1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрдзе Божае, аддавайце целы вашыя ў ахвяру жывую, сьвятую, мілую Богу на разумнае служэньне вашае.
2 І не ўпадабняйцеся гэтаму сьвету, але пераменяйцеся праз аднаўленьне розуму, каб умелі пазнаць, якая ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае Богу ды дасканалае.
3 Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб ня думалі аб сабе вышэй, чым належыцца, але кожны хай думае аб сабе цьвяроза, паводле дадзенай Богам кожнаму меры веры.
4 Як бо ў адным целе маем многа членаў, а ўсе члены ня тую самую работу спаўняюць,
5 падобна і ўсе мы супольна творым адно цела ў Хрысьце, а паасобку адзін для другога — члены.
6 А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: ці дар прароцтва згодна з верай,
7 ці дар службы для паслугаваньня, ці дар навукі для вучэньня,
8 ці дар заахвоты для заахвочваньня; хто ўспамагае, дык у прастаце сэрца, хто старшынствуе, дык рупліва, хто міласэрны, дык з ахвотаю.
9 Любоў хай будзе без крывадушнасьці. Адварочвайцеся ад зла, спагяняйце дабро;
10 шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, шануйце адзін аднаго, упераджаючы;
11 у рупнусьці не лянуйцеся, духам палайце, Госпаду служыце,
12 у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,
13 бярыце ўдзел у патрэбах сьвятых, спаганяйце гасьціннасьць.
14 Багаслаўце перасьледвальнікаў сваіх; багаслаўце, а не кляніце!
15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
16 Жывіце між сабой аднадумна, ня думайце зашмат аб сабе, але саступайце ў пакоры. Не ўважайце сябе за вельмі разумных.
17 Не адгаджайце злом за зло. Дбайце пра тое, што добрае на віду ўсіх людзей.
18 На колькі магчыма ды колькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.
19 Ня помсьціце, умілаваныя, самі за сябе, але пакінце гэта Таму, аб кім напісана: "Да Мяне належыць помста, Я аднагараджуся", — кажа Госпад.
20 Але калі б быў галодны непрыяцель твой, накармі яго; калі б быў засьмягшы, напаі яго. Так вось робячы, вугольле гарачае насыпаеш яму на галаву.
21 Ня дайся перамагчы злу, але зло перамагай дабром.