9 1 І затрубіў анёл пяты. І ўбачыў я зорку, як яна звалілася з неба на зямлю. Дадзены ёй ключ ад студні бяздоньня.
2 І адкрыла яна студню пропасьці. І падняўся з бездані дым, як з вялізнае печы, а сонца і паветра патанула ў цемры ад дыму той прорвы.
3 З дыму той студні разышлася саранча па зямлі. Дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.
4 Атрымала яна прыказ ня шкодзіць траве зямлі ані ніякай зелені, ані ніякім дрэвам, толькі людзям, якія ня маюць пячаці Божай на чалах сваіх.
5 Нельга было ім забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. А мучэньне іх, як боль ад скарпіёна, калі ўколе чалавека.
6 І ў тыя дні людзі будуць шукаць сьмерці, але ня знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ сьмерць ад іх.
7 Саранча была падобна да коней, падрыхтаваных да бою. На галавах яны мелі быццам залатыя кароны. Воблікі іх былі на падабенства да твараў людскіх.
8 Валасы мелі падобныя да валасоў жанчын, а зубы іх падобныя да зубоў льва.
9 Панцыры іх былі нібы з жалеза. Грукат крыльляў іх быццам грукат многіх вазоў запрэжаных коньмі, якія гоняцца ў бой.
10 І мелі хвасты падобныя як у скарпіёнаў, і жыгадлы ў сваіх хвастах. Мелі ўладу яны шкодзіць людзям праз пяць месяцаў.
11 Маюць яны над сабой быццам анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абаддон, а па-грэчаску Аполіён (нішчыцель).
12 Так прайшло першае Гора, а вось два іншыя Горы наступаюць.
13 І шосты анёл затрубіў. Тады пачуў я голас выходзячы з чатырох рагоў залатога аўтара, які быў перад Богам.
14 Голас той сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: "Асвабадзі чатырох анёлаў, прывязаных на вялікай рацэ Эўфрат".
15 Тады былі вызвалены з путаў чатыры анёлы, якія былі прыгатаваны на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю часць людзей.
16 А лік коннага войска быў дваццаць чатыры праз дзесяць тысяч, і пачуў я гэты лік.
17 І так бачыў я ў візіі коней і коннікаў на іх. Мелі яны панцыры агніста-чырвоны, дымна-сінія і серкава-жоўтыя. Галовы іх былі як галовы львоў , а з храпаў іхніх шугаў агонь, дым і серка.
18 Ад гэтых трох бедстваў агня, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, прапаў адна трэцяя частка ўсіх людзей.
19 Бо сіла коней у іхніх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобны да вужоў, маюць галовы і імі прычыняюць многа зла (ліха).
20 Аднак, астатнія людзі, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, ня каяліся дзеля неправасьці рук сваіх, каб не пакланяліся дэманам і залатым ідалам і сярэбраным, і бронзавым, каменным і драўляным, якія ня могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць.
21 І не пакаяліся людзі ў забойствах сваіх, не адмовіліся ад чараваньняў сваіх, ад распусты сваёй, ані ад зладзейства свайго.