1 А ў першы дзень тыдня нараніцы, калі было яшчэ цёмна, прыйшла да гробу Мар'я Магдаліна. Убачыла яна камень адвалены ад гроба.
2 Дык пабегла да Сымона Пятра і другога вучня, каторага любіў Езус і казала ім: "Узялі Госпада з гробу і ня ведаем, дзе Яго падзелі".
3 Дык пайшлі тады Пётр і той другі вучань дый прыйшлі да гробу.
4 І беглі яны абодвы разам, але той першы вучань аперадзіў Пятра і першы дабег да гробу.
5 А нагінуўшыся ўбачыў ляжачае палатно, аднак не ўвайшоў.
6 Прыйшоў затым Пётр Сымон, і ідучы за ім і ўвайшоў у гроб, і ўвідзеў ляжачае палатно
7 і хустку, якая была на Яго галаве і ляжала ня разам з палатном, але асобна скручана на адным месцы.
8 Дык тады і той вучань, які першы прыбег да гробу, убачыў і ўверыў.
9 Бо яны яшчэ не разумелі Пісаньня, што трэба было, каб Ён паўстаў з умёршых.
10 Затым вучні зноў вярнуліся дамоў.
11 А Мар'я стаяла навонкі гроба і плакала. Плачучы, нахінулася і заглянула ў гроб.
12 І спасьцерагла двух анёлаў у белі седзячых, аднаго ля галавы, а другога ля ног, дзе было паложана Цела Езуса.
13 Пытаюцца яны ў яе: "Жанчына, чаго плачаш?" Кажа ім: "Узялі Госпада Майго і ня ведаю, дзе падзелі?"
14 Гэта сказаўшы аглянулася за сябе і ўвідзіла Езуса стаячага, а ня ведала, што гэта быў Езус.
15 Пытаецца ў яе Езус: "Жанчына, чаму плачаш? Каго шукаеш?" А яна думаючы, што гэта быў садоўнік, кажа Яму: "Чалавеча, калі Ты Яго ўзяў, скажы мне, дзе ты Яго палажыў, а я вазьму".
16 Кажа ёй Езус: "Мар'я". А яна павярнуўшыся кажа Яму: "Раббоні, значыць: Вучыцелю".
17 Кажа ёй Езус: "Не дакранайся Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, Бога Майго і Бога вашага".
18 Дык пайшла Мар'я Магдалена і сказала вучням: "Відзела я Госпада і Ён мне гэта сказаў".
19 Тога дня вечарам па шабаце, пры запёртых дзьвярах дзеля страху ад Юдэяў сабраліся вучні і вось жа зьявіўся Езус, стаў між іх і сказаў ім: "Супакой вам!"
20 Гэта сказаўшы паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся тады вучні ўбачыўшы Госпада.
21 Сказаў ім затым Езус зноў: "Супакой вам. Як Мяне паслаў Айцец так і Я пасылаю вас".
22 Гэта сказаўшы дыхнуў на іх і сказаў ім: "Вазьміце Духа Сьвятога,
23 каторым адпусьціце грахі, будуць ім адпушчаны, а каторым затрымаеце (не адпусьціце), будуць не адпушчаны (затрыманы).
24 А Тамаш, адзін з Дванаццаці, званы Дыдымус, ня быў разам з імі, калі аб'явіўся Езус.
25 Сказалі яму іншыя вучні: "Відзелі Госпада". А ён сказаў ім: "Калі не ўбачу прабоінаў цьвікамі на руках Ягоных, і не ўкладу рукі сваёй у бок Ягоны — не ўверу".
26 Дык калі па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме і Тамаш з імі, а дзьверы былі запёртыя, зьявіўся Езус і стаў між іх і сказаў: "Супакой вам".
27 Потым сказаў Тамашу: "Укладзі гэтта палец свой і паглядзі рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой ды ня будзь недаверкам, але веручым".
28 Адказаў Тамаш Яму: "Госпад мой і Бог мой!"
29 Кажа яму Езус: "Уверыў таму, што Мяне ўвідзеў, Тамаш, шчасьлівыя тыя, што ня відзелі Мяне, а ўверылі".
30 Многа яшчэ іншых цудаў учыніў Езус у прысутнасьці вучняў Сваіх, якія не спісаны ў гэтай кнізе.
31 Гэтыя ж спісаны, каб вы верылі, што Езус — Хрыстусам, Сынам Божым ды каб праз веру мелі ў імя Яго жыцьцё".