1 Тады Пілат узяў Езуса і ўбічаваў.
2 А жаўнеры сплёўшы карону з церняў і ўсклалі на галаву Яму і пурпурную шату адзелі на Яго.
3 Затым падходзілі да Яго жыдзячы: "Вітай, Кароль Юдэйскі!" Ды білі Яго па вобліку.
4 Тым часам Пілат выйшаў зноў на вонкі і сказаў ім: "Вось жа выводжу Яго да вас, каб вы самі пераканаліся, што Я ў Ім не знаходжу ніякай віны".
5 Выйшаў затым Езус у цярнёвай кароне і пурпуравай шаце. Сказаў ім Пілат: "Во чалавек!"
6 Дык калі Яго ўбачылі архісьвятары і іх слугі, дык закрычалі: "Укрыжуй, укрыжуй Яго! Кажа ім Пілат: Вазьміце вы Яго ды ўкрыжуйце, бо Я ў Ім не знаходжу віны".
7 Адказалі яму Юдэі: "Ты маеш закон, а па закону павінен Ён памярці, бо падаецца за Сына Божага".
8 Калі Пілат пачуў гэтыя словы, тым болей спалохаўся.
9 Дык зноў увёў у прыторыю і спытаўся Езуса: "Скуль Ты?" Але Езус яму не адказаў.
10 Кажа Яму тады Пілат: "Не гаворыш да Мяне? Ці ня ведаеш, што я маю ўладу ўкрыжаваць Цябе ды маю ўладу пусьціць Цябе?"
11 Адказаў Езус: "Ня меў бы ты ніякай улады нада Мной, калі б табе не была дадзена зьверху. Таму той, хто Мяне выдаў мае большы грэх".
12 Адгэтуль Пілат стараўся асвабадзіць Езуса. Але Юдэі крычалі: "Калі ты Яго выпусьціш, дык ты не прыяцель Цэзараў. Бо кожны, хто агалашаецца Каралём, працівіцца Цэзару".
13 Пачуўшы гэтыя словы Пілат вывеў Езуса навонкі, сеў на трыбунале, на месца, што завецца Літостратое, а па гэбрайску Габбата.
14 А быў гэта дзень Прыгатаваньня Пасхі, блізу гадзіна шостая. Сказаў Пілат Юдэям: "Во Кароль ваш".
15 А яны закрычалі: "Вазьмі, вазьмі ўкрыжуй Яго! "Кажа ім Пілат: "Караля вашага ўкрыжаваць!" Архісьвятары адказалі: "Ня маем караля, толькі Цэзара".
16 Дык тады Пілат выдаў ім Езуса на ўкрыжаваньне. Затым узялі Езуса і павялі.
17 І Езус нясучы крыж свой прыйшоў на тое месца, што завецца Кальвар'я, а па гэбрайску Голгота.
18 Гэнам Яго ўкрыжавалі. А з Ім двух іншых: з адной стараны і другой, па сярэдзіне Езуса.
19 Пілат прыгатовіў таксама надпісь і памясьціў над крыжам. А было напісана: "Езус Назарэец, Кароль Юдэйскі".
20 Многа Юдэяў чытала гэту надпісь, бо месца ўкрыжаваньня было блізка горада. А было напісана: па гэбрайску, па грэцку і па лацінску.
21 Дык казалі архісьвятары Юдэі Пілату: "Не пішы: Кароль Юдэйскі, але што Ён Сам казаў: "Я Кароль Юдэйскі".
22 Пілат адказаў: "Што напісаў, напісаў".
23 Калі Езуса ўкрыжавалі тады жаўнеры ўзялі адзеньне Яго і падзялілі на чатыры часьці для кожнага па адной, і туніку. А туніка была ня шытая, але тканая зьверху ў ніз.
24 Дык казалі яны адзін другому: "Ня рэзма яе, але кіньма жэрабя, чыёй мае быць — а гэта, каб споўнілася Пісаньне, якое кажа: "Падзялілі між сабой адзеньне Маё, а аб туніку Маю кідалі жэрабя" (Пс. 21:19).
25 Гэта здзейсьнілі жаўнеры. А пад крыжам Езуса стаяла Маці Ягоная і сястра Маці Яго — Мар'я Клеофаса, поруч Мар'я Магдаліна.
26 Калі Езус убачыў Маці і вучня, каторага любіў, побач стаячага, сказаў Маці сваёй: "Жанчына, во Сын Твой!"
27 Затым сказаў вучню: "Во Маці Твая!" Ад гэтай пары ўзяў яе вучань у сваю апеку.
28 Затым Езус ведаючы, што ўсё збылося, каб споўнілася Пісаньне: сказаў: "Смагну".
29 А была там пастаўлена пасудзіна, напоўнена воцатам, дык жаўнеры намачылі губку ў воцат насадзілі на трасьціну і паднялі да вуснаў.
30 Калі Езус дакрануўся воцату, сказаў: "Споўнілася" і схіліўшы галаву — аддаў духа, сканаў.
31 Ды Юдэі, так як быў дзень Прыгатаваньня, каб у шабат целы не заставаліся на крыжы, бо гэта быў шабат урачысты, дык прасілі Пілата, каб ім паламаці ногі (галені) і зьняць іх.
32 Дзеля таго прыйшлі жаўнеры і паламалі ногі першаму і другому, якія былі побач Езуса ўкрыжаваныя.
33 А калі падыйшлі да Езуса і ўбачылі, што Ён памёршы, не ламалі Яму ног,
34 але адзін з жаўнераў дзідай прабіў бок Яго і зараз выцякла кроў і вада.
35 А той, хто відзеў даказвае ды праўдзівы яго доказ. Ды ведае ён, што праўду кажа, каб і вы ўверылі.
36 Гэта сталася, каб споўнілася Пісаньне: "Косць Яго ня будзеце ламаць (Вых. 12:46).
37 А на іншым месцы кажа Пісаньне: "Увідзяць, каго пракалолі, прабілі (Зах. 12, 10).
38 Затым Юзэф з Арыматэі, а ён са страху перад Юдэямі быў скрытым (тайным) вучнем Езуса і прасіў Пілата, каб узяць Цела Езуса. А Пілат дазволіў.
39 Дык прыйшоў ён тады з Мікодам, з тым, што раней быў прыйшоўшы ноччу да Езуса, і прынёс каля ста фунтаў мешанкі міры і алоя.
40 Яны затым узялі Цела Езуса з духмяннасьцямі ўкруцілі ў палатно па звычаю хаваньня ў Юдэяў.
41 А на месцы дзе, быў укрыжаваны знаходзіўся сад, а ў садзе быў гроб, у якім ніхто яшчэ ня быў пахаваны.
42 Там тады дзеля дня Прыгатаваньня Юдэйскага палажылі Цела Езуса ў гроб, бо быў блізка.