Яана 14 глава

Паводля Яана Сьвятое Эвангельле
Пераклад Сабілы і Малахава → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Няхай ня трыво́жыцца сэрца вашае; верце ў Бога, і ў Мяне верце.
 

У Доме Бацькі Майго ёсьць многа Сьвятліц, а калі б ня (гэтак было), Я сказаў бы вам. Іду прыгатаваць вам Мейсца,
 

і калі пайду і прыгатую вам Мейсца, ізноў прыйду і вазьму вас да Сябе, каб дзе Я, і вы былі.
 

І куды Я йду, ведаеце, і Шлях ведаеце.
 

Кажа Яму Хама: Госпадзе! ня ве́даем, куды йдзеш, і як можам ведаць шлях?
 

Кажа яму Ісус: Я ёсьць Шлях і Праўда, і Жыцьцё. Ніхто ня прыхо́дзе да Бацькі, калі ня це́раз Мяне.
 

Калі б (вы) пазналі Мяне, дык і Бацьку Майго пазналі бы. І ад цяпе́р ведаеце Яго і бачылі Яго.
 

Кажа Яму Піліп: Госпадзе! пакажы нам Бацьку, і годзе нам.
 

Кажа яму Ісус: ці це́перся Я з вамі, і (ты) ня пазна́ў Мяне, Піліп? Хто бачыў Мяне, бачыў Бацьку. І як ты кажаш: пакажы нам Бацьку?
 

Ты ня ве́рыш, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне? Словы, што Я кажу вам, ад Сябе ня кажу́, але Бацька, Які ёсьць ува Мне, Ён робіць Чыны.
 

Верце Мне, што Я ў Бацьку, і Бацька ўва Мне; калі ж не, верце Мне па самых Учынках.
 

Праўду, Праўду кажу вам: хто верыць у Мяне, Учынкі, якія Я раблю, і ён будзе рабіць, дый большыя за гэтыя зробіць, бо Я да Бацькі Майго йду.
 

І тое, чаго папросіце ў Імя Маё, тое Я зраблю, каб быў услаўлены Бацька ў Сыне.
 

Калі чаго папросіце ў Імя Маё, Я зраблю.
 

Калі любіце Мяне, Прыказаньні Мае споўніце.
 

І Я ўпрашу Бацьку, і Ён дасьць вам другога Суцяшальніка, каб быў з вамі на векі,
 

Духа Праўды, Якога сьвет ня мо́жа прыняць, бо ня ба́чыць Яго, і ня ве́дае Яго; а вы ведаеце Яго, бо Ён з вамі ёсьць, і ў вас будзе.
 

Ня пакіну вас сіротамі: прыйду да вас.
 

Яшчэ трохі, і сьвет Мяне больш ня ўба́чыць, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
 

У той дзень вы пазнаеце, што Я ў Бацьку Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас.
 

Той, хто ма́е Прыказаньні Мае́ і выпаўняе Іх, ён ёсьць той, хто любіць Мяне, а той, хто любіць Мяне, будзе палюблены Бацькам Маім, і Я палюблю яго, і зьяўлюся яму Сам.
 

Кажа Яму Юда, ня Іскарыёт: Госпадзе, што (гэта) сталася, што Ты хочаш зьявіць Сябе нам, а ня сьве́ту?
 

Адказаў Ісус і сказаў яму: калі хто любіць Мяне, споўніць Слова Маё; і Бацька Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім Сялібу ў яго.
 

Хто ня любіць Мяне, ня выпаўняе Словаў Маіх; а Слова, якое (вы) чуеце, ня ёсьць Маё, але Бацькі, Які паслаў Мяне.
 

Гэтае сказаў Я вам, будучы з вамі.
 

Суцяшальнік жа, Дух Сьвяты, Якога пашле Бацька ў Імя Маё, Ён навучыць вас усяго і напомніць вам усё, што Я сказаў вам.
 

Мір пакідаю вам, Мір Мой даю вам; ня та́к, як сьвет дае, Я даю вам (Мір Мой). Няхай ня трыво́жыцца сэрца вашае і ня баíцца.
 

Вы пачулі, што Я сказаў вам: адыходжу (ад вас) і прыходжу да вас. Калі (б) вы любілі Мяне, (вы) радаваліся б, што Я сказаў: іду да Бацькі, бо Бацька Мой ёсьць большы за Мяне.
 

І Я сказаў вам цяпе́р, перш, чым сталася, каб (вы) паверылі, як станецца.
 

Ужо ня до́ўга Я буду гаварыць з вамі, бо прыходзе князь гэтага сьвету і ўва Мне ня ма́е нічога.
 

Але, каб сьвет пазнаў, што Я люблю Бацьку і, як загадаў Мне Бацька, так раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.