1 І далей Езус хадзіў па гарадах і вёсках, вучачы і апавяшчаючы добрую навіну (Евангелію) аб Божым Каралеўстве. І было з Ім Дванаццаць.
2 Ды некалькі жанчын, каторых вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Мар'я звана Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў.
3 Ёанна, жонка Хузы, ўрадоўца Гэрада, Зузанна поруч многа іншых, каторыя памагалі ім сваімі маёмасьцямі.
4 А калі сабраўся вялікі натоўп ды з гарадоў сьпяшаліся да Яго, гаварыў да іх у прыповесьцях.
5 "Выбраўся сейбіт сеіць насеньне сваё. А калі сеіў, адно ўпала пры дарозе і было стоптана ды нябесныя птушкі зьдзюбалі іх.
6 А другое пала на скалу і ўзыйшоўшы засохла, бо ня мела сырасьці (вільготы).
7 Яшчэ іншае папала між церняў (калюшніку) і церні вырасшы разам з ім — заглушылі іх.
8 Іншае зноў упала на ўрадлівую зямлю і калі выраслі — далі плён у сто раз. Гэта разказваючы, усклікаў: "Хто мае вушы слухаць, хай слухае".
9 Пыталіся затым вучні Ягоныя ў Яго, што значыць гэтая прыповесьць.
10 Ён ім адказаў: "Вам дадзена ведаць тайны Каралеўства Божага, — іншым жа праз прыповесьці, каб гледзячы ня відзілі ды слухаючы не разумелі" (Із 6:9).
11 А гэта такая прыповесьць: "Насеньнем — слова Божае.
12 Пры дарозе — тыя, што слухаюць, затым прыходзіць д'ябал і вырывае слова з сэрца іхняга, каб уверыўшы — не былі збаўлены.
13 А што на скалу — гэтыя, што слухаюць ды з радасьцю прымаюць слова, але яны ня маюць карэньняў і вераць да часу, а ў час спакусы адпадаюць.
14 Каторая ж пала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць, але праз хлопаты і багацтвы ды раскошамі жыцьця задушаны (заглушаны) не прыносяць пладоў.
15 Што ў добрую зямлю — гэта тыя, што добрым і шчырым сэрцам слухаюць слова і берагуць яго, ды прыносяць плады праз стойкасьць, цярплівасьць.
16 Ніхто запаліўшы сьвечку не хавае пад пасуду або пад ложак, але памяшчае на падсьвечніку, каб уваходзячыя бачылі сьвятло.
17 Няма бо нічога тайнага (схаванага), што не было б выяўлена, ані схаванага — каб ня ведалі, каб ня выйшла на яў.
18 Глядзіце тады, як маеце слухаць. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто ня мае, ды яму і тое, што яму здаецца мае, будзе аднята ад яго".
19 Аднойчы прыйшлі да Яго маці, браты Яго і не маглі даступіцца дзеля натоўпу людзей.
20 Паведамілі Яму: "Маці Твая, і браты Твае стаяць перад домам, хочуць Цябе пабачыць".
21 А Езус адказаў ім: "Маці мая і браты мае гэта тыя, што слухаюць слова Божае ды спаўняюць яго".
22 Здарылася, аднаго дня, што Езус з вучнямі сваімі ўвайшоў у лодку і сказаў ім: "Пераправімся на другі бераг возера. Ды адправіліся.
23 У час пераправы — Езус задрамаў. А надыйшоў гураган (вятруга) на возера. Іх хвалі залівалі, апынуліся ў небясьпецы.
24 Дык падыйшлі і разбудзілі Яго кажучы: "Вучыцелю — гінем!" А Езус устаў і загадаў віхру і навальніцы спыніцца, ды яны спыніліся і настала цішыня.
25 Езус сказаў ім: "А дзе ваша вера?" Яны ж напалоханы гаварылі зьдзіўлены адзін аднаму: "Хто Ён, што гурагану і мору загадвае і яны Яго слухаюць?"
26 Затым паплылі ў мясцовасьць Гэргэзэнаў, што напроціў Галілеі.
27 А калі выйшаў на бераг, пераняў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны д'яблам ад даўжэйшага часу. Не надзяваў ён адзеньня і ня жыў у доме, але ў грабах.
28 Ён убачыўшы Езуса ўпаў перад Ім ды крычаў моцным голасам: "Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне ня мучыў".
29 Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з чалавека. Бо ўжо ад даўжэйшага часу валадаў ім. І хоць зьвязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах, рваў ланцугі і гнаўся шатанам у пустыню.
30 Дык запытаўся ў яго Езус: "Якое тваё імя?" А ён сказаў: "Легіён", бо многа д'яблаў у яго ўвайшло.
31 Прасілі яны каб не загадваў ім ісьці ў бездань. А там нагары пасьвілася многа сьвіней.
32 Дык прасіліся Яго, каб пазволіў ім ўвайсьці ў іх. Пазволіў ім.
33 Дык тады выйшлі нячыстыя духі з чалавека і ўвайшлі ў сьвіней. А стада рынулася са стромага берагу ў мора і патанула.
34 Бачачы гэта пастухі, што здарылася — уцяклі і разказалі гэта ў горадзе і ў вёсках.
35 Дык выйшлі паглядзець, што сталася. А затым прыйшлі да Езуса, і ўвідзелі, што чалавек з якога выйшлі дэманы, сядзеў адзеўшыся і пры розуме ля ног Езуса. Дык апанаваў іх страх.
36 А тыя, што бачылі, разказалі ім, як чалавек быў аздорыўлены ад дэманаў.
37 Дык увесь народ мясцовасьці Гэргэзэнаў прасіў Езуса, каб Ён пакінуў іх, бо былі надта напалоханы. Дык Езус ўвайшоў у лодку і вярнуўся.
38 А той чалавек, з каторага выйшлі дэманы, прасіў Езуса, каб мог застацца пры Ім. Але Езус адправіў яго, кажучы:
39 "Вярніся дамоў і расказвай, як вялікія рэчы Бог учыніў табе. І ён пайшоў, разказваючы па ўсім горадзе, як вялікія рэчы Езус учыніў яму.
40 Калі Езус вярнуўся пераняў Яго вялікі натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.
41 Якраз явіўся чалавек на імя Яір, начальнік сынагогі. Ён паў да ног Езуса і прасіў Яго, каб пайшоў у дом ягоны,
42 бо ўмірала яго дачка адзіначка, ня маючая яшчэ і дванаццаць гадоў. Калі Езус ішоў, а грамады націскалі на Яго,
43 здарылася, што адна жанчына, маючая ад дванаццаць гадоў цячэньне крыві і выдаўшая на лекараў усю сваю маёмасьць і нікім ня вылечана,
44 падыйшла ззаду да Езуса і дакранулася краю шаты Яго і ў той час спынілася цячэньне крыві.
45 Спытаўся Езус: "Хто дакрануўся да Мяне?" А калі ўсе пярэчылі, Пётр і тыя, што былі з Ім, казалі: "Вучыцелю, натоўп націскае на Цябе, а Ты пытаешся: "Хто дакрануўся да Мяне?"
46 Езус жа сказаў: "Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што моц выйшла з Мяне".
47 А жанчына відзечы, што яна не ўтаілася, падыйшла дрыжучы і пала да ног Езусу. І перад народам прызналася, чаму дакранулася Яго і як адразу паздаравела.
48 А Езус сказаў ёй: "Дочка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакою".
49 Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыходзіць да начальніка сынагогі, паведамляючы яго: "Дачка твая памярла не фатыгуй Яго.
50 Але Езус пачуўшы гэта, сказаў бацьку дзіцяці: "Ня бойся, вер толькі, а будзе яна аздароўлена".
51 І калі Езус прыбыў у дом, не пазволіў нікому ўвайсьці з Сабой, адно Пятру, Якубу і Яну разам з бацькам і маткаю дзіцяці.
52 Усе плакалі і шкадавалі яе. А Езус сказаў: "Ня плачце, не памярла дзяўчынка, але сьпіць".
53 Дык сьмяяліся з Яго, ведаючы, што памярла.
54 А Ён ўзяўшы яе за руку, сказаў у голас: "Дзяўчынка, устань!"
55 І вярнуўся ў яе дух і яна зараз устала. Загадаў даць ёй есьці.
56 Дык зьдзівіліся ейныя бацькі, каторым загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.