5 1 І ўбачыў я ў руцэ Седзячага на троне кнігу запісаную ўнутры і звонку запячатаную на сем пячацяў.
2 І ўбачыў магутнага Анёла, абвяшчаючага гучным голасам: "Хто дастойны раскрыць кнігу і зьняць яе пячаці?"
3 І ніхто ня мог ані на небе, ані на зямлі раскрыць кнігу, ні на яе глянуць.
4 І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным раскрыць кнігу і глянуць на яе.
5 І адзін са старэйшын сказаў мне: "Ня плач, вось перамог Леў з пакаленьня Юды, расток Давідаў, каб адкрыць кнігу і сем яе пячацяў".
6 І ўбачыў я між тронам і чатырма жывёлінамі, пасярод старэйшын Ягня стаячае, быццам забітае, маючае сем рагоў і сем вачэй, якія з'яўляюцца сямю Духамі Божымі пасланымі на ўсю зямлю.
7 І пайшло і ўзяло з правай рукі Седзячага на троне кнігу.
8 А калі раскрыла кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старэйшыны ўпалі перад Ягнём, кожны з іх маючы гарфу і залатыя чашы, поўныя пахнілаў, якія абазначаюць маленні сьвятых,
9 і сьпявалі новую песьню, кажучы: "Дастойны Ты, Госпадзе, узяць кнігу і адчыніць пячаці яе, бо забіты быў Ты і адкупіў Ты нас Богу крывёю Сваёй з усякага пакаленьня і мовы, і народа, і нацыі,
10 і ўчыніў нас валадарствам і духоўнікамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі.
11 Калі так глядзеў, пачуў вакруг трона, вакруг жывёлін і навокал старэйшын голас безьлічы анёлаў, а лік іх-тысячы тысяч,
12 кажучых гучным голасам: "Дастойны Ты Ягня, што забіты быў, каб прыняць моц і багацьце, і мудрасьць, і сілу, паклон і хвалу, і падзяку".
13 Тады пачуў я, як засьпявала ўсё стварэньне, што на небе і што на зямлі, і пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсьць: "Седзячаму на троне і Ягнятку хай будзе хвала і паклон, і слава, і валаданьне на векі вечныя".
14 А чатыры зьвяры-істоты казалі: Аман. І дваццаць чатыры старцы падалі на твар свой і кланяліся Жывучаму на векі вечныя.