Яна 14 глава

Евангелле паводле святога Яна
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце.
 

У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас.
 

А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я.
 

А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце».
 

Кажа яму Тамаш: «Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?»
 

Езус сказаў яму: «Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне.
 

Калі вы ведаеце Мяне, то будзеце ведаць і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі».
 

Філіп кажа Яму: «Пане, пакажы нам Айца, і хопіць нам».
 

Адказаў яму Езус: «Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца. Дык чаму ты кажаш: “Пакажы нам Айца?”
 

Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы.
 

Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх спраў.
 

Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца.
 

І тое, аб чым папросіце ў імя Маё, Я зраблю гэта, каб уславіўся Айцец у Сыне.
 

Калі аб чым папросіце Мяне ў імя Маё, Я зраблю гэта.
 

Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі.
 

І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшыцеля, каб быў з вамі навекі,
 

Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе.
 

Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас.
 

Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
 

У той дзень пазнаеце, што Я ў Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
 

Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і аб’яўлюся яму».
 

Юда, не Іскарыёт, кажа Яму: «Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?»
 

Езус сказаў яму ў адказ: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго.
 

Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.
 

Я сказаў вам гэта, будучы з вамі.
 

А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам.
 

Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца.
 

Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне.
 

І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца.
 

Ужо нядоўга Мне размаўляць з вамі, бо надыходзіць валадар гэтага свету. Ён нічога не мае ўва Мне.
 

Але каб свет ведаў, што Я люблю Айца і раблю так, як наказаў Мне Айцец. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.