Біблія » Станкевіча Пераклад Яна Станкевіча

Нэгэміна 13 Нэгэміна 13 раздзел

1 Таго дня чыталі ўчуткі люду з кнігі Масеявае і знайшлі напісанае ў ёй, каб ня ўвыйшоў Амонянін а Моаўлянін у грамаду Божую на векі,
2 Бо яны не перанялі сыноў Ізраелявых з хлебам а вадою, і нанялі супроці яго Валаама, каб пракляў яго; але Бог наш абярнуў праклён у дабраславенства.
3 І сталася, як пачулі Права, то яны аддзялілі ад Ізраелю ўсе мешанае.
4 А перад гэтым Еляшыў сьвятар, маючы нагляд над сьвірнам дому Бога нашага, пасваячыўся з Товаю
5 І перадаў яму вялікі сьвіран, ідзе ўперад складалі хлебныя аброкі, кадзіла а судзьдзе а дзесяціны збожжа, новае віно а аліву, прызначаньне Левітам а пяюном а брамнікам, і аброкі сьвятаром.
6 Але тады я ня быў у Ерузаліме, бо трыццаць другога году Артарксэркса, караля Бабілёнскага, я прышоў да караля і, за колькі дзён, прасіў у караля адпуску.
7 І я прышоў да Ерузаліму, і ўцяміў ліха, што зрабіў Еляшыў дзеля Товы, прызначыўшы яму сьвіран у панадворках дому Божага;
8 І было гэта вельма благім імне, і я выкінуў вон ізь сьвірна ўсі хатнія рэчы Товіны.
9 І сказаў, каб ачысьцілі сьвіран, і зьвярнуў туды ізноў судзьдзе дому Божага, хлебныя аброкі а кадзіла.
10 І я даведаўся, што дзеляў Левітам не давалі, і разьбегліся кажны да поля свайго — Левітаве а пяюны, што рабілі работу сваю.
11 Тады пасварыўся я на начэльнікаў і сказаў: «Чаму вы апусьцілі дом Божы?» І я зьбер іх, і прызначыў іх на іхнае месца.
12 Тады прыносілі ўсі Юдэі дзесяціну збожжа а новага віна а алівы да скарбніцаў.
13 І прызначыў я скарбнікаў над скарбніцамі: Шэлему сьвятара а Садока пісьменьніка а Бедаю зь Левітаў, і пры іх Ганана, сына Закура Матфанёнка, бо іх мелі за верных. Абавязак іх — разьдзяляць братом сваім.
14 Успомні мяне, о Божа мой, за гэта і ня вытры маіх добрых учынкаў, што я зрабіў дому Божаму й старожам яго.
15 Гэтага часу я абачыў у Юдэі таўкучых віно ў таўчэльні ў сыботу, і возячых стагі, і накладаючых на аслы; а таксама віно, вінныя ягады а фіґі а ўсялякія цяжары, каторыя прывозілі да Ерузаліму ў сыботні дзень. І перасьцерагаў я іх таго дня пры сьветках, як прадавалі еміну.
16 І Тыране жылі таксама там, каторыя прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і прадавалі ў сыботу сыном Юдэі і ў Ерузаліме.
17 Тады я пасварыўся на паноў Юды і сказаў ім: «Што гэта за ліха, што вы робіце й будзеніце дзень сыботні?
18 Ці так не рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас а на места гэтае ўсе гэта ліха? А вы павялічаеце пал гневу на Ізраеля, будзенячы сыботу».
19 І сталася, што як зьмяркала ля брамаў Ерузалімскіх, перад сыботаю, я расказаў, і запіралі вароты, і я сказаў, каб іх не адпіралі аж да па сыбоце. І дзяцюкоў сваіх я станавіў ля брамаў, каб ня прыносілі цяжараў у дзень сыботні.
20 Дык, начавалі купцы а прадаўнікі ўсякага тавару вонках Ерузаліму аднойчы й двойчы.
21 Але я перасьцярог іх пры сьветках і сказай ім: «Чаму вы начуеце ля сьцяны? Калі вы ізноў гэтак зробіце, руку, выцягну на вас». Адгэнуль яны ня прыходзілі ў сыботу.
22 І казаў я Левітам, каб яны ачысьціліся й прышлі вартаваць каля брамаў, каб сьвяціць дзень сыботні. І за гэта ўспомні мяне, Божа мой, і пажалей мяне зь вялікага міласэрдзя Свайго!
23 Яшчэ тых дзён бачыў я Юдэяў, што жылі із жонкамі з Ашдодзянак, Амонянак а Моаўлянак;
24 І сынове іхныя на палавіцу гукалі ашдодзкаю моваю, і ня ўмелі гукаць паюдэйску, але подле мовы кажнага люду.
25 Я сьперачаўся зь імі, і кляў, і біў некатрых із мужоў, ірваў у іх валасы, і прысягаю Богам іх абавязаваў, каб яны не аддавалі дачок сваіх сыном іхным і ня бралі дачок іхных сыном сваім і сабе.
26 «Ці ня зь іх прычыны грашыў Салямон, кароль Ізраеляў? У шмат якіх народаў ня было караля, як ён, і Бог яго ўлюбіў, і Бог устанавіў яго каралём над усім Ізраелям; нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя.
27 Як можна нам чуць праз вас, што вы робіце ўсе гэта вялікае ліха, ізраджаючы Бога нашага, жывучы з чужаземнымі жанкамі?»
28 І із сыноў Егояды, сына Еляшыва, вялікага сьвятара, быў зацям Санвалата Гороняніна. Я прагнаў яго ад сябе.
29 Успомні, о Божа мой, супроці іх, што яны сплюгавілі сьвятарства а Змову сьвятарскую а левіцкую!
30 Гэтак я іх ачысьціў ад усёга чужаземнага, і ўстанавіў старожы сьвятароў а Левітаў, кажнага ў занятку сваім.
31 І даставу дроў у прызначаным часе й пачаткі. Успомні, о Божа мой, на дабро імне!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Нэгэміна, 13 раздзел. Пераклад Яна Станкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.