1 Ісус жа поўны Святога Духа, вярнуўся з-па-над Іярдана, і вадзіў Яго Дух у пустэльні
2 сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў д’ябал. І не еў нічога ў тыя дні, а калі скончыліся яны, адчуў голад.
3 І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты Божы Сын, скажы гэтаму каменю, каб ён зрабіўся хлебам».
4 І адказаў яму Ісус: «Напісана: Не хлебам адным будзе жыць чалавек [але кожным словам, што зыходзіць з Божых вуснаў!]».
5 І, узвёўшы Яго, паказаў Яму ў імгненне часу ўсе царствы зямлі,
6 І сказаў Яму д’ябал: «Табе дам усю гэтую ўладу і славу іх, бо мне яна перададзена, і я, каму хачу, даю яе.
7 Вось Ты, калі паклонішся перада мной, будзе ўсё Тваё».
8 І ў адказ Ісус сказаў яму: «Напісана: Госпаду Богу Свайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служьць».
9 І ён павёў Яго ў Ерусалім і паставіў на крыло святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Божы Сын, кінься адсюль уніз;
10 бо напісана: «Сваім Анёлам Ён накажа пра Цябе усцерагчы Цябе».
11 І: «На руках панясуць Цябе, каб выпадкам не спатыкнуўся аб камень Сваёю нагою.»
12 І ўу адказ яму сказаў Ісус: «Сказана: «Не выпрабоўвай Госпада Бога свайго.» .
13 І, скончыўшы ўсё выпрабаванне, д’ябал адышоў ад Яго да пары да часу.
14 І вярнуўся Ісус у моцы Духа ў Галілею. І вестка пра Яго разышлася па усім наваколлі.
15 І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.
16 І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і увайшоў Сваім звычаем у суботні дзень у сінагогу, каб чытаць.
17 І падалі Яму кнігу прарока Ісаі, і, развінуўшы скрутак, Ён знайшоў, дзе было напісана:
18 Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне несці Дабравесце ўбогім, паслаў Мяне абвясціць палонным вызваленне і сляпым — зрок, адпусціць прыгнечаных на волю,
19 абвясціць пару літасці Гасподняй.
20 І, згарнуўшы скрутак, аддаў слузе і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваны на Яго.
21 І пачаў Ён казаць ім: «Сёння спраўдзілася гэтае пісьмо, якое вы чулі.»
22 І ўсе сведчылі Яму і дзівіліся ласкавым словам, што зыходзілі з Яго вуснаў, і казалі: «Ці ж гэта не Іосіфаў сын?»
23 І Ён сказаў ім: «Вядома, вы скажаце Мне гэтую прымаўку: «Доктару, вылеч самога сябе»; тое, што мы чулі, адбылося ў Капернауме, зрабі і тут у сваёй бацькаўшчыне.»
24 І Ён сказаў: «Папраўдзе кажу вам: Ніводнаму прароку не рады ў сваёй бацькаўшчыне.
25 На праўду ж кажу вам: шмат было ўдоў у дні Іллі ў Ізраіле, калі зачынілася неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што вялікі голад настаў на ўсёй зямлі,
26 і ні да аднае з іх не быў пасланы Ілля, а толькі ў Сарэпту Сідонскую да жанчыны-ўдавы.
27 І шмат было пракажонных у Ізраіле пры Елісеі прароку, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, а толькі Сірыец Нееман».
28 І перапоўніліся гневам ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта,
29 І, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі аж на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго;
30 Ён жа, прайшоўшы пасярод іх, падаўся далей.
31 І спусціуся ў Капернаум, галілейскі горад; і вучыў іх у суботу,
32 І яны ўразіліся Яго навукаю, бо Яго слова мела ўладу.
33 І быў у сінагозе чалавек, які меў духа, дэмана нячыстага, і ён закрычауў моцным голасам:
34 «Ах, што Табе да нас, Ісусе Назаранне? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Божы святы.
35 Ды Ісус забараніў яму, кажучы: «Замоўкні і выйдзі з яго!» І, кінуўшы таго на сярэдзіну, дэман выйшаў з яго, ані не пашкодзіўшы яму.
36 І напаў на ўсіх жах і разважалі яны між сабою, кажучы: «Што гэта за слова? 3 уладаю і моцай загадвае духам нячыстым, і выходзяць яны?»
37 І розгалас пра Яго разышоўся по ўсіх месцах наваколля.
38 І, вышаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сімана. Цешча ж Сіманава была апанавана моцнай гарачкаю, і прасілі Яго за яе.
39 І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе: яна ж, зараз жа ўстаўшы, слугавала ім.
40 Калі ж сонца заходзіла, ўсе, хто меў хворых на розныя немачы, прывялі іх да Яго: Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, вылечваў іх.
41 Выходзілі ж і дэманы з многіх, крычучы і кажучы: «Ты Божы Сын». Ды Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
42 Калі ж настаў дзень, Ён, выйшаўшы, падаўся ў пустэльнае месца; і натоўпы шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб Ён не адыходзіў ад іх.
43 Ён жа сказаў ім: «І іншым гарадам Я павінен абвяшчаць Добрую Навіну пра Божае Царства, бо на гэта Я пасланы».
44 І Ён абвяшчаў у сінагогах Іудзеі.