.
55 18: У некат. рукап.: сапраўды.
63 19: У некат. рукап.: кажу.
69 20: У некат. рукап.: Хрыстос, Сын Жывога Бога.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Іаана, 6 глава. Пераклад Дабравесця Анатоля Клышкi

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Комментарии Джона Райла
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.