Да Эфесцаў 6 глава

Ліст да Эфесцаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва.
 

Паважай бацьку твайго і маці; гэта першае прыказанне з абяцаннем:
 

каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі.
 

І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінанні Госпадавым.
 

Нявольнікі, са страхам і трымценнем у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся цялесным гаспадарам вашым, як Хрысту,
 

не на вачах толькі служачы, каб людзям падабацца, але як паслугачы Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы,
 

з добрай волі паслугуючы, як Госпаду, а не людзям,
 

ведаючы, што кожны, хто б зрабіў дабро, той і ад Госпада атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны.
 

І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, змяншаючы пагрозы, ведаючы, што іх і ваш Госпад ёсць у небе і што Ён не ўзіраецца на асобу.
 

Урэшце, браты, умацуйцеся ў Госпадзе і ў сіле магутнасці Яго.
 

Апраніцеся ва ўсю зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла.
 

Бо наша змаганне не супраць цела і крыві, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць цемры гэтага веку, супраць духаў нягоднасці ў нябёсах.
 

Дзеля таго вазьміце ўсю зброю Божую, каб маглі ў дзень ліхі супрацьстаць і, выканаўшы ўсё, выстаяць.
 

Дык стойце, падперазаўшы сцёгны вашы праўдаю, і надзеўшы панцыр справядлівасці,
 

і абуўшы ногі ў гатоўнасць абвяшчаць Евангелле супакою;
 

на ўсякую [нагоду] вазьміце шчыт веры, якім зможаце патушыць усе вогненныя стрэлы ліхога;
 

і вазьміце шалом збаўлення разам з мечам Духа, якім ёсць Слова Божае,
 

ва ўсякі час молячыся ўсякаю малітваю і просьбаю ў Духу, аб гэтым самым чувайце з усёй трываласцю і просьбаю за ўсіх святых
 

і за мяне, каб дадзены быў мне дар слова на адкрыванне вуснаў маіх, каб пераканаўча выяўляў таямніцы Евангелля,
 

дзеля якога я прызначаны пасланцам у путах, каб у ім адважыўся гаварыць так, як мне належыць гаварыць.
 

Каб жа і вы ведалі пра мяне, што раблю, пра ўсё гэта паведаміць вам Тыхік, найдаражэйшы брат і верны слуга у Госпадзе,
 

якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў сэрцы вашы.
 

Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.
 

Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незнішчальнасці. Амін.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.