Пасланне Іакава 1 глава

Саборнае Пасланне святога апостала Іакава
Пераклад праваслаўнай царквы → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Іакаў, раб Бога і Госпада Іісуса Хрыста, — двана́ццаці кале́нам, якія ў рассе́янні: ра́давацца.
 
Якуб, слуга Бога і Пана Езуса Хрыста, вітае дванаццаць плямёнаў у дыяспары.

За вялікую радасць прыма́йце, браты мае́, калі трапля́еце ў розныя спаку́сы,
 
Браты мае, калі трапляеце ў разнастайныя выпрабаванні, з вялікай радасцю прымайце іх.

ве́даючы, што выпрабава́нне вашай веры ўтвара́е цярплівасць;
 
Бо ведаеце, што выпрабаванне вашай веры нараджае цярплівасць.

цярплівасць жа павінна мець вынік даскана́лы, каб вы былí даскана́лымі і беззага́ннымі, не ма́ючы ні ў чым недахопу.
 
А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі дасканалыя і беззаганныя, ні ў чым не маючы недахопу.

Калі ж каму з вас не хапа́е мудрасці, няхай про́сіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папрокаў, — і будзе да́дзена яму́.
 
Калі некаму з вас нестае мудрасці, няхай просіць у Бога, які шчодра дае ўсім і не дакарае, — і будзе дадзена яму.

Але няхай просіць з вераю, ніколькі чым не сумнява́ючыся, бо хто сумнява́ецца, той падобны да марской хва́лі, якую вецер гоніць і шпурля́е;
 
Але няхай просіць з вераю і не сумняваецца, бо той, хто сумняваецца, падобны да марской хвалі, якую ўздымае і кідае вецер.

няхай жа не спадзяе́цца такі чалавек атрыма́ць нешта ад Госпада.
 
Няхай гэты чалавек не думае, што атрымае нешта ад Пана,

Чалавек з раздво́енай душою — няўсто́йлівы на ўсіх шляха́х сваіх.
 
як чалавек двудушны, нясталы ва ўсіх сваіх шляхах.

Няхай жа ганары́цца брат прынíжаны ўзвы́шанасцю сваёю,
 
Няхай хваліцца прыніжаны брат сваім узвышэннем,

а багаты — прынíжанасцю сваёю, бо ён знікне, як кве́цень на траве;
 
а багаты — сваім прыніжэннем, таму што праміне, як цвет травы.

узышло́ спякотнае сонца і ссушы́ла траву, і кве́цень яе апа́ла, і хараство́ вы́гляду яе знікла; так і багаты на шляха́х сваіх звя́не.
 
Бо ўзышло сонца і спёкай высушыла траву, і цвет яе апаў, і прыгажосць яе знікла — так і багаты завяне на сваіх шляхах.

Блажэ́нны чалавек, які вы́трывае спакусу, бо, прайшоўшы выпрабава́нне, ён атрыма́е вянец жыцця́, які паабяца́ў Гасподзь тым, хто лю́біць Яго.
 
Шчаслівы чалавек, які вытрымлівае выпрабаванне, бо, калі будзе выпрабаваны, атрымае вянец жыцця, які Бог абяцаў тым, хто любіць Яго.

Пры спакушэ́нні няхай ніхто не кажа: «Бог мяне спакуша́е»; таму што Бог не можа быць спаку́шаны злом, і Сам не спакуша́е нікога,
 
Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом і сам Ён не выпрабоўвае нікога.

а кожны спакуша́ецца сваёю пажа́днасцю, якая яго прыва́блівае і зама́ньвае;
 
Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць.

потым пажа́днасць, зача́ўшы, нараджа́е грэх, а ўчы́нены грэх нараджа́е смерць.
 
Зачаўшы, яна нараджае грэх, а калі грэх саспее, ён нараджае смерць.

Не абма́нвайцеся, браты́ мае́ ўзлю́бленыя:
 
Таму не дазваляйце сябе звесці, мае ўмілаваныя браты.

усякае добрае дая́нне і ўсякі даскана́лы дар сыходзіць звыш, ад Айца свяцíлаў, у Якога няма змяне́ння і нават це́ню пераме́нлівасці.
 
Усялякае дараванне добрае і ўсялякі дасканалы дар паходзіць звыш ад Айца святла, у якога няма зменлівасці або ценю змены.

Ён пажада́ў і нарадзíў нас сло́вам ісціны, каб мы сталі нейкім пача́ткам Яго стварэ́нняў.
 
Пастанавіўшы, нарадзіў нас Айцец словам праўды, каб мы былі пэўным пачаткам Ягоных стварэнняў.

Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, няхай кожны чалавек будзе хуткі да слу́хання, няспе́шны да гаварэ́ння, няспе́шны да гневу,
 
Ведайце, мае ўмілаваныя браты: няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў, не будзе ахвочы да гневу.

бо гнеў чалавека не робіць яго праведным перад Богам.
 
Бо чалавечы гнеў не здзяйсняе Божай справядлівасці.

Таму, адкла́ўшы ўсякую нечыстату́ і празме́рную зло́бу, лагодна прымíце пасе́янае слова, якое можа спасцí ду́шы вашы.
 
Таму адкіньце ўсялякую нячыстасць і празмерную злосць і прыміце з пакораю пасеянае ў вас слова, якое можа збавіць вашыя душы.

Будзьце ж выкана́ўцамі слова, а не толькі слухача́мі, якія ашу́кваюць саміх сябе.
 
Будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе.

Бо хто слу́хае слова і не выко́нвае, той падобны да чалавека, што разгляда́е ў люстэ́рку свой твар, які ма́е ад нараджэ́ння:
 
Бо той, хто слухае слова, а не выконвае яго, падобны да чалавека, які разглядае свой натуральны твар у люстэрку:

ён паглядзе́ў на сябе і адышо́ў — і адразу забыў, які ён.
 
прыгледзеўся да сябе, адышоў і адразу забыўся, якім быў.

Але хто спасцíгне закон даскана́лы — закон свабоды — і застане́цца ў ім, той, стаўшы не слухачо́м забы́ўлівым, а выкана́ўцам справы, блажэ́нны будзе ў дзе́йнасці сваёй.
 
Аднак той, хто пранікае ў дасканалы закон свабоды і трывае ў ім не як забыўлівы слухач, але як чынны выканаўца, той будзе шчаслівы ў тым, што робіць.

Калі хто з вас думае, што ён набо́жны, і не стры́млівае свайго языка, а падма́нвае сэ́рца сваё, то набо́жнасць яго ма́рная.
 
Калі хто лічыць сябе пабожным, не ўтаймоўваючы свайго языка, але зводзячы сваё сэрца, то марная ягоная пабожнасць.

Набо́жнасць чы́стая і беззага́нная перад Богам і Айцом — у тым, каб дагляда́ць сірот і ўдоў у го́ры іх і захо́ўваць сябе неапага́неным ад свету.
 
Чыстая і беззаганная пабожнасць перад Богам і Айцом — гэта наведванне сіротаў і ўдоваў у іхняй нядолі і захаванне сябе незаплямленым светам.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.