1 А быў адзін чалавек з фарысеяў, імя яму Мікодым, начальнік іудзейскі.
2 Гэты прыйшоў да Яго ўночы і сказаў Яму: «Раббі, мы ведаем, што Ты прыйшоў ад Бога як Настаўнік, бо ніхто не можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі Бог не з ім».
3 У адказ Ісус сказаў яму: «Папраўдзе, папраўдзе кажу Я табе: Калі хто не народзіцца нанова, не можа ўбачыць Божага Царства».
4 Кажа Яму Мікодым: «Як можа нарадзіцца чалавек, будучы старым? Хіба можа ён другі раз увайсці ў лона свае маці і нарадзіцца?»
5 Адказаў Ісус: «Папраўдзе, папраўдзе кажу Я табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Царства.
6 Што нарадзілася з цела, ёсць цела, а што нарадзілася з Духа, ёсць дух.
7 Не здзіўляйся таму, што сказаў Я табе: трэба вам нарадзіцца нанова.
8 Дух, дзе хоча, вее, і яго голас чуеш, але не ведаеш, адкуль ён прыходзіць і куды адыходзіць; так бывае з кожным, хто нарадзіўся ад Духа».
9 У адказ Мікодым сказаў Яму: «Як гэта можа быць?»
10 У адказ Ісус сказаў яму: «Ты — ізраільскі настаўнік і гэтага не ведаеш?
11 Папраўдзе, папраўдзе кажу Я табе: Што мы ведаем, пра тое гаворым, і, што бачылі, пра тое сведчым, а нашага сведчання вы не прымаеце.
12 Калі Я пра зямное сказаў і вы не верыце, як паверыце вы, калі Я скажу вам пра нябеснае?
13 І ніхто не ўзыходзіў на неба, толькі Той, Хто з неба зышоў, — Чалавечы Сын, [што ў небе].
14 І, як Майсей узняў змяю ў пустэльні, так павінен быць узняты Чалавечы Сын,
15 каб кожны, хто веруе ў Яго, меў вечнае жыццё.
16 Бо так Бог палюбіў свет, што даў Свайго Адзінароднага Сына, каб кожны, хто веруе ў Яго, не згінуў, але меў вечнае жыццё.
17 Бо не паслаў Бог Сына ў свет, каб Ён судзіў свет, але каб свет праз Яго ўратаваўся.
18 Хто веруе ў Яго, не будзе асуджаны; хто ж не веруе, ужо асуджаны, што не ўвераваў у імя Адзінароднага Божага Сына.
19 А гэта ёсць суд, што святло прыйшло ў свет, а людзі палюбілі больш цемру, чым святло, бо ліхія былі іх учынкі.
20 Бо кожны, хто робіць ліхое, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выкрылі яго ўчынкаў.
21 А хто робіць праўду, ідзе да святла, каб выявіліся яго ўчынкі, бо яны ў Бозе зроблены».
22 Пасля гэтага прыйшоў Ісус і Яго вучні ў Іудзейскую зямлю, і там Ён жыў з імі і хрысціў.
23 Хрысціў і Іаан у Ёноне паблізу Саліма, бо шмат вады было там і прыходзілі і хрысціліся;
24 бо яшчэ не быў кінуты ў цямніцу Іаан.
25 Тады ўсчалася спрэчка ў Іаанавых вучняў з іудзеямі пра ачышчэнне.
26 І прыйшлі яны да Іагана і сказалі яму: «Раббі, Той, Хто быў з табою на тым баку Іярдана, пра Каго ты засведчыў, вось Ён хрысціць, і ўсё ідуць да Яго».
27 У адказ Іаан сказаў: «Не можа нічога прыняць чалавек, калі яму з неба не дасца.
28 Вы самі пра мяне сведчыце, што я сказаў: «Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім».
29 Хто мае заручаную, той малады; а дружко маладога, што стаіць і слухае яго, радасцю радуецца голасу маладога. Гэта мая радасць спраўдзілася.
30 Яму належыць расці, а мне ж — змяншацца.
31 Хто звыш прыходзіць, вышэйшы за ўсіх; хто паходзіць з зямліі, — зямны і ад зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, — [вышэйшы за ўсіх],
32 што Ён бачыў і чуў, пра тое сведчыць, ды Яго сведчання ніхто не прымае.
33 Хто прыняў Яго сведчанне, той сцвердзіў, што Бог праўдзівы.
34 Бо Той, Каго паслаў Бог, Божыя словы гаворыць, бо не паводле меркі дае Бог Духа.
35 Бацька любіць Сына, і даў усё ў Яго руку.
36 Хто веруе ў Сына, той мае вечнае жыццё, а хто не слухаецца Яго, той жыцця не ўбачыць, а Божы гнеў на ім астаецца».