Да Эфэсянаў 6 глава

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэтага патрабуе справядлівасьць.
 

Шануй бацьку твайго і маці — гэта першая запаведзь з абяцаньнем:
 

«Хай будзе табе добра, і будзеш доўга жыць на зямлі».
 

І вы, бацькі, не дакучайце дзецям вашым, а гадуйце іх у навуцы і настаўленьні Гасподнім.
 

Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх цялесных са страхам і трымценьнем, у прастаце сэрца вашага, як Хрыста,
 

ня ў блізірнай толькі паслужлівасьці, як чалавекадагоднікі, а як рабы Хрыстовыя, выконваючы волю Божую ад душы,
 

служачы шчыра, як Госпаду, а ня як людзям,
 

ведаючы, што кожны атрымае ад Госпада ў меру дабра, якое ён зрабіў, хай то раб, хай вольнік.
 

І вы, гаспадары, рабеце зь імі гэтак сама, лагодзьце строгасьць, ведаючы, што і над вамі самімі і над імі ёсьць на нябёсах Гасподзь, Які не зважае на асобы.
 

Нарэшце, браты мае, мацуйцеся Госпадам і магутнасьцю сілы Ягонай;
 

апранецеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць хітрыкаў д’ябальскіх;
 

бо нашае змаганьне ня супроць крыві і плоці, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць сьветаўпраўцаў цемры сьвету гэтага, супроць духаў злосьці паднябесных.
 

Дзеля гэтага прымеце поўную зброю Божую, каб вы маглі супрацьстаць у часіну ліхую і, усё адолеўшы, выстаяць.
 

Так што станьце, апаясаўшы сьцёгны вашыя праўдаю, і апрануўшыся ў браню праведнасьці,
 

і абуўшы ногі ў гатовасьць абвяшчаць мір;
 

а найперш за ўсё вазьмеце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея;
 

і шалом ратунку вазьмеце, і меч духоўны, які ёсьць Слова Божае;
 

усякаю малітваю і просьбаю малецеся ў любы час духам, і дбайце пра гэта самае з усёй сталасьцю і благаньнем за ўсіх сьвятых
 

і за мяне, каб мне дадзена было слова — вуснамі маімі адкрыта і адважна абвяшчаць таямніцу зьвеставаньня,
 

дзеля якога я пасольствую ў кайданах, каб я сьмела прапаведаваў, як я і павінен.
 

А каб і вы ведалі пра мае акалічнасьці і дзеі, пра ўсё раскажа вам Тыхік, любасны брат і верны ў Госпадзе службіт,
 

якога я і паслаў да вас на тое самае, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.
 

Мір братам і любоў зь вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Мілата з усімі, што нязьменна любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста. Амін.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.