1 Калі даведаўся Ісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Ісус здабывае болей вучняў і хрысціць, чым Іаан, —
2 хоць Ісус не хрысціў Сам, а Яго вучні,
3 Ён пакінуў Іудзею і адышоў зноў у Галілею.
4 Трэба ж было Яму праходзіць праз Самарыю.
5 Вось прыходзіць Ён у самарыйскі горад, што завецца Сіхар, побліз зямлі, якую даў Якаў Іосіфу, свайму сыну;
6 Там жа была Якава крыніца. Дык Ісус, здарожыўшыся, сядзеў так над крыніцаю; было каля шасці гадзін.
7 Прыходзіць жанчына з Самарыі набраць вады. Кажа ёй Ісус: «Дай Мне напіцца».
8 Бо Яго вучні адлучыліся ў горад купіць яды.
9 Самаранка ж гаворыць Яму: «Як Ты, іудзеем быўшы, просіш напіцца ў мяне, самаранкі?» Бо іудзеі не водзяцца з самаранамі.
10 У адказ Ісус сказаў ёй: «Калі б ты ведала Божы дар і Хто кажа табе: «Дай Мне напіцца», ты б прасіла ў Яго, і Ён даў бы табе жывой вады».
11 Кажа Яму [жанчына]: «Гаспадару, не маеш і зачарпнуць чым, а студня глыбокая, — адкуль жа ў Цябе жывая вада?
12 Хіба Ты большы за нашага бацьку Якава, які даў нам студню і сам з яе піў, і яго сыны, і яго жывёла?»
13 У адказ Ісус сказаў ёй: «Кожны, хто п’е з гэтай вады, зноў захоча піць;
14 хто ж пап’е з вады, якой Я дам яму, не будзе мець смагі навекі, але вада, якую дам яму, зробіцца ў ім крыніцаю вады, што цячэ ў вечнае жыццё».
15 Кажа Яму жанчына: «Гаспадару, дай мне гэтай вады, каб я піць не хацела і не прыходзіла сюды браць».
16 Кажа Ён ёй: «Ідзі, пакліч свайго мужа і прыходзь сюды».
17 У адказ жанчына сказала Яму: «Няма ў мяне мужа». Кажа: ёй Ісус: «Ты праўду сказала: «Няма ў мяне мужа»,
18 бо пяць мужчын мела і цяпер каторага маеш, не муж табе; ты гэта праўду сказала».
19 Кажа Яму жанчына: «Гаспадару, бачу, што Прарок Ты.
20 Нашы бацькі на гэтай гары пакланяліся, а вы кажаце, што ў Ерусаліме тое месца, дзе трэба пакланяцца».
21 Кажа ёй Ісус: «Павер Мне, жанчына, што гадзіна надыходзіць, калі ні на гэтай гары, ані ў Ерусаліме будзеце вы пакланяцца Бацьку.
22 Вы пакланяецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланяемся таму, што ведаем, бо збавенне — ад іудзеяў.
23 Але надыходзіць гадзіна, дый цяпер ёсць, калі праўдзівыя паклоннікі будуць пакланяцца Бацьку ў духу і ў праўдзе; бо і Бацька шукае Сабе такіх паклоннікаў.
24 Бог ёсць Дух, і тыя, што Яму пакланяюцца, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе».
25 Кажа Яму жанчына: «Я ведаю, што прыйдзе Месія, які завецца: Хрыстос; калі Ён прыйдзе то абвясціць нам усё».
26 Кажа ёй Ісус: «Гэта Я, што гавару з табою».
27 І надышлі тут Яго вучні і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю; ніхто, аднак, не сказаў: «Што ты шукаеш?» ці «Пра што з ёй гаворыш?»
28 Пакінула тады жанчына сваю пасудзіну і пайшла ў горад і кажа людзям:
29 «Пайдзіце, паглядзіце Чалавека, Які сказаў мне ўсё, што я ўчыніла. Ці не Хрыстос Ён?»
30 І яны павыходзілі з горада і прыйшлі да Яго.
31 Тым часам вучні прасілі Яго, кажучы: «Раббі, еш!»
32 Ён жа сказаў ім: «У Мяне ёсць спажыва, якой вы не ведаеце».
33 Тады казалі вучні адзін аднаму: «Ці не прынёс Яму хто-небудзь паесці?»
34 Кажа ім Ісус: «Спажыва Мая — тварыць волю Таго, Хто паслаў Мяне, і скончыць Яго работу.
35 Ці не вы кажаце: «Яшчэ чатыры месяцы, і надыдзе жніво!» Дык вось, кажу вам: Падыміце свае вочы і гляньце на нівы, як ужо запалавелі яны для жніва.
36 Хто жне, той заплату бярэ і збірае плён. у вечнае жыццё, каб разам цешыліся хто сее і хто жне.
37 Бо пра гэта праўдзівая прымаўка: «Адзін све, а другі жне».
38 Я паслаў вас жаць, дзе вы не працавалі: другія працавалі, а вы ў іх працу ўвайшлі».
39 А з таго горада шмат хто з самаранаў у Яго ўверавалі праз слова жанчыны, што сведчыла: «Ён сказаў мне ўсё, што я ўчыніла».
40 А калі самаране прыйшлі да Яго, то прасілі Яго застацца ў іх. Ён заставаўся там два дні.
41 І яшчэ больш народу ўверавала праз Яго слова.
42 А жанчыне яны казалі: «Ужо не праз тваё расказванне веруем, бо мы самі пачулі і ведаем, што Ён сапраўды збаўца свету».
43 А пасля гэтых двух дзён Ён выйшаў адтуль у Галілею.
44 Бо Сам Ісус засведчыў, што прарок у сваёй бацькаўшчыне пашаны не мае.
45 Але калі Ён прыйшоў у Галілею, прынялі Яго галілеяне, пабачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Ерусаліме на свяце, бо і самі яны хадзілі на свята.
46 Тады зноў Ён прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе ператварыў ваду ў віно. І быў адзін прыдворны, сын якога хварэў у Капернауме.
47 Ён, пачуўшы, што Ісус прыйшоў з Іудзеі ў Галілею, пайшоў да Яго і прасіў, каб Ён спусціўся і вылечыў яго сына: бо той быў пры смерці.
48 Тады сказаў яму Ісус: «Калі знакаў і цудаў не ўбачыце, не ўверуеце».
49 Кажа яму прыдворны: «Гаспадару, прыйдзі, пакуль яшчэ не памерла маё дзіця».
50 Кажа яму Ісус: «Ідзі, твой сын жывы». Паверыў чалавек слову, што сказаў яму Ісус, і пайшоў.
51 І калі яшчэ ў дарозе ён быў, яго рабы перастрэлі яго, кажучы: «Твой сын жыве».
52 А ён спытаўся ў іх пра гадзіну, калі яму палепшала, Яны ж яму сказалі: «Учора ў сем гадзін адпусціла Яго гарачка».
53 Зразумеў тады бацька, што гэта было ў тую гадзіну, калі сказаў яму Ісус: «Твой сын жыве»; і ўвераваў сам і ўвесь яго дом.
54 Гэта ўжо другі знак зрабіў Ісус, прыйшоўшы з Іудзеі ў Галілею.