1 Аднойчы праходзячы ўбачыў Езус чалавека сьляпога ад уроду (ад нараджэньня).
2 Дык спыталіся вучні Ягоныя ў Езуса: "Вучыцелю, хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён такім нарадзіўся?"
3 Езус сказаў ім: "Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб справы (дзейнасьць, міласьць) Божыя выявіліся на ім.
4 Я маю выконваць паручэньні Таго, Хто Мяне паслаў, пакуль дзень. Бо надыходзіць ноч, калі ніхто ня будзе магчы дзейнічыць.
5 Пакуль Я на сьвеце — Я сьвятлом сьвету.
6 Гэта сказаўшы плюнуў на зямлю, зрабіў балота са сьліны і памазаў яму вочы,
7 кажучы: "Ідзі і абмый у сажалцы Еілёэ (што значыць Пасланы). Дык ён пайшоў, абмыўся і вярнуўся — бачачы.
8 Суседзі ж і тыя, што яго раней відзелі, што быў жабраком, казалі: "Ці ж гэта ня той, што сядзеў і жабраваў?" Ды адны казалі, што гэта ён.
9 А іншыя казалі што не, але падобны да яго. А ён казаў: "Гэта я той самы".
10 Дык пыталі тады ў яго: "Як вочы адкрыліся ў цябе?"
11 Дык ён казаў: "Гэны чалавек, што завуць Езусам, разьвёў балота, памазаў мне ім вочы ды сказаў мне: "Ідзі да сажалкі Еілёэ і абмыйся". І я пайшоў, абмыўся і віджу".
12 Дык спыталіся ў яго: "А дзе Ён?" Сказаў ён: "Ня ведаю".
13 Затым вядуць таго, што быў сьляпым да фарызэяў.
14 А быў шабат, у каторым Езус зрабіў балота і зрок яму вярнуў.
15 Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, у які спосаб ён празрэў?" А ён сказаў ім: "Налажыў Ён мне балота на вочы, абмыўся і бачу".
16 Дык казалі некаторыя з фарызэяў: "Чалавек той, што не беражэ шабату, ня ёсьць ад Бога". Другія ж казалі: "Як жа чалавек грэшны можа чыніць такія цуды?" Гэта дайшло да раздваеньня між імі.
17 Пытаюцца затым паўторна ў сьляпога: "Што ты кажаш пра Таго, што табе зрэньне вярнуў? Ён жа сказаў: "Гэта Прарок!"
18 Юдэі аднак не паверылі яму, што ён сьляпы і празрэў, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто празрэў.
19 Дык пыталіся іх: "Ці сапраўды ён ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сьляпым? Дык як жа ён цяпер відзіць?"
20 Адказалі ім бацькі ягоныя: "Ведаем, што ён наш сын ды што сьляпым нарадзіўся,
21 але якім чынам цяпер відзіць — ня ведаем, ня ведаем так сама, хто яму зрэньне вярнуў. У яго самога пытайцеся, мае гады, хай сам аб сабе разказвае".
22 Гэтак бацькі казалі, бо баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дагаварыліся, што вылучаць з сынагогі таго, хто прызнае Яго за Хрыста.
23 Дзеля таго бацькі яго сказалі: "Мае гады, яго самога пытайцеся".
24 Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: "Дай хвалу Богу, мы ведаем, што той чалавек грэшны".
25 Але ён ім адказаў: "Ці Ён грэшны, ня ведаю, але толькі ведаю, што быў сьляпым, а цяпер віджу".
26 Дык паўторна пыталіся яго: "Што Ён зрабіў? У які спосаб адкрыў табе вочы?"
27 Ён адказаў ім: "Я ўжо сказаў вам, чулі, чаму зноў хочыце пачуць? Ці і вы хочаце стацца Яго вучнямі?"
28 Яны дакаралі яму і казалі: "Ты будзь Яго вучням, а мы вучнямі Майсея.
29 Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль гэты ня ведаем".
30 А той чалавек у адказ сказаў ім: "Гэта вось дзіўнае, што ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы".
31 Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не выслухоўвае, а калі хто спахвальшчыкам Бога і волю Яго спаўняе, то таго выслухоўвае.
32 Ад веку не чута, каб хто сьлепа народжанаму зрэньне вярнуў.
33 Каб Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога зрабіць".
34 У адказ сказалі яны яму: "У грахах увесь ты нарадзіўся і хочаш нас павучаць". І выкінулі яго.
35 Пачуў Езус, што яго выкінулі, і спаткаўшы яго, сказаў яму: "Ці верыш ты ў Сына Божага?"
36 А ён у адказ спытаўся: "А хто Ты, Госпадзе, каб я мог Яму верыць?"
37 Сказаў яму Езус: "Ты бачыў Яго ўжо і Ён Той, Хто з табою гаворыць".
38 Ды ён сказаў: "Веру Госпадзе". І ўпаўшы, пакланіўся Яму.
39 Затым сказаў Езус: "На суд прыйшоў Я на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць — празрэлі, а тыя, што відзяць, асьлеплі".
40 Пачулі гэта некаторыя з фарызэяў, што пры Ім былі, дык пыталіся ў Яго: "Ці і мы сьляпыя?"
41 Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б віны. Вы аднак цяпер уважаеце, што відзіце, таму грэх трывае ў вас".