1 Затым Езус пайшоў на Аліўную Гару.
2 А на сьвітаньні вярнуўся зноў у сьвятыню, а ўвесь народ падыйшоў да Яго, а Ён сеў і навучаў іх.
3 Дык прывялі вучоныя і фарызэі жанчыну, злоўлену на чужалостве, паставілі яе на сярэдзіне.
4 Ды сказалі яму: "Вучыцелю, гэтую жанчыну злавілі толькі што на чужаложстве.
5 Майсей у Законе загадаў нам такія каменаваць. Дык Ты што скажаш?
6 А казалі гэта зводзячы Яго, каб маглі абвінаваціць. А Езус нахіліўшыся ў ніз нешта пальцам пісаў на зямлі.
7 Калі аднак не пераставалі пытацца ў Яго падняўся і сказаў ім: "Хто з вас без граха, няхай першы кіне на яе камень".
8 І зноў нахіліўшыся пісаў на зямлі.
9 Пачуўшы гэта адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старэйшын ды застаўся толькі адзін Езус і жанчына стоячы на сярэдзіне.
10 Падняўшыся Езус сказаў ёй: "Жанчына, дзе ж твае вінавацелі? Ніхто цябе не асудзіў?"
11 Адказалі яна: "Ніхто, Госпадзе". Дык Езус сказаў: "І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы".
12 Затым зноў навучаў іх Езус і казаў: "Я сьвятло сьвету, хто ідзе за Мной, ня ходзіць у поцемках, але будзе мець сьвятло жыцьця".
13 Дык сказалі Яму фарызэі: "Ты Сам аб Сабе сьведчыш, сьведчанне Тваё не праўдзівае".
14 У адказ Езус сказаў ім: "Хоць Я сьведчу пра Сябе, праўдзівым ёсьць сьведчаньне Маё, бо ведаю адкуль прыйшоў і куды іду: але вы ня ведаеце, скуль прыходжу, або куды іду.
15 Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.
16 А калі асуджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, Які Мяне паслаў.
17 Дый у Законе вашым напісана, што сьведчаньне (даказаньне) двух людзей — верагодным ёсьць.
18 Я даю Сам аб Сабе сьведчаньне і дае аба Мне Айцец, Які Мяне паслаў".
19 Дык сказалі Яму: "А дзе ж Твой Айцец?" Адказаў Езус: "Вы ані Мяне ня знаеце, ані Айца Майго. Бо калі б вы Мяне зналі, зналі б і Айца Майго".
20 Гэтыя словы высказаў Езус навучаючы ў сьвятыні пры скарбцу. І ніхто не ўзяў Яго, бо яшчэ не надыйшла пара Ягоная.
21 І зноў сказаў ім Езус: "Я адыходжу, вы жа шукаці Мяне будзеце і памрыцё ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсьці ня можаце".
22 Дык казалі Юдэі: "Ці ж меўся б забіцца, бо кажа: Куды Я іду, вы ня можаце пайсьці?"
23 Езус сказаў ім: "Вы — з зямлі (з нізу), а Я — з неба (з верху), вы — з гэтага сьвету, а Я не з гэтага сьвету.
24 Дзеля таго Я вам сказаў, што памрыцё ў вашых грахах".
25 Дык казалі Яму: "Хто Ты?" Сказаў ім Езус: "Я пачатак, і так вам гавару".
26 Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць, а Той, Хто Мяне паслаў, годны веры. І тое, што ад Яго чуў, вяшчу ў сьвет.
27 І яны не зразумелі, што Бога называў Сваім Айцом.
28 Сказаў ім тады Езус: "Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, кім Я, ды што Сам ад Сябе нічога не раблю, але тое кажу, чаго Мяне навучыў Айцец.
29 Той, Хто Мяне паслаў, ёсьць са Мной і не пакінуў Мяне Самога (аднаго), бо Я раблю тое, што Яму падабаецца".
30 Калі Ён гэта казаў, многія ўверылі ў Яго.
31 Гаварыў затым Езус да Юдэяў, якія Яму ўверылі: "Калі вытрываеце ў Маёй навуцы, станеціся праўдзіва Маімі вучнямі
32 і пазнаеце праўду, а праўда вас асвабадзіць".
33 Адказалі Яму: "Мы патомствам Абрагама і мы ніколі не былі ў нічыёй няволі і як жа затым кажаш, што будзем свабодныя?"
34 Адказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто грашыць ёсьць нявольнікам граха.
35 Але нявольнік не жыве ў доме вечна. Сын жа жыве вечна.
36 Таму, калі Сын вас асвабадзіць, сапраўды свабоднымі будзеце.
37 Ведаю, што вы патомствам Абрагама, але хочаце Мяне забіць таму, што навука Мая вам не даступная.
38 Я гавару пра тое, што Я відзіў у Айца Майго, а вы робіце тое, што вы відзелі ў айца вашага".
39 У адказ сказалі Яму: "Айцом і бацькам нашым Абрагам". Сказаў ім Езус: "Калі вы сыны Абрагама, спаўняйце чыны Абрагама.
40 А вы ж хочаце цяпер Мяне забіць, Мяне, чалавека, Які вам казаў праўду, якую чуў ад Бога. Гэтага Абрагам не рабіў!
41 Але вы спаўняеце чыны айца вашага". Сказалі тады Яму: "Мы не дзеці народжаны ў чужаложстве: аднаго маем Айца Бога".
42 Сказаў ім тады Езус: "Калі б Бог быў вашым Айцом, сапраўды, мілавалі б вы Мяне, бо Я ад Бога выйшаў, і прыходжу і ня Сам ад Сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.
43 Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы ня маеце ласкі (здольнасьці) слухаць навукі Маёй.
44 Вы ад бацькі д'ябла з'яўляецеся і жаданьне бацькі вашага выконваць хочаце. Ён забойца ад пачатку, і ў праўдзе ня вытрымаў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць лгарства (лож), гаворыць ад сябе, бо ён лгун і бацькам лгарства.
45 А Я, калі праўду кажу, ня верыце Мне.
46 Хто з вас дакажа Мне грэх? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне ня верыце?
47 Хто з Бога, слоў Божых слухае, а вы таму ня слухаеце, што вы не з Бога".
48 У адказ сказалі Яму Юдэі: "Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты самаранін і д'ябла маеш?"
49 Адказаў ім Езус: "Я д'ябла ня маю, але слаўлю Айца Майго, а вы Мяне зьневажаеце (зьневажылі).
50 Я не шукаю Сваёй славы, але ёсьць Той, Хто шукае і судзіць.
51 Сапраўды, сапраўды кажу вам, калі хто зьберажэ навуку Маю не пазнае сьмерці павечна.
52 Дык Юдэі сказалі Яму: "Цяпер мы пераканаліся, што д'ябла маеш і Абрагам памёр, і Прарокі, а Ты кажаш: "Калі хто зьберажэ навуку Маю, не пазнае сьмерці павечна".
53 Ці Ты большы (важнейшы) за Бацьку (Айца) нашага Абрагама, які памёр? Нават Прарокі паўміралі. За каго Ты ўважаешся?"
54 Адказаў Езус: "Калі Я Сам Сябе хвалю, хвала Мая — нішто. Але ёсьць Айцец Мой, Каторы Мяне славіць, і аб Каторым вы кажаце, што Ён Бог ваш,
55 але вы не пазналі Яго. Але Я Яго знаю і калі б сказаў, што Яго ня знаю, быў бы падобным вам ілгуном. Але знаю Я Яго і навуку Яго берагу.
56 Абрагам, айцец ваш, з радасьцю чакаў дня Майго, а ўвідзеўшы ўзрадаваўся".
57 Сказалі Яму Юдэі: "Пяцьдзесят гадоў яшчэ ня маеш, а Абрагама відзеў?"
58 Сказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, перш чым Абрагам быў, Я быў".
59 Дык Юдэі хапілі камяні, каб каменаваць Яго, але Езус скрыўся і выйшаў са сьвятыні.