1 Аднойчы калі Езус праходзіў праз пшанічнае поле, вучні Ягоныя зрывалі каласы, выціскалі зярняты пукамі ды елі.
2 Некаторыя фарызэі наракалі на іх: "Што гэта робіце, што нельга ў шабат?!"
3 А Езус адказаў ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?
4 Як увайшоў у дом Божы і сам браў хлябы пакладныя — і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць ня належыцца іх есьці толькі самым сьвятарам".
5 Далей казаў ім: "Сын Чалавечы ёсьць Госпадам і шабату".
6 У іншы шабат здарылася таксама. Езус увайшоў у сынагогу і навучаў. А быў там чалавек, які меў сухую правую руку.
7 А вучоныя і фарызэі паглядалі на Яго, ці будзе таксама ў шабат аздараўляць, каб найсьці прычыну абвінаваціць Яго.
8 Езус знаў іхнія думкі і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: "Падыміся і стань па сярэдзіне. І ён устаў падняўшыся.
9 Тады спытаўся ў іх Езус: "Пытаюся вас, ці нельга ў шабаты добра рабіць, ці можна блага, жыцьцё ўратаваць (спасьці) ці загубіць?"
10 Ды глянуўшы вакруг на ўсіх, сказаў чалавеку: "Выцягні руку сваю!" І ён выцягнуў і здаровай сталася рука ягоная.
11 Але яны, як шалёныя, радзіліся між сабой, што зрабіць з Езусам.
12 Здарылася ў тыя дні, што Езус пайшоў на гару маліцца ды правёў усю ноч на маленьні Божым.
13 А панастаньні дня, пазваў вучняў сваіх ды выбраў спаміж іх Дванаццаць і назваў іх Апосталамі:
14 Сымона, каторага пераназваў Пятром, Андрэя, брата Ягонага, Якуба і Яна і Баўтарамея,
15 Матэвуша (Мацьвея) і Тамаша, Якуба Алфеявага, і Сымона, каторага завуць Руплівым,
16 Юду Якубавага ды Юду Іскарыёта, каторы быў здраднікам.
17 А калі з імі сыйшоў і затрымаўся нараўніне разам з грамадой сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліму, спад мора, Тыру і Сыдону,
18 ды тых, што прыбылі паслухаць навук і што былі аздароўлены з сваіх немашчаў. Таксама мучаны нячыстымі духамі былі аздароўлены.
19 А ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла моц ды аздараўляла ўсіх.
20 У той час Езус зьвярнуўшы вочы на вучняў сваіх, казаў: "Шчасьлівыя ўбогія, бо вашым Каралеўства Божае.
21 Шчасьлівыя, каторыя цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасьлівыя, што цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца,
22 шчасьлівыя будзеце, калі вас людзі будуць мець у нянавісьці, і калі вас адпіхнуць і праклінаць вас будуць і зьнеслаўляць імя вашае як ліхое дзеля Сына Чалавечага.
23 Весяліцеся ў той дзень і радуйцеся, бо заплата вашая шчодра ў небе.
24 Але гора вам, багацеі, бо маеце пацяшэньне вашае.
25 Гора вам, каторыя цяпер у наддастатку — бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер сьмяіцёся, бо будзеце сумаваць і плакаць.
26 Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць, бо так сама фальшывым прарокам рабілі бацькі іхнія.
27 Кажу вам, каторыя слухаеце: "Любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць.
28 Спагадайце тым, што вас праклінаюць, а маліцеся за тых, што вас ачарняюць.
29 А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другі. А таму, хто заграбае табе накідку (плашч), не забараняй і туніку.
30 Кожнаму, хто цябе просіць — дай, а хто табе забірае нешта тваё, не дамагайся звароту.
31 А як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце.
32 Калі любіце тых, што вас любяць, якая вам заплата? Бо і грэшнікі любяць тых, каторыя іх любяць.
33 А калі б вы рабілі дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж для вас заплата? Бо нават так грэшнікі робяць.
34 А калі пазычаеце тым, ад якіх спадзяіцёся звароту, дык якая ж для вас заплата? Так і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб зноў толькі было вернута.
35 Калі ж любіце непрыяцеляў вашых — добра ім робіце, і пазычаеце, нічога адтуль не спадзяючыся, а заплата ваша будзе вялікай і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і для неўдзячных і благіх.
36 Будзьце ж тады міласэрныя, як і ваш Бацька міласэрны.
37 Не судзіце і ня будзеце суджаны. Не асуджайце і ня будзеце асуджаны. Адпушчайце і вам будзе адпушчана.
38 Давайце і будзе вам дадзена, меркай добрай, поўнай, патрэсянай і набітаю дадуць вам за пазуху вашу. Бо такой самай меркай, каторай вы мераеце, будзе вам адмерана.
39 Затым прывёў ім прыповесьць: "Ці можа сьляпы весьці сьляпога? Ці не абое ўваляцца ў яму?
40 Вучань ня над вучыцеля, але кожны будзе дасканалы, як вучыцель ягоны.
41 Чаму відзеш затруску ў воку брата свайго, а ня відзіш белькі ў сваім воку.
42 Або як можаш казаць брату твайму: Пазволь, браток, выняць затруску з твайго вока, а белькі, што ў тваім воку — ня бачыш? Крывадушніку, выкінь перш бельку з свайго вока, а затым праглянеш, каб выняць затруску з вока брата свайго.
43 Няма вось дрэва добрага, родзячага благія фрукты, ані благога дрэва, родзячага добрыя фрукты.
44 Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім фрукце. Таксама не сабіраюць фігаў з церняў або вінаграду з калючніку.
45 Добры чалавек дабывае з добрага скарбца сэрца свайго — дабро, а благі чалавек з ліхога скарбца сэрца свайго дабывае зло, ліхоцьце. Бо вусны гавораць са шчодрасьці сэрца.
46 Чаму прызываеце Мяне: "Госпадзе, Госпадзе!", а чаму не выконваеце (не спаўняеце) таго, што вам загадваю (кажу).
47 Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае навук Маіх і спаўняе, скажу вам, да каго ён падобны.
48 Падобны ён да чалавека, які будуе дом. Укапаўся глыбока і палажыў падмурак на скале. А калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не яна яго зварухнуць, бо быў ён пастроены на скале.
49 Але той, хто слухае але не выконвае, падобны да чалавека, які будуе свой дом на зямлі без падмурка, у яго націснула рака і зараз паваліўся. А падзеньне дому таго было страшнае (вялікае).