2 1 Потым, пасьля чатырнаццаці гадоў я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою Тіта.
2 Накіраваўся ж я туды дзеля аб'яўленьня і прадставіў ім эвангелію, якою навучаў паганаў, а ў аддзельнасьці тым, якія вылучаюцца сярод іншых аўтарытэтам, каб часам не трудзіцца на пуст, як трудзіўся.
3 Ды і Тыт, які быў са мной, паганін (грэк) ня быў змушаны да абразаньня.
4 Але вось абманам праніклі туды крывадушныя браты, каб выпрабаваць свабоду нашу, якую маем у Езусе Хрысьце, каб піхнуць нас зноў у няволю.
5 Намаганьню іхняму не ўступілі ні на хвіліну, каб праўда эвангеліі заставалася пры вас,
6 з тымі ж, што выдаюць мець аўтарытэт, якім калісьці цешыліся, нічога мяне ня вяжа. Бог не аказвае прыхільнасьці дзеля важнасьці асобы, а тыя, што важнымі з'ўляюцца, мне не пярэчылі.
7 Нават наадварот, калі пераканаліся, што мне паручана апавяшчаць Эвангелію паганам,
8 як Пятру абразаным (жыдам), бо той, што даў уладу Пятру апостальстваваць між абразанымі, той жа самы і мне даў уладу між паганамі,
9 дык вось, калі пазналі, што і мне дадзена гэта ласка, Якуб, Пётр і Ян, якія здаюцца быць шульямі, падалі мне рукі і сябру Барнабу, каб мы ішлі да паганаў, а яны пойдуць да абразаных, каб толькі помнілі мы пра бедных,
10 аб чым я і сам рупіўся раней.
11 Калі ж пасьля таго Пётр прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён на гэта заслужыў.
12 Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, сядаў разам з паганамі за стол, калі ж тыя надыйшлі, стаў пазьбягаць і аддзяляцца, баючыся іх, бо былі абрэзанымі.
13 За гэтай яго фальшывасьцю пайшлі і другія жыды, так што і Барнаба быў пацягнуты імі ў гэту няшчырасьць.
14 Калі ж я спасьцярог, што няправільна паступаюць, не паводле праўды эвангеліі, сказаў аб гэтым публічна Пятру "Калі ты, будучы жыдам, жывеш па-паганску, а не па-жыдоўску, чаму змушаеш паганаў да спосабу жыдоўскага жыцьця "
15 Мы з роду жыды, а не з паган-грэшнікаў.
16 Ведаем жа, што чалавек апраўдваецца ня праз выпаўненьне закону, а праз веру ў Езуса Хрыстуса, і мы паверылі ў Езуса Хрыстуса, каб апраўдацца верай, а не выпаўненнем закона, бо выпаўненьнем закона не апраўдваецца ніхто.
17 Калі б жа і мы, шукаючы апраўданьня ў Хрыстусе, аказаліся грэшнымі, ці ж бы і Хрыстус быў учасьнікам граха? Аніколі.
18 Калі ж адбудоўваю зноў тое, што раней разрушыў, то сябе раблю праступнікам.
19 Я вось праз закон памёр закону, каб жыць Богу. З Хрыстусам я ўкрыжаваны.
20 Такім чынам жыву ўжо не я, а жыве ў ва мне Хрыстус. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву верай у Сына Божага, які ўзьлюбіў мяне і аддаў на сьмерць самога Сябе за мяне.
21 Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон было апраўданьне, дык не патрэбнай была б сьмерць Хрыстова.