1 Ці ж вы не ведаеце, браты, — бо гавару тым, хто ведае закон, — што, дакуль жыве чалавек, закон пануе над чалавекам?
2 Падобна і замужняя жанчына звязана законам з жывым мужам; а калі муж памрэ, яна вызвалена ад мужа па законе.
3 Таму яна будзе называцца чужаложніцай, калі пры жывым мужу выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна вольная ад закону і не будзе чужаложніцай, калі выйдзе замуж за другога.
4 Так і вы, браты мае, памерлі для закону праз Цела Хрыстова, каб належаць другому, Таму, Які ўваскрос з мёртвых, каб прыносіць плод Богу.
5 Пакуль мы жылі ў целе, у членах нашых праз закон дзейнічалі грахоўныя жарсці, каб мы прыносілі плод смерці.
6 Цяпер жа мы вызвалены ад закону, у якім утрымліваліся, памерлі для яго, каб служыць Богу ў абнаўленні Духа, а не па старой літары.
7 Дык што скажам? Няўжо закон — грэх? Ніякім чынам! Але я спазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы пажадлівасці, калі б закон не казаў: «Не пажадай».
8 Але грэх, які ўзяўся з нагоды прыказання, выклікаў у мяне ўсякія пажаданні, бо, каб не было закону, грэх быў бы мёртвы.
9 Калісьці я жыў без закону, але, калі прыйшло прыказанне, ажыў і грэх,
10 а я памёр; і я знайшоў, што прыказанне, якое было на жыццё, прывяло мяне на смерць.
11 Бо грэх, што ўзяўся з нагоды прыказання, звёў мяне і праз яго забіў.
12 Вось жа, закон сам па сабе святы, і прыказанне святое, і справядлівае, і добрае.
13 Дык што, добрае сталася для мяне смерцю? Ніякім чынам! Але грэх праз добрае спарадзіў мне смерць, і, такім чынам, грэх выявіўся; каб стаўся грэх празмерна грэшным праз прыказанне.
14 Ведаем бо, што закон духоўны, а я — цялесны, праданы граху.
15 Я нават не разумею, што раблю, бо не раблю таго, чаго хачу, але тое, што ненавіджу, раблю.
16 А калі раблю тое, чаго не хачу, тады прызнаю, што закон — добры.
17 Тады ўжо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне.
18 Я бо ведаю, што ўва мне, значыць у целе маім, не жыве добрае: бо жаданне дабра побач са мною, але, каб зрабіць дабро, — не знаходжу.
19 Бо не раблю дабра, якога хачу, але раблю тое зло, якога не хачу.
20 А калі раблю тое, чаго не хачу, значыць, не я ўжо гэта раблю, але грэх, што ўва мне жыве.
21 Дык вось, знаходжу закон, што калі хачу рабіць дабро, то побач са мною зло.
22 Бо паводле ўнутранага чалавека захапляюся законам Божым,
23 але ў членах маіх бачу іншы закон, які працівіцца закону майго розуму ды няволіць мяне законам граху, які ёсць у членах маіх.
24 Нешчаслівы я чалавек! Хто вызваліць мяне ад гэтага смяротнага цела?
25 Дзякуй Богу праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага! Вось, я розумам служу закону Божаму, хоць целам — закону граху.
Ліст да Рымлянаў, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.