Іаана 14 глава

Святое Евангелле паводле Іаана
Пераклад праваслаўнай царквы → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Няхай не трыво́жыцца сэ́рца ваша; ве́руйце ў Бога, і ў Мяне ве́руйце;
 

у доме Айца Майго абíцеляў многа; а калі б не так, Я сказаў бы вам: іду падрыхтава́ць ме́сца вам;
 

і калі пайду́ і падрыхту́ю ме́сца вам, зноў прыйду́ і вазьму́ вас да Сябе, каб там, дзе Я, былí і вы;
 

а куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.
 

Кажа Яму Фама: Госпадзі! мы не ведаем, куды Ты ідзе́ш; і як мы можам шлях ведаць?
 

Кажа яму Іісус: Я — шлях і íсціна, і жыццё: ніхто не прыхо́дзіць да Айца інакш, як праз Мяне;
 

калі б ведалі вы Мяне, то і Айца Майго ве́далі б; і з гэтага часу ве́даеце Яго і ба́чылі вы Яго.
 

Кажа яму Філіп: Госпадзі! пакажы́ нам Айца, і дастатко́ва для нас.
 

Кажа яму Іісус: гэ́тулькі ча́су Я з вамі, і ты не пазна́ў Мяне, Філіп? хто бачыў Мяне, той бачыў Айца; як жа ты кажаш: «пакажы́ нам Айца»?
 

ці не верыш, што Я ў Айцу́ і Айцец ува Мне? словы, якія Я гавару вам, Я не ад Сябе гавару; Айцец, які ўва Мне, Ён здзяйсня́е спра́вы;
 

ве́рце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне; а калі не, то з-за самы́х спраў ве́рце Мне;
 

праўду, праўду кажу вам: хто ве́руе ў Мяне, той здзе́йсніць спра́вы, якія Я здзяйсня́ю, і бо́льшыя за іх здзе́йсніць; таму што Я да Айца Майго іду;
 

і чаго ні папро́сіце ў імя́ Маё, тое зраблю́, каб прасла́віўся Айцец у Сыне;
 

калі чаго папро́сіце ў імя́ Маё, Я зраблю́;
 

калі лю́біце Мяне, то за́паведзі Мае вы́канайце,
 

і Я ўмалю́ Айца, і другога Уцяшы́целя Ён дасць вам, каб быў з вамі даве́ку,
 

Духа íсціны, Якога свет не можа прыня́ць, бо не бачыць Яго і не ве́дае Яго; а вы ве́даеце Яго, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе;
 

не пакíну вас сіро́тамі, прыйду́ да вас;
 

яшчэ трохі, і свет ужо не ўба́чыць Мяне, а вы ўба́чыце Мяне, бо Я жыву́, і вы жыць будзеце;
 

у той дзень даве́даецеся вы, што Я у Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас;
 

хто ма́е за́паведзі Мае́ і выко́нвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто лю́біць Мяне, таго будзе любíць Айцец Мой, і Я ўзлюблю яго і яўлю́ яму Сябе.
 

Кажа Яму Іуда, не Іскарыёт: Госпадзі! што́ ста́лася, што Ты хочаш явíць Сябе нам, а не свету?
 

У адказ Іісус сказаў яму: хто лю́біць Мяне, той вы́канае слова Маё; і Айцец Мой узлю́біць яго, і Мы пры́йдзем да яго і абíцель у яго ство́рым;
 

хто не лю́біць Мяне, той не выко́нвае слоў Маіх; слова ж, якое вы чу́еце, не Маё, а Айца, Які пасла́ў Мяне;
 

гэта сказаў Я вам, бу́дучы з вамі;
 

Уцяшы́цель жа, Дух Святы́, Якога пашле́ Айцец у імя́ Маё, наву́чыць вас усяму і напо́мніць вам усё, што Я казаў вам;
 

мір пакіда́ю вам, мір Мой даю вам; не так, як свет дае́, Я даю́ вам; няхай не трыво́жыцца сэ́рца ваша і не баіцца;
 

вы чулі, што Я сказаў вам: адыхо́джу і прыйду́ да вас; калі б вы любíлі Мяне, то ўзра́даваліся б, што Я сказаў: іду да Айца, бо Айцец Мой бо́льшы за Мяне;
 

і Я сказаў вам цяпер, перш, чым збыло́ся, каб вы паве́рылі, калі збу́дзецца.
 

Ужо няшма́т Я буду гаварыць з вамі; бо ідзе князь свету гэтага і ўва Мне не ма́е нічога;
 

але каб ведаў свет, што Я люблю́ Айца і, як запаве́даў Мне Айцец, так раблю, — уста́ньце, по́йдзем адгэ́туль.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.