1 I глянуў я. І вось Ягнёнак стаяў на гары Сыён. Пры ім стаялі сто сорак чатыры тысячы, якія мелі на чалах сваіх выцісьнена імя Яго і імя Айца Ягонага.
2 I пачуў я голас з неба, быццам многіх водаў і быццам рэха магутнага грому. Голас, каторы чуў я, гучаў як ігра (гарфа) гусьляроў, граючых на гусьлях сваіх.
3 Яны сьпяваюць, быццам новую песьню перад тронам і перад чатырма істотамі і старцамі, і ніхто ня мог сьпяваць гэтай песьні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.
4 Гэта тыя, што не спламіліся сябраваньнем з жанчынамі і з'яўляюцца нявіннымі. Iдуць яны за Ягнёнкам, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія адкуплены спаміж людзей як першынцы Богу і Ягнёнку,
5 і ў вуснах не знойдзена ілжы. Без заганы бо стаяць яны перад тронам Бога.
6 I бачыў я іншага анёла, пралятаючага праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае веставаньне паведамляць пражываючым на зямлі, усякаму пакаленьню і племю, і роду, і мове, і народу,
7 усклікваючы гучным голасам: "Шануйце Госпада і дайце Яму пашану, бо надходзіць час суда Ягонага, і пакланіцеся Тварцу неба і зямлі, мора і крыніц водных.
8 I іншы анёл ляцеў за ім, кажучы,"Паў, паў Бабілон, вялікі той, які паіў усе народы вогненным віном распусты сваёй."
9 I трэці анёл ляцеў за тым, гамонячы зычным голасам: "Калі б хто кланяўся бэстыі і вобразу яе і атрымаў бы знак на чале сваім, або на руцэ,
10 той будзе піць віно гневу Божага, якое без прымешкі вады было наліта ў келіх помсты Ягонай. Агнём і серкай будзе мучаны той на віду ў анёлаў сьвятых і Ягнятка.
11 Дым мучэньня іх паднімецца на векі вечныя. Ані днём, ані ноччу не будуць мець перапынку тыя, якія кланяюцца бэстыі і вобразу яе і якія носяць знак імя яе.
12 Тут вось стойкасьць сьвятых, якія спаўняюць загады Божыя і веру Ў Езуса.
13 I пачуў я голас з неба, кажучы мне: "Шчасьлівыя памёршыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Адсюль ужо, — кажа Дух, — яны супачынуць ад прац сваіх, бо ўчынкі іх ідуць за імі."
14 I глянуў я, і ўбачыў воблака яснае, а на воблаку сядзеў нехта падобны да Сына Чалавечага. На галаве меў Ён залатую карону, а ў руцэ трымаў востры серп.
15 I іншы анёл выйшаў са сьвятыні ўсклікваючы гучным голасам да сядзячага на воблаку: "Пашлі серп свой і жні, бо прыйшоў час жніва, каб жаць, бо насьпела жніво зямлі".
16 А той, што сядзеў на воблаку, пусьціў серп свой на зямлю, і зжата было збожжа на зямлі.
17 I выйшаў іншы анёл са сьвятыні, якая ёсьць у небе, трымаючы таксама серп востры.
18 I яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, выйшаў ад аўтара і загаманіў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: "Спусьці серп свой востры і абрэж гронкі вінаграда зямлі, бо насьпелі ягады ягоныя".
19 I спусьціў анёл серп свой востры на зямлю і абрэзаў вінаград зямлі і ссыпаў гронкі ў вялікі прэс гневу Божага.
20 I выцісканы прэсам вінаград за горадам, і пацякла кроў з прэса аж да вуздэчак коней, аж за тысячу стадыяў.