1 Затым Госпад вызначыў іншых семдзесят двух (вучняў) і паслаў іх перад Сабой па дваіх у кожны горад і месца, дзе меўся пайсьці.
2 Ды сказаў ім: "Жніво што праўда вялікае, жнівяроў (работнікаў) мала. Дык прасіце Госпада жніва, каб выслаў працаўнікоў на сваё жніво".
3 Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнёнкаў у ваўкі.
4 Не насіце капшука, ані торбы, ані трапакоў ды нікога ў дарозе не вітайце.
5 У які дом увойдзіце перш скажыце: "Супакой, (мір) гэтаму дому".
6 А калі б прабываў там сын супакою, супачыне на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас.
7 У тым жа доме заставайцеся: ешце і піце, што ёсьць у ім, бо працаўнік варт сваёй зарплаты. Не пераходзьце з дому ў дом.
8 А ў які горад увойдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць.
9 Аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: "Зблізілася да вас Каралеўства Божае".
10 А калі ў які горад увойдзіце і ня прымуць вас выходзячы на вуліцы іх — кажыце:
11 "Хай і пыл, што прыліп да нас з вашага горада, абтрасаем на вас. А ўсё ж такі ведайце, што зблізілася Каралеўства Божае".
12 Кажу вам, што лягчэй будзе Садоме ў той дзень чым тому гораду.
13 Гора табе, Корозайн! Гора табе, Бэтсайда! Бо калі б у Тыры і Сыдоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны ўжо даўно ў зрэбніцах і попеле седзячы — пакутавалі бы.
14 Аднак лягчэй будзе Тыру і Сыдону на судзе чым, вам.
15 І ты, Кафарнаўме, аж пад неба вынесены аж у пекла будеш укінуты.
16 Хто вас слухае, Мяне слухае, а хто вамі пагарджае, Мною пагарджае (брыдзіцца). А хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, Хто Мяне паслаў.
17 Затым з радасьцю вярнулася семдзесят двух, кажучы: "Госпадзе, нават дэманы падчыняюцца нам у імя Тваё".
18 Сказаў ім: "Бачыў Я шатана як маланку падаючага з неба.
19 Вось жа Я даў вам уладу таптацца па зьмеях і скарпіёнах, ды па ўсёй непрыяцельскай сіле, і нішто вам ня будзе шкодзіць.
20 Аднак не весяліцеся з таго. што духі вам падчыняюцца, але з таго, што імёна вашыя запісаны ў небе.
21 У той час узрадаваўся ў Духу Сьвятым і сказаў: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што гэтыя рэчы скрыў перад мудрымі і прадбачваючымі, а аб'явіў маленькім. Так, Ойча, бо так спадабалася Табе.
22 Усё дадзена Мне Айцом Маім. І ніхто ня ведае, кім Сын, толькі Айцец, а кім Ацец, толькі Сын ды каму Сын хацеў бы аб'явіць.
23 А затым зьвярнуўшыся да сваіх вучняў, сказаў: "Багаслаўлены (шчасьлівыя) вочы, каторыя відзяць, што вы відзіце.
24 Кажу бо вам, што многа прарокаў і каралёў хацела бачыць, што вы бачыце — а ня бачылі, і чуць, што вы чулі, і ня чулі".
25 Аднойчы адзін умелы ў Законе ўзяўся праверыць Езуса і сказаў: "Вучыцелю, што маю рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
26 А Езус сказаў яму: "Што напісана ў Законе? Як чытаеш?"
27 "Мілуй Госпада Бога твайго ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой тваёй і ўсім розумам тваім, а бліжняга твайго, як сябе самога". (Паўт. 6:5).
28 Езус сказаў яму: "Добра адказаў. Рабі гэтак, а будзеш жыць".
29 Ён хочучы апраўдацца сказаў Езусу: "А хто маім бліжнім?"
30 Навязваючы да пытаньня Езус сказаў: "Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і папаўся ў шайку разбойнікаў. Яны абрабавалі яго, паранілі ды пакінулі чуць жывога.
31 Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі сьвятар і паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.
32 Таксама і левіта праходзячы каля гэтага месца і відзечы яго прамінуў яго.
33 А Самаранін нейкі праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, пашкадаваў яго.
34 Ды падыйшоўшы абвязаў раны яму, абліўшы алівай і віном, пасадзіў затым на сваю жывёліну і завёз у заездную і даглядаў яго.
35 А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезднай, кажучы: "Апякуйся ім, а калі больш выдасі, я вярнуўшыся, вярну табе.
36 Хто з гэтых трох кажацца табе быць бліжнім таму, хто папаўся між разбойнікаў?"
37 Ён сказаў: "Той, хто аказаў яму міласэрдзе". Езус сказаў яму: "Ідзі і ты рабі падобна!"
38 Аднойчы па дарозе Езус зайшоў у адну вёску і адна жанчына на імя Марта запрасіла ў свой дом.
39 А яна мела сястру, імем Мар'я яна села ля ног Госпада і слухала Яго навукі (слова).
40 Марта ж завіхалася ва ўсякай паслузе, затым станула і сказала; пажалілася: "Госпадзе, ці ня відзіш, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы, каб яна мне памагла".
41 У адказ сказаў ёй Госпад: "Марта, Марта, пра многа што рупішся і хлапочаш,
42 а аднаго аднак трэба. Мар'я найлепшую долю выбрала, якая ня будзе аднята ў яе".