1 І трапілася ў суботу праходзіць Яму збажыною, і Яго вучні зрывалі і елі калоссе, расціраючы рукамі.
2 Некаторыя ж з фарысеяў сказалі: «Чаму вы робіце тое, чаго нельга рабіць у суботы?»
3 І ў адказ ім Ісус сказаў: «Нават пра тое не чыталі, што зрабіў Давід, калі прагаладаўся сам і тыя, што былі з ім?
4 Як увайшоу ён у Божы дом і, узяўшы ахвярныя хлябы, еў і даў тым, што былі з ім, а іх нельга есці нікому, толькі адным святарам?»
5 І Ён казаў ім: «Чалавечы Сын гаспадар і суботы».
6 І было ж: у другую суботу увайшоў Ён у сінагогу і вучыў. І быў там чалавек, у якога правая рука была сухая.
7 Кніжнікі ж і фарысеі сачылі за Ім, ці не вылечвае Ён у суботу, каб знайсці абвінавачванне супроць Яго.
8 Але Ён ведаў іх намеры і сказаў чалавеку, што меў сухую руку: «Падыміся і стань пасярэдзіне»; і той, падняўшыся, стаў.
9 Ісус жа сказаў ім: «Пытаюся ў вас: Ці дазваляецца ў суботу дабро рабіць ці ліха тварыць? душу ўратаваць ці загубіць?»
10 І, агледзеўшы іх усіх, сказаў яму: «Працягні сваю руку». І ён зрабіў так і ажыла яго рука.
11 Яны ж перапоўніліся шаленствам і раіліся між сабою, што зрабіць бы з Ісусам.
12 І было: у тыя дні выйшаў Ён на гару памаліцца, і цэлую ноч правёў на малітве да Бога.
13 І, калі надышоў дзень, Ён паклікау Сваіх вучняў і выбраў з іх Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
14 Сімана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, яго брата, і Якава, і Іаана, і Піліпа, і Варфаламея,
15 і Мацея, і Фаму, і Якава Алфеевага, і Сімана, званага Зілотам,
16 і Юду Якаўлевага, і Юду Іскарыёта, які зрабіўся прадажнікам.
17 І спусціўшыся з імі Ён стаў на роўным месцы, і вялікі натоўп Яго вучняў, і вялікае мноства народа з усяе Іудзеі і Ерусаліма і з узбярэжжа Тыра і Сідона,
18 што прыйшлі паслухаць Яго і вылечыцца ад сваіх хвароб; таксама тыя, каго даймалі нячыстыя духі вылечваліся,
19 І ўвесь натоўп стараўся дакранацца да Яго, бо сіла ад Яго зыходзіла і вылечвала ўсіх.
20 І Ён, падняўшы Свае вочы на вучняў Сваіх казаў: «Шчаслівыя вы, убогія, бо ваша ёсць Божае Царства.
21 Шчаслівыя вы, згаладалыя цяпер, бо натоліцеся. Шчаслівыя вы, заплаканыя цяпер, бо засмяецеся.
22 Шчаслівыя вы, калі будуць вас ненавідзець людзі і калі будуць адлучаць вас, і ганьбаваць вас, і адкінуць ваша імя як ліхое з-за чалавечага Сына;
23 радуйцеся ў той дзень і скачыце, бо вось вялікая ваша ўзнагарода ў небе; бо тое самае чынілі прарокам іх бацькі.
24 Але бяда вам, багатыя, бо вы атрымалі сваю ўцеху.
25 Бяда вам, сытыя цяпер, бо зазнаеце голад: Бяда вам, што смяецеся цяпер, бо засумуеце і заплачаце.
26 Бяда вам, калі пра вас скажуць добра ўсе людзі. Бо тое самае чынілі фальшывым прарокам іх бацькі.
27 Але вам, што слухаеце, Я кажу: «Любіце сваіх ворагаў, рабіце дабро тым, што ненавідзяць вас,
28 бласлаўляйце тых, што вас праклінаюць, і малітеся за тых, што крыўдзяць вас.
29 Хто ўдарыць цябе па шчацэ, падстаў яму і другую, а хто забірае ў цябе вопратку, не адмаўляй таму і сарочкі.
30 Кожнаму, хто ў цябе просіць, дай, а ў таго, хто тваё забірае, не спаганяй.
31 І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.
32 А калі любіце тых, што любяць вас, якая вам хвала? Бо і грэшнікі любяць тых, хто іх любіць.
33 [Бо] калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам хвала? І грэшнкі тое самае робяць.
34 І калі пазычаеце тым, ад каго спадзеяцеся атрымаць, якая вам хвала? І грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць гэтулькі ж.
35 А вы любіце сваіх ворагаў і рабіце дабро і пазычайце, не спадзеючыся нічога, і будзе вялікаю ваша ўзнагарода, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо Ён добры да няўдзячных і ліхіх.
36 Будзьце малісэрныя, як [і] ваш Бацька міласэрны.
37 І не судзіце, каб і вас не судзілі; І не засуджайце, каб і вас не засудзілі. Даруйце, і вам даруюць;
38 давайце, і вам дадуць: мераю добраю, набітаю, утрэсенаю, перапоўненаю дадуць вам у прыпол; бо якою мерай вы мераеце, адмераюць вам».
39 І прывёу ім упадабненне: «Хіба можа сляпы сляпога вясці? Ці не абодва ў яму ўпадуць?
40 Вучань не вышэйшы за настаўніка; але кожны, навучыўшыся, будзе, як яго настаўнік.
41 Што ж ты бачыш парушынку ў воку свайго брата, а калоды ва ўласным воку не заўважаеш?
42 Як ты можаш казаць свайму брату: «Браце, дай, я выму парушынку, што ў тваім воку, калі сам калоды ў сваім воку не бачыш?» Крывадушнік, дастань спярша калоду са свайго вока, а тады ўбачыш, як выняць парушынку, што ў воку брата твайго.
43 Бо няма добрага дрэва, якое радзіла б нягодны плод, няма і нягоднага дрэва, якое радзіла б добры плод.
44 Бо кожнае дрэва з свайго плоду пазнаецца; бо з цёрну не збіраюць фігі і з ажыны вінаградных гронак не зразаюць.
45 Добры чалавек з добрага скарбу сэрца выносіць добрае, а ліхі з ліхога — выносіць ліхое; бо ад перапоўненасці сэрца гавораць вусны яго.
46 Што ж клічаце: «Госпадзе, Госпадзе!», а не робіце таго, што Я кажу?
47 Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае Мае словы і выконвае іх, — Я пакажу вам, да каго ён падобны;
48 Падобны ён да чалавека, што, будуючы дом, раскапаў і заглыбіўся і аснову заклаў на камені; калі ж здарылася разводдзе, хлынуў паток на той дом і не змог яго пахіснуць, бон быў добра збудаваны.
49 А хто спухае і не выконвае, той падобны да чалавека, што збудаваў дом на зямлі без асновы, хлынуў паток на яго, і адразу. ён упаў, і быў абвал таго дома вялікі».