1 "Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзьверы, але інакш, той злодзей і разбойнік.
2 Але хто ўваходзіць праз дзьверы — Ён пастырам авец.
3 Такому прыдзьверны адчыняе і Яго голасу слухаюць авечкі. Свае авечкі заве Ён па імю ды выводзіць (выганяе іх, выпускае іх).
4 А калі выпусьціць свае авечкі, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі гоняцца за Ім, бо знаюць Яго голас.
5 Але за чужым яны ня пойдуць, але ўцікаюць ад яго, бо голасу чужых ня знаюць".
6 Такую прыповесьць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі таго, што ім гаварыў.
7 Дык сказаў ім Езус паўторна: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: што Я дзьвярымі для авец".
8 Усе сколькі іх не прыйшло, злодзеі яны і разбойнікі. Ды іх не паслухалі авечкі.
9 Я — дзьвярмі. Калі хто праз Мяне ўвойдзе — будзе збаўлены: ён увойдзе і выйдзе, ды знойдзе пазвішча.
10 Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красьці, забіваць і губіць. Я ж прыйшоў, каб мелі жыцьцё і мелі багацейшае.
11 Я — Добры Пастыр. Добры пастыр жыцьцё аддае за свае авечкі.
12 Але найміт ды той, хто ня пастыр, да каго не належаць авечкі, калі бачыць надбягаючага воўка, кідае авечкі, ды ўцікае, а воўк хватае і разганяе авечкі.
13 Найміт жа ўцікае, бо ён найміт, і ён ня рупіцца пра авечкі.
14 Я — Добры пастыр, знаю свае і яны Мяне знаюць;
15 як знае Мяне Айцец, а я знаю Айца. Ды жыцьцё Сваё адддаю за авечкі Свае.
16 Ды і іншыя маю, якія не з гэтага аўчарніка. І гэтыя мушу прывесьці, і будуць яны слухаць голасу Майго. Так станецца адзін аўчарнік да адзін пастыр.
17 Таму любіць Мяне Айцец, што Я Сваё жыцьцё аддаю, каб зноў яго атрымаць.
18 Ніхто Мне яго не адбірае, але Я з Сваёй волі аддаю яго. Маю права (моц) ахвяраваць яго і маю моц яго аддабыць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго".
19 Дзеля таго ўзьнікла зноў раздваеньне між Юдэямі дзеля гэтых слоў.
20 Затым многа з іх гаварыла: "Чарта мае і шалее". Пашто Яго слухаць?"
21 Іншыя ж казалі: "Гэта не навука апанаванага ліхім. Ці ж ліхі можа сьляпым вяртаць зрэньне?"
22 Выпала ў Ерузаліме ўрачыстасьць Пасьвята Сьвятыні, а была зіма.
23 Хадзіў Езус па сьвятыні ў галярэі (прыбудовы) Салямона.
24 Тады абступілі Яго Жыды і казалі Яму: "Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты Хрыстус, скажы нам яўна".
25 Адказаў ім Езус: "Кажу ж вам, а вы ня верыце. Учынкі Мае, каторыя выконваю ў імя Айца Майго — сьведчаць (даказваюць) аба Мне".
26 Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авец.
27 Авечкі Мае слухаюць голасу Майго і Я знаю іх і яны ідуць за Мной.
28 І даю Я ім жыцьцё вечнае, і не прападуць век, ды ніхто ня вырве з Маёй рукі.
29 Тое, што Мне даў Мой Айцец, большым ёсць чым усё, ды ніхто не можа вырваць з рук Айца Майго.
30 Я і Айцец адно".
31 Дык Юдэі хапілі каменьні, каб Яго ўкаменаваць.
32 Сказаў ім Езус: "Многа добрых учынкаў выявіў вам ад Айца Майго, дык за які з гэтых учынкаў хочаце ўкаменаваць Мяне?"
33 Адказалі Яму Юдэі: "Не каменуем Цябе за добры ўчынак, але за блюзьнерства, за тое, што Ты будучы чалавекам, робіш сябе Богам".
34 Адказаў ім Езус: "Ці ж у Законе вашым не напісана: "Я сказаў: багамі вы ёсьць" (Пс 81:6)?
35 Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, а Пісаньне мыліцца ня можа,
36 аб тым, каго Айцец усьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце, што блюзьніць, бо сказаў, што Я — Сын Божы.
37 Калі не выконваю учынкаў Айца Майго — ня верце Мне.
38 Але калі спаўняю, дык хоць вы Мне верыць не хацелі, верце ўчынкам, каб пазналі ды ўверылі, што Айцец у ва Мне, а Я ў Айцу".
39 Стараліся затым Яго ўзяць, але Езус ухіліўся з іхніх рук.
40 Пайшоў зноў за Ярдан, дзе раней Ян хрысьціў ды там прабываў.
41 Многія прыходзілі да Яго і казалі: Ян, што праўда ніводнага цуду не ўчыніў.
42 Але ўсё, што Ян аб Езусе сказаў было праўдай. І многія ўверылі ў Яго.