1 Калі Ягнёнак зьняў сёмую пячаць, настала ў небе маўчаньне як бы на поў гадзіны.
2 І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем трубаў.
3 Потым выступіў іншы анёл і стаў перад аўтаром, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзены былі яму кадзілы, каб з малітвамі ўсіх сьвятых палажыў іх на залатым аўтары, які знаходзіўся перад Божым тронам.
4 І падняўся дым пахнучых кадзілаў разам з мольбамі сьвятых з рукі анёла да Бога.
5 Тады анёл узяў кадзільніцу і напоўніў яе агнём з аўтара і кінуў на зямлю. У той момант загрымелі громы і галасы, і былі маланкі і страшныя ўздрыгванні зямлі.
6 А сем анёлаў з сямю трубамі рыхтаваліся, каб затрубіць.
7 І першы анёл затрубіў. І паўстаў град і агонь, зьмешаны з кроўю і апалі на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэў спалымнела, і ўся трава згарэла.
8 Другі анёл затрубіў. І тады, быццам велічэзная гара, агнём палымнеючая, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора стала кроўю.
9 Трэцяя частка марскіх істот прапала, і трэцяя частка караблёў загінула.
10 І затрубіў трэці анёл. Тады зьляцела з неба велічэзная зорка, палымнеючая, як факел. Звалілася яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.
11 А назва той зоркі Абсінцый-палын. І трэцяя частка водаў сталася горкай, як палын. І многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.
12 І чацьвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца і трэцяя часьць месяца, і трэцяя частка зор, так што пацямнела іх трэцяя часьць, а дзень роўна з ночай страцілі трэцюю частку сваёй яснасьці.
13 Потым глянуў я і пачуў голас аднаго анёла, які ляцеў пасярэдзіне неба, голасна ускрыкваючы: "Гора, гора, гора жыхарам зямлі, бо трубяць яшчэ трубы трох анёлаў, якія павінны неўзабаве затрубіць".