1 І ўбачыў я новае неба і новую зямлю . Бо першае неба і першая зямля зьніклі, а мора ўжо няма.
2 А я, Ян, убачыў сьвяты горад Ерузалім новы, сыходзячы з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявета на сустрэчу свайго мужа.
3 І пачуў я голас магутны, кажучы: "Вось прыбытак Божы (табернакулюм) з людзьмі, і Ён будзе прабываць з імі. І яны будуць людам Яму, а сам Бог для іх будзе іх Богам.
4 І абатрэ Бог апошнюю сьлязу з вачэй іх, а сьмерці ўжо ня будзе, ані гора, ані ўскрыкаў, ані больлю больш ня будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула.
5 І сказаў Той, Які сядзеў на троне: "Вось ўсё твару я новае", і дабавіў: "Напішы, бо словы гэтыя найвярнейшыя і праўдзівыя".
6 І гаварыў мне яшчэ: "Сталася. Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам я піць дарма з крыніцы жыцьця".
7 "Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну. Буду яму Богам. А ён будзе мне сынам.
8 Удзелам жа трусьлівых, няверных, нячыстых, забойцаў, распусьнікаў, чараўнікоў, ідалахвальцаў і лгуноў — усіх іх будзе палымнеючае возера агню і серкі. Гэта вось — другая сьмерць".
9 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чашаў поўных сямю карамі апошнімі і загаварыў да мяне, кажучы: "Хадзі, пакажу табе нявесту Ягнёнка".
10 І падняў Ён мяне ў духу на гару вялікую і вельмі высокую і паказаў мне сьвяты горад Ерузалім, сыходзячы з неба ад Бога
11 і маючы яснасьць Божую. Блеск яго быў падобны на блеск дарагога каменьня, быццам аспіса ці крышталю.
12 Меў ён вялікі і высокі мур з дванаццацю брамамі. На брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія з'яўляюцца назвамі дванаццаці пакаленьняў сыноў Ізраеля.
13 Ад усходу — тры брамы, ад поўначы — тры брамы, ад поўдня — тры брамы і ад захаду таксама тры брамы.
14 А мур горада меў дванаццаць фундаментаў, а на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці апосталаў Ягнёнка.
15 А той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысьціну, каб зьмераць горад, брамы ягоныя і мур.
16 Горад распаложаны ў квадраце — даўжыньня яго роўная шырыні. І мераў ён горад залатой трысьцінай на прасторы дванаццаці тысяч стадыяў. А даўжыня яго, вышыня і шырыня — аднолькавы.
17 І зьмераў мур яго на прасторы ста сарака чатырох локцяў. Гэта мера, якой карыстаюцца людзі, такой ужывае і анёл.
18 А мур яго быў збудаваны з яспіса, смарагд быў з чыстага золата, чыстага, як шкло.
19 Фундаменты муру горада ўпрыгожаны былі дарагім каменьнем. Фундамент першы з яспісу, другі з сапфіры, трэці з хадьцэдону, чацьвёрты з смарагду,
20 пяты з сарданіксу, шосты з карнеолу, сёмы з хрызаліту, восьмы з берылу, дзевяты з топазу, дзесяты з хрызапразу, адзінаццаты з гіяцынту, дванаццаты з аметысту.
21 А дванаццаць брам — гэта дванаццаць перлаў — жамчужынаў; кожная брама была з адной жамчужыны. А вуліцы горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.
22 А сьвятыні я ў ім ня ўбачыў, бо Госпад Бог Усемагутны быў яго сьвятыняй, разам Ягнёнак быў сьвятыняй горада.
23 Горад жа не патрабуе ўжо ні сонца, ні месяца, каб асьвятлялі яго, яснасьць бо Божая асьвятляе яго, а Ягнёнак ёсьць сьвятлом ягоным.
24 І будуць хадзіць народы ў сьвятле ягоным і валадары зямныя прынясуць да яго хвалы сваю хвалу.
25 Брамы яго не зачыняюцца ўдзень, а ночы ж няма ўжо там.
26 Унясуць у яго хвалу і славу народаў.
27 Нішто заганнае ня ўвойдзе ў яго, ніводзен ліхадзей ані махляр, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцьця Ягнёнка.