1 Пасля гэтага было іудзейскае свята і Ісус узняўся ў Ерусалім.
2 А ў Ерусаліме каля Авечай брамы ёсць купальня, Віфедзда па-яўрэйску завецца, якая мае пяць крытых ходаў.
3 У іх ляжала мноства хворых, сляпых, кульгавых, сухіх, што чакалі руху вады.
4 Бо Гасподні Анёл у пэўны час сходзіў у купальню і хваляваў ваду; і хто першы ўваходзіў пасля ўзрушэння вады, рабіўся здаровым, якой бы хваробаю ні быў апанаваны.
5 А быў там адзін чалавек, які трыццаць восем гадоў мучыўся сваёю хваробаю;
6 Ісус, убачыўшы, што той ляжыць, і ведаючы, што шмат часу хварэе, кажа яму: «Хочаш быць здаровым?»
7 Адказаў яму хворы: «Гаспадару, няма ў мяне чалавека, каб, калі ўсхвалюецца вада, апусціў у купальню; а калі я прыходжу, іншы раней за мяне спускаецца».
8 Кажа яму Ісус: «Устань, вазьмі сваю пасцелю і хадзі».
9 І зараз жа зрабіўся здаровым той чалавек, і ўзяў сваю пасцелю, і хадзіў. А была субота ў той дзень.
10 Таму казалі іудзеі вылечанаму: «Сёння субота, і нельга табе браць пасцелю сваю».
11 Ён жа адказаў ім: «Хто зрабіў мяне здаровым, Той мне сказаў: Вазьмі сваю пасцелю і хадзі».
12 Спыталіся ў яго: «Хто Гэты Чалавек, што сказаў табе: Вазьмі сваю пасцелю і хадзі?».
13 Вылечаны ж не ведаў, хто Ён, бо Ісус знік з натоўпу, што быў на тым месцы.
14 Пасля гэтага знайшоў яго Ісус у святыні і сказаў яму: «Вось ты зрабіўся здаровым, больш не грашы, каб не прылучылася табе чаго горшага».
15 Пайшоў чалавек і расказаў іудзеям, што гэта Ісус быў, што зрабіў яго здаровым.
16 І таму пачалі гнаць Іудзеі Ісуса, што Ён гэта зрабіў у суботу.
17 Але [Ісус] адказаў ім: «Мой Бацька аж дагэтуль працуе, і Я працую».
18 І таму яшчэ больш намагаліся іудзеі забіць Яго, што Ён не толькі суботу парушыў, але і Сваім Бацькам называў Бога, робячы Сябе роўным Богу.
19 Тады ў адказ Ісус сказаў ім: «Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: не можа Сын нічога рабіць Сам ад Сябе, калі не бачыць, што робіць Бацька, бо што Ён робіць, тое і Сын таксама робіць.
20 Бо Бацька любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму ўчынкі большыя за гэтыя, каб вы здзіўляліся.
21 Бо як Бацька ўваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын, каго хоча, ажыўляе.
22 Бо і не судзіць Бацька нікога, а ўвесь суд аддаў Сыну,
23 каб усе шанавалі Сына, як шануюць Бацьку, Хто не шануе Сына, не шануе Бацьку, што паслаў Яго.
24 Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Хто слухае Маё слова і веруе ў Таго, Хто паслаў Мяне, мае вечнае жыццё і на суд не прыходзіць, але перайшоў са смерці ў жыццё.
25 Папраўдзе, папраўдзе кажу вам: Надыходзіць гадзіна, дый цяпер ёсць, калі мёртвыя пачуюць голас Божага Сына і тыя, што пачуюць, ажывуць.
26 Бо як Бацька мае жыццё ў Самім Сабе, так і Сыну Ён даў мець жыццё ў Самім Сабе.
27 І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён — Чалавечы Сын.
28 Не дзівіцеся гэтаму, бо надыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Яго,
29 і выйдуць тыя, што рабілі дабро, на ўваскрэсенне жыцця, а што ліхое чынілі, на ўваскрэсенне Суду.
30 Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе; як Я чую, — суджу, і Мой суд справядлівы, бо не шукаю Свае волі, але волі Таго, што паслаў Мяне.
31 Калі б Я сведчыў Сам пра Сябе, Маё сведчанне не праўдзівае;
32 ёсць Іншы, Хто сведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае сведчанне, якім Ён сведчыць пра Мяне.
33 Вы паслалі да Іаана, і ён засведчыў аб праўдзе;
34 Я ж не ад чалавека прымаю сведчанне, але кажу гэта, каб вы былі збавёныя.
35 Той быў каганцом, што гарэў і свяціў, вы ж хацелі на кароткі час пацешыцца ў яго святле.
36 Але Я маю сведчанне большае за Іаанава, бо справы, якія даў Мне Бацька, каб Я іх выканаў, самі гэтыя справы, якія раблю Я, сведчаць пра Мяне, што Бацька Мяне паслаў.
37 І Бацька, што паслаў Мяне, Сам засведчыў пра Мяне. Вы ані голасу Яго ніколі не чулі, ані Яго аблічча не бачылі,
38 і Яго слова не маеце, каб у вас заставалася, бо ў Таго, Каго Ён паслаў не веруеце.
39 Даследуеце Пісанні, бо вы думаеце ў іх мець вечнае жыццё; а яны сведчаць пра Мяне;
40 і не хочаце прыйсці да Мяне, каб мець жыццё.
41 Славы ад людзей Я не прымаю,
42 але Я ведаю вас, што вы Божай любові ў сабе не маеце.
43 Я прыйшоў у імя Свайго Бацькі, і вы Мяне не прымаеце; калі іншы прыйдзе ў сваё імя, таго вы прымеце.
44 Як вы можаце ўвераваць, калі славу адзін ад аднаго прымаеце, а славы тае, што ад Бога адзінага, не шукаеце?
45 Не думайце, што Я буду абвінавачваць вас перад Бацькам; ёсць, хто вас абвінавачваць будзе, — Майсей, на каго вы спадзяваецеся.
46 Бо калі б вы ў Майсея верылі, уверавалі б у Мяне; бо пра Мяне ён пісаў.
47 Калі ж яго пісанням не верыце, як Маім словам паверыце?»