1 Дык што скажам? Ці будзем трываць у граху, каб памнажалася ласка? Ніякім чынам!
2 Бо калі мы памерлі для граху, дык як жа можам жыць у ім далей?
3 Ці ж вы не ведаеце, што мы ўсе, ахрышчаныя ў Ісуса Хрыста, ахрышчаныя ў смерць Яго?
4 Таму праз хрост мы разам з Ім пахаваныя ў смерць, каб як Хрыстос быў уваскрашоны з мёртвых славаю Айца, так і мы пачалі жыць абноўленым жыццём.
5 Бо калі мы аб’яднаны з Ім падобнасцю Яго смерці, дык [будзем аб’яднаны падобнасцю] і ўваскрэсення.
6 Ведаем гэта, што для знішчэння грэшнага цела даўнейшы наш чалавек быў разам з Ім укрыжаваны на тое, каб мы больш не служылі граху.
7 Хто бо памёр, апраўдаўся ад граху.
8 Калі ж мы памерлі разам з Хрыстом, дык верым, што разам з Ім і жыць будзем,
9 ведаючы, што Хрыстос, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць над Ім не мае ўлады.
10 Калі Ён памёр, дык памёр толькі раз для граху, а што жыве, то жыве для Бога.
11 Так і вы лічыце сябе памёршымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Ісусе.
12 Дык хай жа грэх не валадарыць у вашым смяротным целе, каб вам слухацца пажадлівасцей яго.
13 Не аддавайце граху члены вашыя як зброю несправядлівасці, але аддавайце сябе Богу як тыя, што пасля смерці ажылі, ды члены вашыя аддавайце Богу як зброю справядлівасці.
14 Няхай грэх не пануе над вамі, бо вы не пад законам, але пад ласкаю.
15 Дык што ж? Будзем грашыць, бо мы не пад законам, але пад ласкай? Аніяк!
16 Ці ж не ведаеце, што каму аддаяце сябе слугой на паслухмянасць, становіцеся таго слугамі, каму паслухмяныя: ці граху на смерць, ці паслухмянасці на справядлівасць.
17 Дзякуй Богу, што вы, якія былі нявольнікамі граху, ад шчырага сэрца паслухаліся таго ладу навукі, у якую вы аддалі сябе.
18 Вызваленыя ж ад граху, вы сталіся слугамі справядлівасці.
19 Гавару, як прынята ў людзей, дзеля кволасці цела вашага. Як аддавалі вы члены вашыя на службу нячыстасці і нягоднасці на беззаконне, так аддавайце цяпер члены вашыя на службу справядлівасці на асвячэнне.
20 Калі вы былі нявольнікамі граху, тады былі вы свабоднымі ад справядлівасці.
21 Які ж вы мелі плод тады з таго, чаго цяпер саромеецеся? Бо канец іх — смерць!
22 Цяпер жа, вызваленыя ад граху ды ўчыненыя слугамі Бога, маеце плод ваш на асвячэнне, а на канец — жыццё вечнае!
23 Бо плата за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым.