Библия Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Да Філіпянаў, 2 Пасланне да Філіпянаў, 2 глава

1 Калі ёсць які заклік у Хрысце, калі ёсць якое падбадзёрванне любові, калі ёсць якая лучнасць Духа, калі ёсць якое сардэчнае спачуванне,
2 то дапоўніце маю радасць, каб вы думалі тое самае, мелі тую самую любоў, былі аднадушнымі і аднадумцамі.
3 Нічога не рабіце дзеля разладу ці дзеля пустой пахвальбы, але ў пакоры лічыце адзін аднаго вышэйшым за сябе.
4 Не клапаціцеся кожны толькі пра сваё, але і пра іншых.
Гімн Хрысту, прыніжанаму і ўзвышанаму

5 Няхай вашыя думкі будуць такімі, як у Хрысце Езусе.
6 Ён, будучы ў постаці Бога, не скарыстаў з таго, каб быць нароўні з Богам,
7 але выракся самога сябе, прыняўшы постаць слугі, прыпадобніўшыся да людзей. І з выгляду стаўшы як чалавек,
8 прынізіў сябе, будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.
9 Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя,
10 каб на імя Езуса схілілася кожнае калена стварэнняў нябесных, зямных і падземных,
11 і каб кожны язык вызнаваў, што Панам ёсць Езус Хрыстус дзеля хвалы Бога Айца.
Павел заклікае філіпянаў клапаціцца аб збаўленні

12 Умілаваныя мае, як вы заўсёды былі паслухмянымі не толькі ў маёй прысутнасці, але яшчэ больш цяпер, у час маёй адсутнасці, так з бояззю і трымценнем здзяйсняйце сваё збаўленне.
13 Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання.
14 Усё рабіце без нараканняў і сумненняў,
15 каб вы сталі бездакорнымі, бязвіннымі і беззаганнымі Божымі дзецьмі сярод ілжывага і падступнага пакалення, у якім вы ззяеце, як светачы ў свеце.
16 Трымайцеся слова жыцця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я не дарма бег і не дарма працаваў.
17 Калі нават і пральюся як ахвяра на служэнне вашай веры, то радуюся і цешуся разам з усімі вамі.
18 Таксама і вы радуйцеся і цешцеся са мною.
Місія Цімафея і Эпафрадыта

19 Маю надзею ў Пану Езусе, што ў хуткім часе прышлю да вас Цімафея, каб я супакоіўся, даведаўшыся пра вас.
20 Бо я не маю іншага аднадумца, які б так шчыра рупіўся пра вас.
21 Усе шукаюць свайго, а не таго, што Езуса Хрыста.
22 Вы ведаеце яго вернасць, бо ён, як бацькаў сын, служыў разам са мною дзеля пашырэння Евангелля.
23 Спадзяюся, што я пашлю яго да вас адразу, як толькі вырашу свае справы.
24 Маю надзею ў Пану, што і сам неўзабаве прыбуду да вас.
25 Я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата, свайго паплечніка ў працы і змаганні, вашага пасланца і слугу ў маёй патрэбе,
26 бо ён вельмі тужыў па ўсіх вас і вельмі непакоіўся з-за таго, што вы пачулі пра яго хваробу.
27 І сапраўды, ён смяротна захварэў. Але Бог змілаваўся над ім, і не толькі над ім, але і нада мною, каб я не меў дадатковага смутку.
28 Таму я тым хутчэй паслаў яго, каб вы ўбачылі яго і ўзрадваліся зноў, і каб я не меў смутку.
29 Прыміце яго ў Пану з поўнай радасцю і майце ў пашане такіх,
30 бо ён быў у небяспецы смерці за справу Хрыста, рызыкаваў жыццём, каб споўніць тое, у чым вы не маглі служыць мне.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Пасланне да Філіпянаў, 2 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.