1 Аднойчы, калі Езус выходзіў са сьвятыні адазваўся да яго адзін з вучняў Ягоных: "Вучыцелю, глянь, што за камяні ды якія пабудовы?"
2 У адказ сказаў яму Езус: "Бачыш усе гэтыя будоўлі вялізарныя? Не застанецца з іх камень на камені, каб ня быў развалены".
3 А калі Езус сядзеў на Аліўнай Гары супраць сьвятыні, аддзельна пыталіся Яго Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй:
4 скажы нам, калі гэта станецца, ды што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?
5 Адказваючы Езус пачаў ім выясьняць: "Глядзіце, каб вас хтосьці ня зьвёў.
6 Бо ў імя Маё прыйдзе многа, каторыя будуць казаць: "Гэта я" і яны многіх зьвядуць.
7 А калі пачуеце пра войны і пра паведамленьні ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца але не на гэтым канец.
8 Падымецца (паўстане) народ на народ ды каралеўства (дзяржава) супроць каралеўству ды будуць мясцамі землятрусыі голад. Гэта пачатак боляў, цярпеньняў.
9 Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і бічаваць у сынагогах і будуць вас у пасьведчаньне аба Мне стаўляць (цягаць) перад правіцелямі і каралямі.
10 Але трэба, каб перш была вешчана Эвангелія ўсім народам.
11 А калі вас цягаць будуць на асуджэньне, не думайце раней, што маеце гаварыць. Бо не вы будзеце гаварыць але Дух Сьвяты.
12 А будзе выдаваць на сьмерць брат брата і бацька сына ды дзеці збунтуюцца супроць бацькоў (родзічаў) ды будуць іх забіваць.
13 І будзеце вы ў ненавісьці ўва ўсіх ізза Мяне. Але хто ўстаіць (вытрымае) да канца — будзе збаўлены.
14 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня пашыраную там дзе ня мела быць, хто чытае хай разумее, што тыя, якія ў Юдэі, хай уцекаюць у горы.
15 А хто на даху, хай не сыходзіць у дом, ды хай не ідзе, каб што ўзязь з дому свайго.
16 А хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць накідку сваю.
17 Бяда будзе бярэменным ды соячым у тыя дні.
18 Дзеля таго, маліцеся, каб не выпала гэта ў зіму.
19 Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт (тэррор) якога не было ад стварэньня сьвету аж дасюль, сьвету, які Бог стварыў.
20 Калі б Бог не скараціў тых днёў, не ўцалеў бы ніхто, але Бог скараціў дні дзеля сваіх выбраных, якіх Ён выбраў.
21 Калі б хто вам тады сказаў: "Во тут Хрыстус, або там, ня верце".
22 Бо паявіцца фальшывыя Хрыстусы і фальшывыя (хвальшывыя) прарокі і будуць тварыць знакі ды цуды, каб зьвесьці (калі гэта магчыма) нават выбраных.
23 Дык высьцеражыцеся: таму я вам усё прадсказаў.
24 А па прыгнёце ў тыя дні зацьміцца сонца ды месяц ня дасьць сьвятла свайго,
25 а зоркі нябесныя падаць будуць ды магуцьці (сілы), што на небе стануць хістацца (варушыцца).
26 І тады ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў воблаках з вялікай магутаю і славаю.
27 Тады то пашле Сваіх анёлаў і сабярэ з чатырох старон ад канца да канца сьвету выбраньнікаў Сваіх.
28 Вучыцеся падабенства з фігавага дрэва. Калі ўжо яго галінка робіцца мягкай і пукаецца (выпушчае лісты), ведаеце, што ўжо блізка лета.
29 Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, у дзьвярах.
30 Сапраўды кажу вам, не праміне гэты род (пакаленьне), аж гэта ўсё станецца.
31 Неба і зямля зчэзнуць, але словы Мае трываць будуць.
32 А дня тога і хвіліны (пары) ніхто ня ведае: ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
33 Глядзіце, пільнуйцеся і маліцеся, бо ня ведаеце, калі гэты час надыйдзе.
34 Будзе як з чалавекам, які выехаў у дарогу, пакінуў свой дом і даў уладу сваім слугам, кожнаму свой абавязак, а прыдзьвернаму пільнаваць.
35 Дык пільнуйцеся, бо не ведаеце, калі гаспадар дому вернецца: вечарам, ці а поўначы, ці калі пятух засьпявае, ці раніцай,
36 каб калі вернецца раптам, каб не застаў вас сьпячымі.
37 А што вам кажу, усім кажу, пільнуйцеся!