1 Мы як супрацоўнікі Божыя (Хрыстовыя) перасьцерагаем вас: каб вы не марнавалі (надарма не прымаем) ласкі Божай:
2 Ён кажа: "У час адпаведны (прыдатны) выслухаў Я Цябе ды ў дзень збаўленьня ўспамог Цябе". Вось цяпер пажаданы час, вось жа цяпер дзень збаўленьня!
3 Не даючы нікому магчамасьці горшыцца, каб не высьмеялі (нашай) паслугі, наадварот
4 аказваемся слугамі Бога ўсім: праз вялікаю цярплівасьць, у бядзе, у недастатках, у ўцісках,
5 у нешчасьцях, у вязніцах, у бунтах, у трудох, у недаспаннях, у пастах,
6 у чыстасці, у мудрасьці, у вялікадушшах, у дабраце, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,
7 у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праўды ў правай і левай руцэ,
8 у пашане (у чэсьці) і ў ганьбе, у добрай і ліхой славе, як звадыяшы, а ўсёж тыкі праўдамоўныя, быццам няведамыя, а ўсёж добра вядомыя,
9 быццам ўміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не замораныя,
10 як бы сумныя але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога ня маючыя, а ўсё маючыя.
11 Вусны нашыя адкрыліся да вас, Карынтыяне, нашае сэрца расшырылася.
12 Вам ня цесна ў нас, цесна — у вашых сэрцах.
13 Адгаджаючыся нам у той сам спосаб, адкрыйцеся і вы як да сваіх дзяцей гавару.
14 Не запрагайцеся з няверучымі пад адно ярмо. Бо што мае супольнага справядлівасьць з несправядлівасьцю? Або якая супольнасьць сьвятла з цемраю?
15 Альбо якая супольнасьць Хрыста з Беліярам, або веручага з няверучым?
16 Або наастатак якая лучнасьць сьвятыні Божай з ідаламі? Бо вы яўляецеся сьвятыняй — храмам Бога Жывога, як кажа Бог: "Пасялюся ў іх і буду хадзіць сярод іх, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам".
17 Таму выйдзіце спаміж іх і адлучыцеся ад іх — кажа Госпад, і не дакранайцеся да нічога нячыстага, а Я вас прыму
18 і буду вам Айцом, а вы будзеце маімі сынамі і дочкамі — кажа Госпад Усёмагутны.