Ёвава 40 глава

Кніга Ёвава
Пераклад Яна Станкевіча → Подстрочник Винокурова

 
 

І адказаў СПАДАР Ёву, і сказаў:
 

«Ці тый, што сьперачаецца з Усемагучым, можа ўчыць Яго? Хто сьперачаецца з Богам, няхай адкажа на гэта».
 

І адказаў Ёў СПАДАРУ, і сказаў:
 

«Вось, я малое вагі, што я маю адказаць Табе? Руку сваю кладу на вусны свае.
 

Я гукаў раз, і ня буду адказаваць; двойчы, але ня буду болей».
 

І адказаў СПАДАР Ёву зь віхру, і сказаў:
 

«Паперажы ж сьцёгны свае, як муж: Я буду пытаць, а ты азнаймляй Імне.
 

Ты хочаш адкінуць суд Мой, абвінаваць Мяне, каб аправіць сябе?
 

Ці такое ў цябе плячо, як у Бога, і ты можаш загрымець голасам, як Ён?
 

Прыбярыся вяліччам а годнасьцяй, адзенься ў славу а харашыню.
 

Вылі пал гневу свайго, і глянь на кажнага гордага, і паніж яго.
 

Глянь на кажнага гордага, і ўслыш яго, і патапчы нягодных на месцу іхным.
 

Схавай іх у пыле разам, віды іхныя зьвяжы ў схове.
 

Тады Я прызнаю табе, што спасець цябе правіца твая.
 

Вось бегемот, каторага Я ўчыніў, як цябе; ён есьць траву, як вол.
 

Вось сіла ягоная ў сьцёгнах ягоных, і дужасьць ягоная ў мускуле бруха ягонага.
 

Ён зьгінае хвост свой, як кедра; жылы ў лядзьвях ягоных перапляліся.
 

Косьці ягоныя — трубы мядзяныя; косьці ягоныя, як пруты зялезныя.
 

Ён першы з дарогаў Божых. Тый, што ўчыніў яго, бліжа да яго меч Свой.
 

Бо корм горы даюць яму, і ўсі зьвяры палявыя гуляюць там.
 

У сьценях іх ляжыць ён, у схове трысьніковым і ў балоце.
 

Даюць яму сьцень рассахатыя дзервы, і вербы ля ручаёў акружаюць яго.
 

Вось ён п’ець раку, але не барзьдзіць; ён пэўны, хоць бы Ёрдан лінуўся яму ў рот.
 

Ці можна яго ўзяць перад ачыма ягонымі, ці можаш у пыск яму зацягнуць дрот?
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.