1 І ў гэты самы час прыйшлиі некаторыя і паведамілі Яму пра галілеян, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.
2 І ў адказ Ён сказаў ім: «Ці думаеце вы, што гэтыя галілеяне былі больш грэшныя за ўсіх галілеян, калі яны гэтак пацярпелі?
3 Не, кажу вам, але калі вы не пакаецеся, ўсе такім жа чынам загнеце.
4 Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа ў Сілааме і забіла іх, — ці думаеце вы, што яны большыя вінаваўцы за ўсіх людзей, што жывуць у Ерусаліме?
5 Не, кажу вам, але калі вы не пакаецеся, усе гэтак жа загінеце».
6 І казаў Ён гэтае ўпадабненне: «Было ў чалавека фігавае дрэва, пасаджанае ў вінаградніку, і прыйшоў ён шукаць на ім плоду, і не знайшоў.
7 І сказаў вінаградару: «Вось тры гады, як я прыходжу шукаць плоду на гэтым фігавым дрэве і не знаходжу; ссячы яго, навошта яно і зямлю дарэмна займае?»
8 Але той у адказ яму сказаў: «Пане, пакінь яго яшчэ на гэты год, пакуль я не абкапаю яго і абкладу гноем,
9 Ці не дасць плоду на наступны год? калі ж не, ссячэш яго».
10 І навучаў Ён у адной з сінагог у суботу.
11 І вось жанчына, што васемнаццаць гадоў мела духа немачы, і была яна скурчаная і ані не магла выпрастацца.
12 Убачыўшы ж яе, Ісус паклікаў да Сябе і сказаў ёй: «Жанчына, ты вызваленая ад свае немачы».
13 І Ён усклаў на яе рукі, і яна зараз ж выпрасталася і славіла Бога.
14 У адказ жа на гэта старшыня сінагогі, абурыўшыся, што Ісус вылечыў у суботу, сказаў да натоўпу: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыць працаваць; у гэтыя дні прыходзьце і вылечвайцеся, а не ў суботні дзень».
15 Адказаў тут яму Госпад і сказаў: «Крывадушнікі, ці ж не кожны з вас у суботу адвязвае свайго вала ці асла ад ясляў і вядзе паіць?
16 А гэтую — Аўраамаву дачку, якую звязаў сатана вось ужо васемнаццаць гадоў, ці не трэба было вызваліць ад гэтых путаў у дзень суботні?»
17 І калі Ён казаў гэта, засароміліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь натоўп цешыўся з усіх слаўных учынкаў, зробленых Ім.
18 І вось Ён казаў: «Да чаго падобнае Божае Царства і з чым яго параўнаю?
19 Падобнае яно да гарчычнага зярняці, якое чалавек, узяўшы, кінуў у сваім садзе, і вырасла яно і стала дрэвам і нябесныя птушкі гняздзіліся ў голлі яго».
20 І зноу сказаў Ён: «З чым параўнаю Божае Царства?
21 Падобнае яно да рошчыны, якую ўзяла жанчына і паклала ў тры саты мукі аж пакуль не ўкісла усё».
22 І праходзіў Ён па гарадах і сёлах, навучаючы і кіруючыся ў Ерусалім.
23 І сказаў Яму нехта: «Ці нямногія будуць збавёныя?» А Ён адказаў ім:
24 «Дамагайцеся ўвайсці праз вузкія дзверы бо многія, кажу вам, будуць старацца ўвайсці і не змогуць.
25 Калі ўстане гаспадар дома і зачыніць дзверы, і вы, стоячы знадворку, пачнеце стукаць у дзверы і казаць: «Госпадзе, адчыні нам», а Ён у адказ скажа вам: «Не ведаю вас, адкуль вы».
26 Тады вы пачнеце казаць: «Мы елі перад Табою і пілі, і на нашых вуліцах навучаў Ты».
27 А Ён скажа, мовячы вам: «Не ведаю [вас], адкуль вы, адыдзіце ад Мяне ўсе, што няпраўду чыніце».
28 Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Аўраама і Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Божым Царстве, а сябе выгнаных адтуль.
29 І прыйдуць з усходу і захаду, і з поўначы і поўдня, і узлягуць у Божым Царстве.
30 І вось ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі».
31 У гэтую самую гадзіну падышлі некаторыя з фарысеяў, кажучы Яму: «Выйдзі і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».
32 І Ён сказаў ім: «Пайдзіце і скажыце гэтаму лісу: вось Я выганяю дэманаі і вылечваю сёння і заўтра, і ў трэці дзень — скончу.
33 Але мне трэба хадзіць сёння і заўтра і ў наступны [дзень], бо немажліва, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
34 Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменнем закідваеш пасланых да цябе! Колькі разоў Я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як куровадка сваіх куранят пад крылле, ды вы не захацелі.
35 Вось пакідаецца вам дом ваш пусты. Кажу [ж] вам: Вы не ўбачыце Мяне, аж пакуль не [прыйдзе, што] скажаце: «Блаславёны, Хто ідзе ў імя Госпада!»