1 Між фарызэяў быў адзін фарызэй, імем Мікода, князь Юдэйскі.
2 Ноччу прыйшоў ён і сказаў Яму: "Вучыцелю, ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто ня можа чыніць такіх цудаў, як Ты чыніш, калі б Бог ня быў з Табой".
3 А Езус у адказ сказаў яму: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца знанава, ня можа аглядаць Каралеўства Божага".
4 Сказаў яму Мікода: "Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсьці ва ўлоньне сваёй маці дый зноў нарадзіцца?"
5 Выясьняе Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца з вады і з Духа Сьвятога, той ня можа ўвайсьці ў Каралеўства Божае.
6 Тое, што нарадзілася з цела — целам ёсьць, а што нарадзілася з духа — духам ёсьць.
7 Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: што мусіш нарадзіцца зноў.
8 Вецер, куды хоча, дзьме і шум яго чуеш, але ня ведаеш, скуль паходзіць і куды выходзіць. Таксама адбываецца з кожным, хто з духа нарадзіўся.
9 Дык спытаўся Мікода: "Як можа гэта стацца?"
10 Сказаў яму Езус у адказ: "Ты вучыцелем у Ізраеля і ня ведаеш гэтага?
11 Сапраўды, сапраўды кажу табе, што мы кажам тое, што ведаем і сьведчым пра тое, што мы бачылі, але пасьведчаньня нашага ня хочаце прымаць.
12 Калі казаў вам пра зямныя рэчы і вы ня верыце, дык як уверыце, калі вам буду гаварыць пра справы нябесныя?
13 Ніхто не ўвайшоў у неба, толькі той, хто сыйшоў з неба, Сын Чалавечы, Каторы ў небе.
14 І як Майсей падняў гужа на пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
15 каб кожны, хто верыць у Яго, не прапаў, але меў жыцьцё вечнае.
16 Бо Бог так умілаваў сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыцьцё вечнае.
17 Бо не паслаў Бог Сына Свайго на сьвет судзіць сьвет, але каб сьвет быў Ім збаўлены.
18 Хто верыць у Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, ужо асуджаны, што не ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19 А прысуд грунтуецца на тым, што сьвятло прыйшло на сьвет, але людзі болей узьлюбілі цемру, чым сьвятло, бо ліхімі былі іх учынкі.
20 Бо кожны, хто блага паступае, ненавідзіць сьвятла і не ідзе да сьвятла, каб не асудзілі яго ўчынкаў.
21 Але кожны, хто спачынае праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо ў Богу (па Божаму) былі ўчынены.
22 Затым прыйшоў Езус разам з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэю і там прабываючы з імі — хрысьціў.
23 І Ян таксама хрысьціў у Эном блізка Салім, бо там было шмат вады, а людзі прыходзілі і прыймалі хрост.
24 Бо Ян ня быў яшчэ пасаджаны ў вязьніцу.
25 Затым узьнікла спрэчка між вучнямі Яна і Юдэямі ў справе ачышчэньня.
26 Дык прыйшлі затым яны і сказалі яму: "Вучыцелю, вось жа той, што з табой быў за Ярданам і аб якім сьведчыў ты, удзяляе хросту ды ўсе ідуць да Яго".
27 А Ян адказаў ім: "Нічога ня можа атрымаць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба.
28 Вы самі можаце пасьведчыць, што я вам сказаў: "Я не Хрыстус, але пасланы перад Ім.
29 Хто мае маладую (маладзіцу), той малады, а прыяцель маладога, які побач стаіць і чуе, цешыцца з усяго сэрца (з) голасам маладога. Гэтай маёй радасьці цяпер ужо нічога не бракуе (радасьць споўнілася).
30 Ён мае расьці — а я ўменшацца.
31 Хто прыходзіць з высока (з неба), Той усіх перавышае, а хто з зямлі паходзіць, зямным ёсьць і пра зямныя гаворыць справы. А хто паходзіць з неба, ён над усім.
32 Ён сьведчыць аб тым, што чуў і відзеў, а пасьведчаньня Яго ніхто ня хоча прызнаваць.
33 А хто прыняў Яго пасьведчаньне, той даказаў, што Бог праўдамоўны.
34 Бо Той, каго Бог паслаў, вясьціць слова Божае, бо не па мерцы Бог удзяляе духа.
35 Айцец мілуе Сына і ўсё аддаў у Ягоныя рукі.
36 Хто верыць у Сына мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць Сыну, ня будзе аглядаць жыцьця, але гнеў Божы вісіць над ім.