1 І пасля гэтага хадзіў Ісус па Галілеі; бо па Іудзеі Ён не хацеў хадзіць, таму што іудзеі шукалі Яго забіць.
2 А набліжалася іудзейскае свята — стаўленне Буданоў.
3 Тады Яго браты сказалі Яму: «Пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і Твае вучні ўбачылі ўчынкі Твае, што Ты робіш;
4 Бо ніхто нічога не робіць употай, а сам стараецца быць вядомым. Калі Ты гэта робіш, з’явіся свету».
5 Бо і Яго браты не верылі ў Яго.
6 Кажа тады ім Ісус: «Мая пара яшчэ не надышла, а для вас заўсёды пара.
7 Свет не можа ненавідзець вас, Мяне ж ён ненавідзіць, бо Я сведчу пра яго, што яго ўчынкі ліхія.
8 Вы ідзіце на свята; Я яшчэ не пайду на гэтае свята, таму што мая пара яшчэ не прыспела».
9 І, сказаўшы гэта, Ён астаўся ў Галілеі.
10 Калі ж Яго браты пайшлі на свята, тады і Сам Ён пайшоў: не адкрыта, а [як бы] употай.
11 Іудзеі ж шукалі Яго на свяце і казалі: «Дзе Той?»
12 І шмат гаманы было пра Яго ў народзе: адны казалі: «Ён добры», іншыя [ж] казалі: «Не, толькі зводзіць народ».
13 Ніхто, аднак, адкрыта не казаў пра Яго з-за боязі перад іудзеямі.
14 А калі свята было ўжо на палавіне, увайшоў Ісус у святыню і вучыў.
15 І здзіўляліся іудзеі, кажучы: «Як Ён ведае Пісанне, не вучыўшыся?»
16 У адказ ім Ісус сказаў: «Маё вучэнне не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне.
17 Калі хто хоча Яго волю чыніць, той даведаецца пра вучэнне, ад Бога яно, ці Я ад Сябе Самога кажу.
18 Хто гаворыць ад самога сябе, той уласнай славы шукае; а хто славы шукае Таму, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няпраўды ў Ім няма.
19 Ці не Майсей вам даў Закон? Ды і ніхто з вас не выконвае Закона. За што вы шукаеце забіць Мяне?»
20 Адказаў народ: «Дэман у Табе; хто Цябе шукае забіць?»
21 Адказаў Ісус і сказаў ім: «Адзін учынак Я зрабіў, і вы ўсе здзіўляецеся.
22 Майсей даў вам абразанне, — хоць яно не ад Майсея, але ад бацькоў, — вы і ў суботу абразаеце чалавека.
23 Калі чалавек прымае абразанне ў суботу, каб не быў парушаны Закон Майсееў, чаму на Мяне злуяцеся, што Я ўсяго чалавека аздаравіў у суботу?
24 Не судзіце з выгляду, але судзіце справядлівым судом».
25 Казалі тады некаторыя з ерусалімлян: «Ці не Той гэта, Каго шукаюць забіць?
26 І вось Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць. Няўжо даведаліся начальнікі, што гэта сапраўды Хрыстос?
27 Але ж мы ведаем Гэтага, адкуль Ён. А калі Хрыстос прыйдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён».
28 Усклікнуў тады ў святыні Хрыстос, навучаючы і кажучы: «І ведаеце Мяне і ведаеце, адкуль Я; але Я прыйшоў не ад Самога Сябе, ды праўдзівы ж Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ведаеце;
29 Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў».
30 І шукалі схапіць Яго, ды ніхто не паклаў на Яго рукі, бо яшчэ не надышла Яго гадзіна.
31 З натоўпу ж многія ўверавалі ў Яго і казалі: «Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо болей створыць цудаў, чым Гэты стварыў?»
32 Пачулі фарысеі гэтыя погаласкі пра Яго ў натоўпе, і паслалі першасвятары і фарысеі слуг, каб схапіць Яго.
33 Сказаў тады Ісус: «Яшчэ нядоўга пабуду Я з вамі і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне.
34 Будзеце шукаць Мяне, і не знойдзеце [Мяне], і, дзе буду Я, туды вы не можаце пайсці».
35 Сказалі тады іудзеі адзін аднаму: «Куды Ён збіраецца ісці, што мы не знойдзем Яго? Ці не збіраецца Ён ісці да высяленцаў сярод грэкаў і навучаць грэкаў?
36 Што за слова, якое Ён сказаў: «Будзеце шукаць Мяне і не знойдзеце, і дзе буду Я, туды вы не зможаце пайсці?»
37 У апошні ж, вялікі дзень Свята стаяў Ісус і ўсклікнуў, кажучы: «Калі прагне хто з вас, хай ідзе да Мяне і п’е.
38 Хто веруе ў Мяне, як кажа Пісанне, рэкі жывой вады пацякуць з яго ўлоння».
39 Гэта ж Ён сказаў пра Духа, што павінны былі атрымаць тыя, што веравалі ў Яго. Бо яшчэ не было на іх Духа, таму што Ісус яшчэ не быў праслаўлены.
40 Тады з натоўпу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: «Гэта сапраўды прарок».
41 Іншыя казалі: «Гэта Хрыстос». А іншыя яшчэ: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос?
42 Ці не ў Пісанні сказана, што ад патомства Давідавага і з Віфлеема, таго паселішча, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?»
43 І пачаўся з-за Яго разлад у натоўпе;
44 А некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не наклаў на Яго рук.
45 Дык прыйшлі паслугачы да першасвятароў і фарысеяяў і тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?»
46 Адказалі паслугачы: «Ніколі так не казаў чалавек [як Гэты чалавек]».
47 І адказалі ім фарысеі: «Няўжо і вас звялі?
48 Хіба хто-небудзь з начальнікаў ці з фарысеяў увераваў у Яго?
49 Але гэты натоўп не ведае Закону, пракляты ён».
50 Кажа ім Мікодым, што прыходзіў да Яго раней і быў адзін з іх:
51 «Хіба наш Закон судзіць чалавека, не выслухаўшы яго спярша і не даведаўшыся, што ён робіць?»
52 У адказ сказалі яму: «Ці і ты не з Галілеі? Даследуй і пабач, што з Галілеі прарок не прыходзіць».
53 І пайшоў кожны ў свой дом.