Іоана 14 глава

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Няхай не сумляваецца сэрца вашае; веруйце ў Бога і ве́руйце ў Мяне́.
 

У доме Айца Майго многа сьвятліц; каб жа ня гэтак было, сказаў бы Я вам: іду прырыхтаваць вам ме́сца.
 

І, калі пайду і прыгатую вам ме́сца, прыйду ізноў і вазьму вас да Сябе́, каб і вы былі, дзе́ Я.
 

І куды йду, ве́даеце, і дарогу ве́даеце.
 

Кажа Яму Хама́: Госпадзе! ня ве́даем, куды йдзе́ш; дык як можам ве́даць дарогу?
 

Ісус сказаў яму: Я і дарога, і праўда, і жыцьцё. Ніхто ня прыходзе да Айца, калі не цераз Мяне́;
 

калі-б вы пазналі Мяне́, пазналі-б і Айца Майго; і ад сяньня ве́даеце Яго і бачылі Яго.
 

Кажа яму Піліп: Госпадзе! пакажы нам Айца, і годзе з нас.
 

Кажа яму Ісус: гэтулькі часу я з вамі, і ты не пазнаў Мяне́, Піліп? Хто бачыў Мяне́, бачыў Айца; як жа ты кажаш: пакажы нам Айца?
 

Ці ж ты ня ве́рыш, што Я ў Айцу і Аце́ц у-ва Мне́? Словы, што кажу вам Я, ад Сябе́ не кажу. Аце́ц, што ў-ва Мне́, Ён робіць дзе́лы.
 

Ве́рце Мне́, што Я ў Айцу, і Ён у-ва Мне; калі-ж не́, ве́рце Мне́ па самых учынках.
 

Запраўды́, запраўды́ кажу вам: хто ве́руе ў Мяне́, будзе рабіць учынкі, якія Я ро́блю, дый большыя за іх зробіць: бо Я да Айца Майго іду.
 

І чаго папросіце ў імя Маё, тое зро́блю, каб уславіўся Аце́ц у Сыне.
 

Чаго папросіце ў імя Маё, Я зроблю.
 

Калі любіце Мяне́, спо́ўніце Мае́ за́паведзі.
 

І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Пацяшы́целя, каб быў з вамі даве́ку,
 

Духа праўды, Якога сьве́т ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго, а вы ве́даеце Яго, бо Ён з вамі ёсьць і ў вас будзе.
 

Не пакіну вас сіротамі: прыйду да вас.
 

Яшчэ трохі, і сьве́т ужо ня ўбачыць Мяне́, а вы ўбачыце Мяне́, бо Я жыву, і вы жыць будзеце.
 

У той дзе́нь даве́даецеся, што Я ў Айцу, і вы ў-ва Мне́, і Я ў вас.
 

Хто мае за́паведзі Мае́ і выпаўняе іх, той любіць Мяне́, а таго, хто любіць Мяне́, любіцімець Аце́ц Мой, і Я палюблю Яго і зьяўлюся яму Сам.
 

Кажа Яму Юда (не Іскарыёт): Госпадзе, чаму гэта Ты хочаш зьявіць Сябе́ нам, а ня сьве́ту?
 

І адказаў яму Ісус і сказаў: хто любіць Мяне́, той спаўняе слова Маё; і Аце́ц Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім сялібу ў яго.
 

Хто ня любіць Мяне́, не выпаўняе слоў Маіх; слова-ж, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, што паслаў Мяне́.
 

Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі.
 

Пацяшыцель жа, Дух Сьвяты, Якога пашле́ Аце́ц у імя Маё, навучыць вас усяго і напомніць вам усё, што Я казаў вам.
 

Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам; даю-ж вам ня так, як сьве́т дае́: няхай не сумлява́ецца сэрца вашае і не баіцца.
 

Вы чулі, што Я сказаў вам: іду ад вас і прыйду да вас. Калі-б вы любілі Мяне́, то ўце́шыліся бы, што Я сказаў: іду да Айца, бо Аце́ц Мой большы за Мяне́.
 

І сказаў Я вам цяпе́р — пе́рш, чым ста́лася, каб вы паве́рылі, як ста́нецца.
 

Ужо нямнога Мне́ гаварыць з вамі; бо йдзе́ князь гэтага сьве́ту і ў-ва Мне́ ня ма́е нічога.
 

Але, каб сьве́т ве́даў, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне́ Аце́ц, так ро́блю, — устаньце, пойдзем адгэтуль.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.