Ярэмы 29 глава

Кніга прарокі Ярэмы
Пераклад Яна Станкевіча → Перевод Десницкого

 
 

Гэта словы лісту, што Ярэма прарока паслаў зь Ерузаліму засталым старцом а сьвятаром а прарокам а ўсяму люду, каторы Невухаднецар вывеў палоненікамі зь Ерузаліму да Бабілёну, —
 

Просьле тога, як вышлі зь Ерузаліму кароль Ехоня а караліца а легчанцы, князі юдэйскія а ерузалімскія а цесьлі а кавалі, —
 

Елясаям Шафанёнкам а Ґемараю Гілчанком, каторых паслаў Сэдэка, кароль Юдэйскі, да Бабілёну да Невухаднецара, караля Бабілёнскага:
 

«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, усім выведзеным палоненікам, каторых Я перавёў зь Ерузаліму да Бабілёну:
 

"Стаўце дамы й жывіце, і садзіце сады й ежча садавіну іх;
 

Бярыце жонкі й радзіце сыноў а дачкі, і бярыце жонкі сыном сваім і дачкі свае выдавайце замуж, і хай родзяць сыноў а дачкі, і хай памножацца там, а не паменеюць.
 

І рупцеся праз супакой таго места, да каторага Я прывёў вас палоненікам! і маліцеся СПАДАРУ за яго, бо ў яго дабрабыце й вы будзеце мець дабрабыт".
 

Бо гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў: "Хай ня зводзяць вас прарокі вашы а варажбіты вашы, што меж вас, і не зварачайце ўвагі на сьненьні свае, што вы сьніце;
 

Бо манліва яны праракаюць імям Маім: Я не пасылаў іх", — агалашае СПАДАР.
 

Бо гэтак кажа СПАДАР: "Як выпаўніцца Бабілёну семдзясят год, Я даведаюся да вас і здойсьню над вамі Свае добрае слова, каб зьвярнуць вас на месца гэтае;
 

Бо Я ведаю думкі ўзглядам вас, — агалашае СПАДАР, — думкі супакою, а не на ліха, каб даць вам канец а надзею.
 

І загукаеце да Мяне, і пойдзеце, і памоліцеся Імне, і Я пачую вас.
 

І будзеце шукаць Мяне, і знойдзеце, калі будзеце шукаць Мяне ўсім сэрцам сваім.
 

І Я прычыню, што вы знойдзеце Мяне, — кажа СПАДАР, — і зьвярну палон ваш, і зьбяру вас із усіх народаў і з усіх месцаў, куды Я выпіхнуў вас, — агалашае СПАДАР, — і прывяду вас ізноў на месца, скуль Я вывеў вас у палон".
 

Бо вы казалі: "Пастанавіў нам СПАДАР прарокаў у Бабілёне".
 

Гэтак кажа СПАДАР праз караля, што сядзіць на пасадзе Давідавым, і праз увесь люд, што жывець у гэтым месьце, праз братоў вашых, што ня вышлі з вамі да палону.
 

Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Вось, Я пашлю на іх меч, галадоў а ліпучку, і ўчыню іх, як нягодныя фіґі, каторых нельга есьці зь негадзячасьці іх,
 

І буду перасьледаваць іх мячом, галадоўю а ліпучкаю, і ўчыню іх жахам усім гаспадарствам зямлі, праклёнам, зуменьням, сьвістам а ганьбаю ў вусіх народаў, куды Я выпіхнуў іх;
 

Бо яны ня слухалі слоў Маіх, — агалашае СПАДАР, — што Я пасылаў ім слугамі Сваімі, прарокамі, рана ўстаючы й пасылаючы, але яны ня слухалі", — агалашае СПАДАР.
 

Дык слухайце вы слова СПАДАРОВА, увесь палон, каторых Я выслаў зь Ерузаліму да Бабілёну:
 

Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, праз Агава Коляёнка а Сэдэку Маасэенка, што праракаюць вам ману імям Маім: "Вось, Я аддам іх у руку Невухаднецара, караля Бабілёнскага, і ён зразе іх перад ачыма вашымі.
 

І палон Юдэйскі, што ў Бабілёне, будзе ўжываць іх на праклён кажучы: ’Няхай СПАДАР зробе вам, як Сэдэку а Агаву, каторых сьпёк кароль Бабілёнскі на цяпле,
 

Бо яны дзеялі дурноту ў Ізраелю, дзеялі чужалоства із жонкамі прыяцеляў сваіх і гукалі манлівыя словы імям Маім, чаго Я не расказаў ім; Я ведаю а сьветчу’, — агалашае СПАДАР"».
 

І Шэмаі Негелямяніну гукай, кажучы:
 

«Гэтак кажа СПАДАР войскаў, Бог Ізраеляў, кажучы: "За тое, што ты пасылаў сваім імям лісты да ўсяго люду ў Ерузаліме, і да Софоні Маасэенка сьвятара, і да ўсіх сьвятароў, кажучы:
 

’Спадар прызначыў цябе за сьвятара замест Егояды сьвятара, каб былі нагляднікі ў доме СПАДАРОВЫМ над кажным, што адыходзе ад розуму і выдаець сябе за прароку, каб ты садзіў яго ў вязьніцу а зялезы;
 

Дык чаму ж ты ня зганіш Ярэму з Анафофу, што праракае вам?
 

Бо ён паслаў нам да Бабілёну, кажучы: "Гэты палон даўгі: стаўце дамы й жывіце, і садзіце сады й ежча садавіну іх"’"».
 

І Софоня сьвятар чытаў гэты ліст у вушы Ярэме прароку.
 

Тады было слова СПАДАРОВА да Ярэмы, кажучы:
 

«Пашлі да ўсяго іх палону, кажучы: "Гэтак кажа СПАДАР узглядам Шэмаі Негелямяніна: ’За тое, што Шэмая праракаў вам, а Я не пасылаў яго, і ён завяраў вас у мане’,
 

За тое гэтак кажа СПАДАР: ’Вось, Я даведаюся да Шэмаі Негелямяніна а да насеньня ягонага: ён ня будзе мець людзіны, што жыла б меж люду гэтага, і не абача дабра, што я зраблю люду Свайму, — кажа СПАДАР, — бо ён падвучаў да адвярненьня ад СПАДАРА’"».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.