1 І, ўзняўшы вочы Свае, Ён убачыў багатых, што кідалі свае дары ў скарбніцу.
2 І ўбачыў Ён адну бедную ўдаву, якая ўкінула туды дзве лепты,
3 І сказаў: «Сапраўды кажу вам: гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх;
4 бо ўсе яны ад свайго збытку кідалі ў ахвяру [Богу], гэтая ж са свайго ўбоства ўкінула ўвесь пражытак, што мела.
5 І калі некаторыя казалі пра святыню, што яна аздоблена прыгожым каменнем і ахвярамі, Ён сказаў:
6 «Прыйдуць дні, калі з таго, што бачыце, не астанецца каменя на камені, як не зруйнуецца».
7 І спыталіся у Яго, кажучы: «Настаўніку, калі ж гэта будзе і што будзе за знак, калі гэта павінна адбыцца?»
8 Ён жа сказаў: «Глядзіце, каб не звялі вас: бо шмат прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «Гэта Я» і «Час наблізіўся». Не ідзіце за імі.
9 Калі ж пачуеце пра войны і хваляванні, не жахайцеся: бо гэта павінна спярша адбыцца, але не зараз жа канеац».
10 Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ і царства на царства,
11 і будуць вялікія землятрусы і месцамі голад і мор, будуць і страхі, і вялікія знакі з неба.
12 Але перад усім гэтым будуць накладаць на вас свае рукі і гнаць, выдаючы ў сінагогі і цямніцы, адводзячы да цароў і валадароў за Маё імя;
13 гэта будзе вам на сведчанне.
14 Дык пакладзіце ў свае сэрцы — не абдумваць загадзя, як абараняцца,
15 бо Я дам вам вусны і мудрасць, якой не змогуць ні супроцьстаяць, ні аспрэчыць усе вашы праціўнікі.
16 І будзеце выдадзены і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі, а некаторых з вас заб’юць,
17 і будуць вас ўсе ненавідзець за Маё імя.
18 Ды воласа з вашай галавы не прападзе.
19 Вашай цярплівасцю вы здабудзеце вашы душы.
20 Калі ж убачыце Ерусалім, акружаны войскамі, тады ведайце, што наблізілася яго спустошанне.
21 Тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы; а хто ў ваколіцах — хай не уваходзяць у яго,
22 бо гэта дні адплаты, каб спраўдзілася ўсё напісанае.
23 Бяда тым, што маюць у лоне, і тым, што кормяць грудзьмі, у тыя дні бо будзе вялікая галеча на зямлі і гнеў на гэты народ;
24 і ўпадуць ад вуснаў мяча і будуць адведзены ў палон ва ўсе народы, і Ерусалім будуць таптаць язычнікі, дакуль не скончацца часы язычнікаў.
25 І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і трывога народаў на зямлі і разгубленасць ад шуму мора і хваляў,
26 калі людзі будуць непрытомнець ад страху і чакання таго, што насоўваецца на ўвесь свет, бо захістаюцца нябесныя сілы.
27 І тады ўбачаць Чалавечага Сына, што будзе ісці ў воблаку з сілаю і вялікай славаю.
28 Калі ж гэта пачне збывацца, перадыхніце і ўзніміце вашы галовы, таму што набліжаецца ваша збавенне».
29 І сказаў Ён ім прыпадабненне: «Паглядзіце на фігавае дрэва і ўсе дрэвы:
30 калі яны ўжо распускаюцца, то, бачачы гэта, вы самі ведаеце, што ўжо блізка лета.
31 Гэтак і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што блізка Божае Царства.
32 Папраўдзе кажу вам: не мінецца гэты род, як усё гэта збудзецца.
33 Неба і зямля мінуцца, а Мае словы не мінуцца.
34 Зважайце на сябе, каб вашы сэрцы не абцяжарваліся ненажэрствам, і п’янствам, і жыццёвымі турботамі і каб не заспеў вас неспадзявана той дзень,
35 як сетка; бо ён прыйдзе на ўсіх, што жывуць на аблічы ўсёй зямлі.
36 Будзьце ж чуйныя, увесь час молячыся, каб вы змаглі ўнікнуць усяго гэтага, што мае адбыцца, і стаць перад Чалавечым Сынам».
37 Удзень жа Ён навучаў у святыні, а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, што завецца Аліўная;
38 І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў святыню слухаць Яго.